Кузьма Чорный - Выбраныя творы стр 5.

Шрифт
Фон

— Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка і цяжка.

З аднаго толькі яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:

— Я хіба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды. А дзе ж усе, што ты адна дома?

— Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла, і маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне і нічога не піша мне.

Яна пайшла, і ён за ёю. Ідучы за ёю, ён запытаў:

— Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накарміць?

Яна нічога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылі, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, і той вяла перабіраў нагамі, гнучыся ў крук. Волечка і яе нечаканы госць пачалі памагаць салдату. Гуртам увялі яны немца ў хату і паклалі на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даіла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе і ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:

— Мы з-пад Вілейкі. (Волечка маўчала, як самая сталая з усіх жанчын свету.) Слухай, я там за равамі бачыў стагі. Паеду прывязу сена, дык і твайму каню будзе.

— А калі хто ўбачыць?

— Я не баюся, я выгнанец.

— Але ж гэта чужое.

— Але ж мяне не пыталі, калі з хворым бацькам з хаты выганялі.

І зноў вялікая сталасць агарнула Волечку.

— Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.

Тут яна адарвалася ад свае работы і паважна сказала:

— А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.

— Небыт. І я паездзіў з ім.

Так яны быццам згаварыліся ў нейкай ім толькі адным вядомай справе. Разумеючы адзін аднаго да канца, яны, як змоўшчыкі, зірнулі адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даіць карову, а ён ціха выехаў на пустым возе з двара.

Прайшло гадзін паўтары, калі ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паіў ляжачага немца малаком з лыжкі. Волечка ўсхапілася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калі толькі яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлі ў сенцы.

— Прывёз, — сказаў ён. — Я дам і твайму каню.

— Стаў і свайго да майго ў хлеў.

— А ты ідзі спаць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора