— Тут стаіць наша хата, у якой мы выраслі. З гэтае хаты ён і ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, і больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнім годам жыць нельга было. Аставалася толькі я з маткай. Мы пакінулі гэтую хату і пераехалі туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я і матка знайшлі працу ў панскім маёнтку. Мы напісалі брату, што ўжо не жывём тут. Пісьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамі. Цяпер ён можа сюды прыехаць і не ведацьме, дзе мы і дзе знайсці нас. Калі ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакіну яму наш адрас.
Яна змоўкла і паглядзела на яго, быццам думала, ці варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.
— А калі вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калі ваша хата такая дрэнная?
— У суседа. Мы з ім добра жылі.
Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назіркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад імі. Унь дзве хаты. Адна ледзьве ліпіць яшчэ, і страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. У яе адразу і пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваім сэрцам, спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Ён бачыў праз аконную дзіру нават тыя цвікі, якія калісьці ўбіваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькі сам сабе баіцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставіў. І гэта з яе яго выгналі. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Паліводскі. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён і сястру яшчэ замуж аддаваў. І адзін жыў у ёй. Ён стаяў і душыўся мінулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы і нават вялікі доктар — час — не загаіў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў і стаяў. «Дык яны тут жылі аж пакуль ужо нельга было! Ці даходзілі сюды яго пісьмы? Тады, калі ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухліна гатова была ўпасці на іх. Можа ён вельмі мала стараўся, каб выратаваць іх адгэтуль! А ці не вінават ён перад худзенькім хлопчыкам Тамашом і перад маткаю сваіх дзяцей, і перад Лізаветаю?!» Голас пратэсту перад самім сабою ўзняў ён у сабе: «Не! Я ішоў у гром і невядомасць!» «Але ж я жыў гэтулькі год у мілай мне працы, і жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А ці хоць раз падумаў я, каб ісці сюды да іх і ратаваць іх?» Раптам у яго пахаладзела ў вушах: «Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны — а ці хоць адно пісьмо прыйшло было да іх ад іх бацькі?» «Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапільную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю». Адразу цяпер ён не мог ісці ў сваю, новую, некалі пастаўленую ім хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад ігрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, і пільнаваў яе. Але яна з нова� хаты не выходзіла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату і лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзіру віхор жоўтага лісця з ігрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цішыні не было! Нешта шастала па сценах і патрэсквала ў столі. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся і стаў з шчаслівай думкай: «Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць і сядзець». Свяціў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзіркі і шчыліны ў сценах лілося ў гэтую гнілую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. «Каб хоць хутчэй дзень». З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор і зноў сеў на лаўку пад ігрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лісцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлі. А да дня яшчэ было вельмі далёка. Ён цясней зашпіліўся ў сваёй суконнай жакетцы і лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нізка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня і больш у старую хату не заходзіў. Як адважыўшыся на вялікі подзвіг, ён закінуў сваю торбу за плечы і пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом і пісала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе і сказаў:
— Добры дзень у хату. — Ён нават і не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калі ён устаўляў яе, быў такі самы хмурны дзень позняй восені.
— Гэта я з вамі ўчора гаварыў на дарозе, калі вы сядзелі на камені.
— Я пазнала вас.
— Ну што, няма брата?
— Няма. Я пакіну яму тут гэтае пісьмо. Чакаць яго — мне няма як.
— Што вы яму пішаце?
— Вам хочацца ведаць?
Нават і без здзіўлення яна глядзела на яго, і вочы яе былі такія добрыя, і здавалася, яна абяцае праз іх шчырасць усяму свету.
— Пачытайце мне, што вы яму напісалі.
Яна нават не здзівілася: што гэта за дзіва такое з гэтым чалавекам.
— Калі вам хочацца, я прачытаю. Але я дапішу раней.
Ён сеў на лаву і чакаў, пакуль яна скончыць пісаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:
— А ці ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставіў гэтую хату?
Не адрываючыся ад пісьма, яна адказала: — Ведаю. Маці мне расказвала ўсё.
— Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?
— А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такі?
— Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.