Кузьма Чорный - Выбраныя творы стр 42.

Шрифт
Фон

Акаловіч уныў і варухнуў губамі.

— Ну, кажы, хто ты? Дэзертыр з Чырвонай Арміі?! Ну! А мо шпіён нямецкі, ходзіш тут, віжуеш!

— Нашто ж тут немцам шпіёны, калі яны тут… — стараючыся гаварыць развязна і з нуднай усмешкай, адказаў Акаловіч.

— Калі яны тут? Не яны тут, а мы тут! — крыкнуў чалавек, і Акаловіч бачыў, што праз паўсекунды чалавек стрэліць. Акаловіч са страшнай сілай адчуў непераможную прагу дацягнуцца туды, пад Клецак, і гэта ўжо рабілася яго адзінай мэтай у жыцці. Інстынктыўна, не думаючы, ён, само сабой, узяў у момант панібрацкі тон:

— Што ты робіш! Спусці стрэльбу! Дурань!

— А ты чаму не кажаш, хто ты! Кажы! Кажы, бо зараз стрэлю!

— Я іду з аперацыі.

Чалавек спусціў уніз вінтоўку.

— Ну дык прысядзем, закурым. «Божа! Чалавечае слова! Упершыню за ўвесь гэты страшны час!»

— Сядзець мне няма калі.

— Далёка табе ісці трэба?

— Пад Клецак.

— А дзе гэта?

— Ад Нясвіжа пятнаццаць кіламетраў.

— Нясвіж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.

Акаловіч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны і пачаў абмацваць у кашулі вышэй жывата ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. У адным месцы ліштва не была прышыта, а толькі зарублена. Удала дзе-нідзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулі. Акаловіч засунуў пад яе палец і пачаў там ім шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловіч дастаў адтуль скручаную ў валік паперку. Раскруціў, паглядзеў і падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвіжскага райсавета, што Люцыян Акаловіч ёсць селянін з Рымашоўскіх хутароў, Нясвіжскага раёна, Баранавіцкай вобласці. І штамп, і пячатка, і подпісы — усё было на месцы, і нельга было здагадацца, што паперка рабілася не ў Нясвіжы, а дзесьці ў Германіі. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловіча і, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:

— Дык ты туды і ідзеш?

— Туды.

— А дарогу ты ведаеш?

Акаловіч зразумеў недавер’е і пачаў гаварыць:

— Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбіцца, а там я ўжо ведаю.

— А там як?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке