— А там як?! Пасля Слуцка праз Селіцкія крыжы, Лядныя, Гулевічы, Піліпавічы і кіламетраў сорак не даходзячы да Сіняўкі…
— Дык табе ж гэта круг будзе, — дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловіча пільных вачэй.
— Дык можна і інакш, — адразу схамянуўся Акаловіч. — Мусіць-такі я пайду з-пад Гулевіч на Цімкавічы, на Пузава…
— Чакай, а яшчэ?
— Шашою да Слуцка, а там з шашы сысці зусім, а прысадамі да Нясвіжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькі прайшоўшы Новае Места і ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкі…
— Чакай, чакай, разгаварыўся! Зброя якая ў цябе ёсць?
— Пісталет без набояў…
— Ну што ж, ідзі хіба…
Акаловіч ажыў, увесь смутак яго скончыўся. Свет і сябе ў ім ён адчуў у гэты момант так: «Дайсці туды, чакаць, хавацца, служыць таму, хто б там ні быў і хто б там навек ні астаўся. Адслужыць штодзень яму колькі яму трэба, а рэшту дня сам з сабою, адзін, ці гной корпаць, ці што там будзе…»
Раптам чалавек заўважыў у Акаловіча на грудзях штосьці падазронае для сябе. Штосьці вытыркала з-за ліштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:
— А з якое ты аперацыі ідзеш?
— Ну з аперацыі.
— Адкуль?
— З Лядскага маёнтка.
— А што там рабіў?
— Як што рабіў?
— Дай сюды, — унь у цябе нешта тырчыць з кашулі.
Акаловіч хапіўся за ліштву, і ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вінтоўку.
— З якое аперацыі?
— Я забіў Паліводскага.
— Гэта ты?
— Я.