Глебус Адам - Хлопчыкі стр 7.

Шрифт
Фон

Вечарэла. У пустым двары сядзеў на дашчанай скрыні адзінаццацігадовы Саўка Кныш і еў крамяную моркву. Да яго падышоў старэйшы на год Міцька Суцкі, выцяў нагою па скрыні і сказаў:

- Значыцца, моркву трушчыш?!

- Хочаш? – малодшы працягнуў старэйшаму пакусаную моркву.

- Сам еш абгрызкі. Цэлай няма?

- Адна была. Я ж не ведаў, што і ты захочаш…

- Не ведаў? – Міцькава далонь узнялася над Кнышавай тонкай шыяю, - зараз даведаешся.

Саўка перастаў храбусцець і ўцягнуў галаву ў плечы.

- Баішся, гад?! Як шастаць па чужых гародах, дык смелы, а цяпер ён баіцца, - старэйшы лёгка ўдарыў кулаком па віхрастай патыліцы малодшага.

- Не краў я, з дому прынёс, - запярэчыў пакрыўджаны Кныш.

- Так мы табе і паверылі. Ідзі і мне прынясі, пачысціць і памыць не забудзься, і каб хутка: адна нага – тут, другая – там.

Саўка дажаваў крохкую моркву і паведаміў:

- Морквы больш няма, я апошнюю браў.

- Значыцца, няма… А што ёсць?

- Толькі бульба засталася, больш нічога.

Суцкі глянуў на пунсовыя шыбы, у якіх адбівалася вечаровае сонца і загадаў:

- Прыцягнеш бульбы. Вогнішча будзем класці.

Кныш пабег да дзевяціпавярховіка і знік у пад’ездзе. Міцька шырока ўзмахнуў рукамі, падскочыў і апусціўся дзвюма нагамі на скрыню. Тая з вострым трэскам праламалася. Калі Саўка з бульбаю ў газетным кульку вярнуўся, Суцкі ўжо цалкам даламаў скрыню і чакаў, рукі ў кішэнях, каля раскіданых на зямлі трэсак і дошак.

Вогнішча хлопцы расклалі за гаражамі, каля заводскага паркана.

- Дроў мала, - сказаў большы, калі лёгкія палымяныя языкі пачалі аблізваць сухое дзерава.

- Ага, мала, не хопіць, каб спячы бульбу, - пагадзіўся меншы.

- Палезеш на завод, перакінеш праз паркан некалькі скрынь.

- Чаму я? Я па бульбу хадзіў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке