— З дому.
— Гм… значыцца…
Слова за словам, маўчанне пасля слова і перад ім, яна расказала яму гісторыю, і хто яго ведае, больш тут было суму ці радасці? Калісьці даўно, калі яе яшчэ на свеце не было, бацька яе паставіў сабе новую хату на панскай зямлі і з панскага лесу. Скончылася там права рэвалюцыі, і ён сюды пайшоў і жыў па гэты бок граніцы, а хатаю заўладаў пан. Калі скончылася і гэтая граніца, пан раптам убачыў, што, каб мець шчасце, даволі мець адзін дом, а тым больш панскія пакоі, і не канешне ўладаць у дадатак яшчэ сотняю хат, пастаўленых калісьці простымі людзьмі.
— Гэта пан сам да гэтага дадумаўся ці гэтак навучылі яго, як цаніць чалавечае шчасце? — панура запытаў Нявада. «Як яна гаворыць, як бы з жорсткай насмешкай».
— Гэтай праўдзе пана навучылі.
Адным словам, бацька яе мае цяпер і тую хату, што ставіў у маладосці, і тую, у якой тут жыў. А яна ж з першага года свайго жыцця два дзесяткі год пражыла без бацькі.
— Значыцца, і ў твайго бацькі ўкралі тваё маленства?
— А чыйго бацьку яшчэ так абакралі?
— Бацьку мае дачкі.
— Значыцца — вас?
Яна ўстала і з сумнай усмешкай глядзела на яго.
— З тае хаты едзеш у гэтую?
— У гэтую.
— Бацьку бачыла ўжо?
— Ужо мы пазнаёміліся.
— То чаго вам на чыгунку? Па шашы ў той бок машын многа. Махнуць рукой, і шафёр падвязе аж да месца.
— Я ўчора, пакуль машыну злавіла, выстаяла на шашы цэлае ранне.
— То чаго ж вы ўсталі? Чаму не спачываеце? Дарога вам яшчэ вялікая.
Яна паслушна зноў села на ранейшае месца, і вочы яе сталі такімі даверлівым.
— Я вырасла без бацькі. А бацька пастарэў без мяне. Нам шкада таго, што мы адзін без аднаго былі. Гэта бацька мне маю душу на гэта настроіў, і добра ён зрабіў. Цяпер я ведаю, што не можна так жыць, абы жыць. Трэба шукаць таго, каго трэба з замілаванасцю ведаць і каго трэба ненавідзець.
— Ненавідзець? Вы такая маладая і гаворыце аб нянавісці?
— Аб чым жа мне гаварыць, калі жыццё майму бацьку скалечылі, і маё маленства…