— Мяне ніхто ніколі так не кахаў. Было нешта, але ўсё не тое. А чым скончылася?
— Пасля пачалося тое, чаго так дамагаешся ты — і я яго ўзненавідзела. Не ён мяне кінуў, а я яго. Хоць пасля і мучылася страшэнна, на сцяну лезла ад жаху і адзіноты. Тады ж і падвярнуўся Сяргей — ну, нашто я гэта рабіла! Я ж ведала ўжо, чым такое канчаецца. Валодзя, ну, нашто табе гэта? Каб ты быў жанчынаю, ты ведаў бы, як гэта брыдка, які гэта фізічны і духоўны боль...
— Маўчы ты хоць пра фізічны, лепш увогуле маўчы!..
«Вяргейчык, Вяргейчык! Як бы цябе кахала, каб магла!» Страшна ўспомніць, бо гэта праўда. Хутчэй за ўсё, яна шчыра хоча і пакахаць мяне, і ўсё астатняе — і не можа. Мароз бяжыць па скуры, і страшна невыносна ад уяўлення, якім было б тое, сапраўднае, каханне.
Кожны чалавек мае прыкладна аднолькавы запас кахання. Выліваецца гэты запас найчасцей на абы-каго, на чалавека, якому каханне ці непатрэбна наогул, ці патрэбна на малы час... У яе запас гэты амаль не крануты, але мне яна вылучае маленькую долю — столькі, каб трымаць каля сябе. Цяпер — ад суму, на буду чае — проста так, на ўсялякі выпадак. Каб пагаварыць, паплакацца, паскардзіцца на жыццё, на Сяргеяў і на Сцяпанаў, якія «пагуляюць» з ёй і кінуць.
Яна кажа: «Ты хочаш, каб я цябе ўзненавідзела... пасля гэтага? Да ўсіх пасля гэтага нянавісць!»
«Усіх, — паўтараю я, — усіх тых».
«А ўсіх было двое», — чырванее яна. Можа, гэта і праўда, але мне робіцца раптам так страшна, што адрываецца нешта ўсярэдзіне, і я раблю так, як рабіў у дзяцінстве, калі дарослыя, смеючыся, палохалі мяне: «Памрэш, памрэш — станеш стары і памрэш!» Жах паралізоўваў мяне ўсяго, я ведаў, што гэта праўда, але пачынаў шаптаць: «Не вер! Не вер!» Памагала. Праз нейкі час я ўжо забываўся на смерць. Тое самае раблю і цяпер, шапчу: «Толькі двое!» Хутка робіцца лягчэй — цяпер я веру, што была яна толькі з двума.
Але ніколі я не паверу, што яна ненавідзіць Сяргея. Адзін раз, падчас гэтых нудных вечароў, якія не адрозніш адзін ад другога, я сказаў, калі яна глядзела на Сяргея, дык у яе зусім інакш ззялі вочы. Толькі пачуўшы гэтае імя, яна страпянулася ўся і, бедная, разгублена спытала: «Так? Бачыш, а я і сама не помню».
Калі б ён першы паспрабаваў вярнуцца, прыйшоў да яе і сказаў прыкладна тое, што я кажу ёй ужо два месяцы: «Таня, я цябе кахаю, я не магу без цябе жыць. Давай вернем тую ноч, бо інакш я проста звар'яцею», — яна не вагалася б ні хвіліны.
4.4.87
Упершыню цэлых два дні да яе не заходзіў. На трэці яна прыйшла сама. Адбылася такая прыкладна размова:
— Чаму ты не прыходзіш?
— Таня, я не магу ўжо адносіцца да цябе проста як да чалавека... Калі я не магу дабіцца таго, што й Сяргей, дык...
— Ого! А калі хто пра мяне падумае, як я сама хачу?
— Я не скончыў... Без кахання ты не будзеш мая, я ўжо бачу. Таму і не прыходжу.
— Дурны ты, Вяргейчык. Проста... за гэтыя два дні я пабачыла. Проста я не магу без цябе жыць — усяго толькі. Ну, чаго ты ўбіў сабе ў галаву, што каханне правяраецца такім спосабам? Калі ты зразумееш, што, чым больш ты думаеш і гаворыш пра адно і тое ж, тым больш настройваеш мяне супроць сябе?
— Я не веру, што мяне можна кахаць. Але я ніяк не ўцямлю, чаму мне не можна таго, што можна Сяргею? Я замучыўся страшэнна, Танюха, мне нішто не наўме ўжо... Толькі і думаю, чаго я не нарадзіўся Сяргеем?
— І што было б?
— Тады была б ноч...
— А пасля? Чаго і ты пра мяне не падумаеш?
— Пасля я зрабіў бы ўсё, што ты сама захацела б.