- Твая бульба, мае запалкі.
- Я на заваод не палезу, лезь сам.
- Што? Па шыі захацеў? Даўно не білі?
- Яшчэ светла зусім. Як я палезу? – Саўка тыкнуў пальцам у неба, дзе мігацелі першыя бляклыя зоркі.
- Пачакай-пачакай, пакуль сабаку спусцяць і пражэктар уключаць. Калі збіраешся лезці, то трэба зараз.
Кныш шпурнуў у полымя трэску, якой парадкаваў вогнішча і пайшоў да паркана. Праз вузкую шчыліну хлопец агледзеў заводскі корпус з цёмнымі мёртвымі вокнамі і шырокі пляц, застаўлены скрынямі, такімі самымі, як яны палілі.
- Чаго стаў? Лезь! Няма там нікога, - ўпэўнены голас старэйшага падштурхнуў Саўку.
Ён падскочыў і ўчапіўся рукамі за колкі край дашчанага паркана. Паспрабаваў закінуць нагу, але не здолеў і павіс на руках. Здзеклівы смех Суцкага ўдарыў па худых Кнышавых плячах, і той праз хвілю конна сядзеў на паркане. Пляц быў пусты і ціхі. Хлопец саскочыў на запыленую траву і ўгнуўшыся, крадком пайшоў да састаўленых у сцяну скрынь. Раптам недзе за цагляным корпусам джыгануў ланцугом па дроце і забрахаў вялікі сабака. Хлопец падбег да скрынь, прысеў, стаіўся і стаў прыслухоўвацца. Сабака сціх; толькі пазвоньваў, відаць, задоўгі ланцуг. Пад густым пацямнелым небам манатонна гудзеў горад. З роўнага гуду набліжаліся і аддаляліся галасы тралейбусных і машынных рухавікоў. Хлопец счакаў, потым нячутна і акуратна, быццам яны шкляныя, ўзяў дзве пустыя скрыні і рушыў да паркана, за якім віўся ўгору светла-сівы дымок. Скрыні адна за адной узляцелі і пападалі на зямлю. Праз імгненне каля іх ужо стаяў задаволены Саўка Кныш.
- А ты баяўся, - лежачы ля вогнішча сказаў Міцька Суцкі.
За чырвоным корпусам зайшоўся густым брэхам устрывожаны сабака.
Хлопцы хутка паразломлівалі скрыні і пакідалі дошкі ў вогнішча. Полымя прагна з’ядала сухое дзерава.
- Клёва, - сказаў адзін з хлопцаў.
- Нішцяк, - сказаў другі.
Неба пацяжэла. Паярчэлі буйныя зоркі. Белым нежывым святлом засвяціўся над заводскім пляцам пражэктар, замацаваны на чорным слупе. У жылых карпусах пацяплелі жоўтыя вокны з цукровымі драбочкамі лямпаў. Спушчаны на ноч сабака падбег да паркана і два разы нямоцна гаўкнуў на хлопцаў, на вогнішча, на горад, а потым, не атрымаўшы адказу, вярнуўся да сваёй, пакрытай руберойдам будкі.
Сцямнела.
- Будзем закідаць? – спытаўся малодшы.
- Давай, працуй, - дазволіў старэйшы.
Саўка адсунуў дошкаю вогнішча, пакідаў шурпатыя бульбіны ў гарачы сыпучы прысак і загарнуў іх вуглямі. Полымя ачахла, толькі зрэдку дрыжалі на чорным дзераве блакітныя вострыя язычкі.
- Та-а-ак, крадзеныя скрыні палім! – на гаражы, на фоне чарнільнага неба стаяў у зыркім пражэктарным святле трынаццацігадовы Ванька Тамілін.
- Бульбу пячом, - паправіў Кныш.
Суцкі ударыў яго кулаком у бок.
- Што? Што я такога сказаў? – ускінуўся той і адбегся да паркана.