Кузьма Чорный - Выбраныя творы стр 26.

Шрифт
Фон

Яна недагаварыла і як бы засаромелася свае ўспышкі перад незнаёмым чалавекам тут, на дарозе.

Гэта было ўвасабленне наіўнасці, непасрэднасці, парыў маладой натуры, калі ўсё, што ляжыць на душы, просіцца ў свет. У маладосці душа і думкі не абцяжараны развагаю аб мэтазгоднасці. Стоячы цяпер перад маўклівым Нявадам, гэтая маладая дзяўчына не ведала, што яна ўзварушыла ў душы гэтага старога перад ёю незнаёмца.

«Яна хоча ведаць, каго ёй ненавідзець за ўкрадзенае маленства? А каго я павінен ненавідзець за гэта ж самае?» І зноў вобраз малой Волечкі вырысаваўся перад ім. І вобраз гэты раздвоіўся. Побач з Волечкай стаяла тая, цяперашняя, так падобная на сваю маці.

— А чаму ж вы жылі цяпер не з бацькам?

— Я вучылася і на лета еду.

— А як жа вы завецеся?

— Лізавета.

— Што ж гэта так усё сыходзіцца! У мае дачкі таксама дачка Ліза. Год ёй ужо будзе ці не чатырнаццаць.

— Ой! — крыкнула раптам Лізавета і шатнулася, як сядзела, назад. Нявада са здзіўленнем сачыў за ею, а яна паказала пальцам уніз перад сабою, і Нявада глянуў туды. Там быў адзін з тых двух равоў. Увесь ён быў скрыты ў густым таполевым зарасніку. На дне яго расла густая і высокая трава і цвілі кветкі. Яны, блакітныя і жоўтыя, відны былі праз трапяткое лісце зараснікаў, якія шчыльнай сцяной купчасціліся паабапал рова. Лісце шумела і траслося на ветры. Нявада ўгнуў твар над ровам і, прыглядаючыся, пачаў заўважаць на дне яго, у траве і пад нахіленым нізка веццем маладых парасткаў, чалавечыя ногі, абутыя ў боты з вялікімі абцасамі. Абцас аднаго бота быў у жвірыстай зямлі. Гэты абцас і стаптаў тое дрэўца! Нявада шатнуўся ад рова і беспарадна глянуў на дзяўчыну, якая як бы чакала першых захадаў ад Нявады. Але ён стараўся перамагчы ў сабе трывожную прыкрасць і разважыў думкамі сам сябе: «Падарожны нейкі спіць. А чаго ж ён залез у самы роў? У вільгаць? Калі тут трава сухая? Мала што, — душыў у сабе трывогу Нявада. — Усялякая прыгода з чалавекам можа здарыцца».

— А чаго ж вы самі так устрывожыліся?

— Хіба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.

— То я пайду. На станцыю. Ніякай машыны нідзе няма.

Нявада ўбачыў, што яна і сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася і перашнуравала свой чаравік і паправіла на галаве хусцінку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш ніколі не бачыць яе? Ён і сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваім расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькі на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:

— Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей.

— Можа і не будзе. А можа будзе.

— Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе, — раптам устрапянуўся ён. — Бо і так сказаць, чым жа свет і людзі з’іначыліся? У мяне ўкралі маленства мае дачкі.

— А ў мяне на дваццаць год укралі бацьку.

Вялікая трывога раптам ахапіла яго. Ён сам не мог саўладаць са сваім парывам. Зрабіў рух да самага рова і ўставіўся вачыма ў абцас, які (ён у гэтым быў упэўнен) растаптаў яго дрэўца.

— Чалавеча, скажы ты мне, чаго ты лёг тут?

Бот зварухнуўся, і чалавечая постаць з’явілася з-пад трапяткога вецця. Гэта быў чалавек малады і нерашучы, нават вялы рухам сваім. Ён хваляваўся і дзіка пазіраў на Няваду і Лізавету. Ён вылез з рова і сеў на краі яго. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары, і валасы на галаве мелі нахіл да кучаравасці. Або ён выглядаў на многа маладзейшы сваіх год, або і сапраўды быў толькі ў першым сваім юнацтве. Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач або, яшчэ лепш, спалі ў ёй. Яна была простая, як і ва ўсіх людзей на дарозе, але больш мятая і ўбруджаная. Ці было ўсё гэта непрыемна чалавеку? Ніякіх адзнакаў гэтага не было, хоць і льга было заўважыць, што на плячы ў пінжаку брудную лапіну не вельмі даўно так старанна церлі, што аж сукно выцерлі. Пакуль ён так сядзеў над ровам, Лізавета і Нявада глядзелі на яго, а ён маўчаў, пазяхаў і як бы чакаў. Пасля спрытна скруціў з махоркі папяросу, дастаўшы канцамі пальцаў махорку проста з кішэні. Закурыўшы, ён, надзьмуты і злы, паглядзеў на Няваду і абазваўся:

— Ну, чаго мяне пабудзілі? Дарогі пытацца ці што?

Нявада збянтэжыўся, адчуў, што немаведама на што пабудзіў чалавека.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора