- Ну, добра. Няхай будзе восем. Iм крыкнуць: "На плячо!" - i я ўбачу, як на мяне ўтаропяцца восем стрэльбаў. Мне, напэўна, захочацца ўвайсцi ў мур, я ўсiм цяжарам навалюся на яго спiнай, а ён не падасца, як у кашмарным сне. Я ўсё гэта выдатна ўяўляю. О, каб ты ведаў, як я гэта выдатна ўяўляю.
- Супакойся! - сказаў я. - Я гэта таксама ўяўляю.
- Напэўна, гэта жудасны боль. Ведаеш, яны цэляцца ў рот i ў вочы, каб болей знявечыць, - са злосцю сказаў ён. - Я ўжо адчуваю раны, ужо цэлую гадзiну мне ўсё балiць: галава, шыя. Гэта яшчэ не той, не сапраўдны боль, гэта горай: гэта боль, якi я адчую заўтра. Але што будзе потым?
Я выдатна разумеў, што ён мае на ўвазе, але не хацеў паказваць выгляду. I боль я таксама адчуваў - ва ўсiм целе, нiбыта пасечаным безлiччу маленькiх ранак. Да гэтага немагчыма было прызвычаiцца, але тут мы з Томам былi падобныя, болю я не надаваў значэння.
- Потым? - груба сказаў я. - Потым стапоршчышся, братка.
Ён пачаў гутарыць сам з сабой, ён не зводзiў вачэй з бельгiйца. Той, здаецца, яго не слухаў. Я ведаў, нашто ён прыйшоў сюды; тое, што мы думаем, яго не цiкавiла, ён прыйшоў паглядзець на нашыя целы - на целы, якiя б'юцца ў агонii яшчэ пры жыццi.
- Гэта як у кашмарным сне, - казаў Том. - Хочаш сабе ўявiць, i ўвесь час такое ўражанне, што вось - зараз уразумееш, а яно потым - раз! - i выслiзгвае, унiкае з-пад самага носа, i зноў - нiчога. Я кажу сабе: потым ужо нiчога не будзе. Але не разумею, што гэта значыць. Часам я падыходжу, здаецца, ужо зусiм блiзка... а яно зноў унiкае, i я пачынаю думаць пра стрэлы, пра кулi, пра боль. Я матэрыялiст, клянуся табе; я яшчэ не вар'яцею. Але нешта тут не так. Я бачу свой труп: гэта зусiм не цяжка, але ж гэта я яго бачу, маiмi вачыма. I ўсё-такi мне трэба нарэшце прымусiць сябе ўявiць... уявiць, што пасля нiчога не будзе, я нiчога не ўбачу i нiчога не буду чуць, а свет застанецца - для iншых. Мы не створаны, каб падумаць такое, Пабла. Можаш мне паверыць: мне ўжо выпадала не спаць цэлую ноч, чакаючы нечага невядомага. Але гэта - гэта нi на што не падобна: яно заўжды падкрадаецца ззаду, Пабла, i мы няздольныя да гэтага падрыхтавацца.
- Заткнiся, - сказаў я яму, - можа, паклiкаць табе духоўнiка?
Ён не адказаў. Я ўжо заўважыў, што яго ўвесь час цягне састроiць з сябе прарока i вымаўляць маё iмя - Пабла! - нейкiм знямелым голасам. Мне гэта не надта падабалася; але, здаецца, усе iрландцы такiя. Я цьмяна адчуваў, што ад яго пахне мачой. Шчыра кажучы, у мяне нiколi не было да Тома вялiкай сiмпатыi, i я не бачыў, чаму толькi праз тое, што мы памiрацьмем разам, я павiнен яе адчуваць больш. Ёсць хлопцы, з якiмi ўсё, мусiць, было б iначай. З Рэйманам Грысам, напрыклад. Але побач з Хуанам i Томам я адчуваў сябе даволi самотна. Зрэшты, па-мойму, гэта было i лепш: з Рэйманам я, можа, яшчэ расчулiўся б. А тут я быў непахiсна цвёрды i хацеў заставацца такiм да канца.
Том па-ранейшаму комчыў словы, нiбы ў забыццi. Ён гаварыў, вядома, каб не даць сабе думаць. Вакол яго ўжо нясцерпна пахла мачой, як вакол нейкай бабы, што хварэе на нетрыманне. Вядома, я падзяляў яго думкi, я i сам мог бы сказаць усё, што казаў ён: памiраць - гэта ненатуральна. I з той хвiлiны, як мне наканавана было памерцi, нiшто ўжо не здавалася мне натуральным, нi гэтая куча друзу, нi лава, нi паскудная Пэдрава пыса. Але мне было непрыемна думаць пра тое, пра што думаў Том. I я выдатна ведаў, што ўсю ноч, кожныя пяць хвiлiн, мы зноў i зноў будзем адначасова думаць пра тое самае i будзем пацець i дрыжаць адначасова. Я зiрнуў на яго, i ўпершыню мяне ўразiла яго аблiчча: на iм адбiлася смерць. Гэта ўзяло мяне за жывое: вось ужо цэлыя суткi я жыў побач з Томам, я слухаў яго, гаварыў з iм i ведаў, што ў нас няма нiчога агульнага. А цяпер - мы былi падобныя, як два браты-блiзняты, i толькi таму, што мусiлi памерцi разам. Не глядзячы на мяне, Том узяў мяне за руку:
- Пабла, я пытаюся ў сябе... я пытаюся, цi праўда, што пасля - знiкаеш навечна.
Я выслабанiў руку i сказаў:
- Зiрнi сабе пад ногi, свiнтух.
Памiж ног у яго была лужына, з калашын па нагавiцах цяклi брудныя кроплi.
- Што гэта? - збянтэжана сказаў ён.
- Ты насцаў у нагавiцы, - сказаў я яму.
- Няпраўда, - гняўлiва сказаў Том, - я не сцаў, я нiчога не адчуваю.
Падышоў бельгiец. Ён запытаўся з iлжывай спагадаю:
- Вам дзе-небудзь балiць?
Том не адказаў. Бельгiец моўчкi зiрнуў на лужыну.
- Я не ведаю, што гэта, - сказаў Том зацкаваным, раз'юшаным голасам, - але мне не страшна. Я клянуся вам, мне не страшна.
Бельгiец не адказаў. Том устаў, адышоў у кут i памачыўся. Потым ён вярнуўся, па дарозе зашпiльваючы прарэх, сеў i больш не прамовiў нi слова. Бельгiец нешта пiсаў у блакноце.