Праз два дні ён пачаў карміць худога каня паранкаю, не адыходзіў ад яго, рабіў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыдні сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзіўся і ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком і сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумліч, ён, як спрактыкаваны конскі перакупшчык, расхвальваў старога і худога каня, бажыўся і падпускаў часам заядлую лаянку. «Без гэтага каня не прадасі», — думаў ён і запрашаў усіх паглядзець каню ў зубы. «Галоўнае — смела казаць, каб глядзелі ў зубы, дык ніхто і не гляне, і павераць, што конь малады». Стары і высокі цыган, які тут жа побач прадаваў яшчэ мусіць старэйшага каня, сказаў:
— Ты, чалавеча, прасі, каб глядзелі твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усіх ашукаеш.
Навокал зарагаталі, і Кастусь, праклінаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але і адтуль два перакупшчыкі прагналі яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткі час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купіць другога і ўжо гэтага расхваліць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмі затанна, але ён быў рад, што развязаў рукі. «Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня». Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч ісці дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.
— А ці добра спявае? — некалькі разоў пытаўся ён у бабы.
— Галубчык мой, — адказвала кожны раз баба, — гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.
Ён купіў пеўня і падумаў: «Прыйдзецца ж зімаваць. Няхай спявае сабе. А калі Вольцы не спадабаецца — я ёй грошы вярну». Яшчэ не пачынала світаць, калі ён быў дома. Пеўня ён укінуў у пуню і ўсё прыслухоўваўся, ці скора той заспявае. І толькі цяпер ён падумаў аб сваёй віне перад Волькай: «Я ж задарма аддаў каня». Пакуль развіднела, ён, не заходзячы ў хату, выкаціў з пуні два бервеньчукі з той сухой хвоі і стаў часаць. «Пакуль зіма не ўмарозіла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму». І душа яго ачысцілася ад прыкрасці. Раптам у пуні заспяваў певень. І гэта як бы хто сказаў яму радасную навіну. Ён пакінуў часаць бервяно і стаў над ім. Цадзіўся дзень позняй восені. У хатніх вокнах засвяціўся агонь. «Волечка ўстае. А можа пайсці ў хату?» Волька выйшла на ганак і ўбачыла яго над бервяном. І загаласіла:
— А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзілася?
— Ну, каня прадаў, пеўня купіў… спявае, ліха яму, як на скрыпцы грае… А над лесам, учора падвечар, вельмі хмара ссінела. Мусіць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.
Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу — дзень за днём, дзень за днём, — і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што толькі і патрэбна чалавеку. Ні зайздрасць і ні сквапнасць, ні злое нездаваленне, ні прыкрая паняверка, што ўсё мала і трэба больш, ні горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам… Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды. Колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым і таемным графам Паліводскім і набытае, і таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.
Дзень за днём і месяц за месяцам. Зіма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлівым і сонечным днём са страхі. Неба было такое ж сіняе, як і высокае. Але пад ім яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалі вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. І да вясны і да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мігцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты ціхманы Кастусь Лукашэвіч, асталяваўся тут, у Сумлічах. Але сонца ішло ўжо высока, і здавалася, што вось неўзабаве над бліскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамі свяціў месяц, поўны і даўгавечны. У такія ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачыні тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне і накрываецца бараной. Колькі разоў Кастусь гаварыў на досвітку Вольцы, каб яна ішла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! І колькі разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былі жарты сталых людзей, бо вельмі многа тут было дзіцячай наіўнасці. Але і дзіцячага тут было мала. Мала было і сталага. Для іх яшчэ не прыйшоў час знайсці сваю сталасць у іхняй блізасці адзін да аднаго. У той меры, у якой ішоў час, ён рабіўся больш маўклівы, чым гаваркі. Яна ж любіла, калі ён жартаваў, і рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая і нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы і што ў вачах яе вялікая задума. Раз яна сказала:
— А ўжо вельмі доўга вайна цягнецца, а ад бацькі ні разу пісьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.
Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!
Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк — стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, — травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць.
Скруха і смутак тупелі і ўсыхалі. Яны ішлі да свайго поўнага знікнення. Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўным мінулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосці, вельмі мала закідаў думкі далёка наперад. Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго шчасце: прынамсі цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася і яго дужасць. Ён браў у пуні на плечы цэлы мех збожжа і сумысля праносіў перад вокнамі хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любіў, калі яна бывала нудная:
— Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з’явіцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цяліцца скора будзе.
— А хіба я магу пазнаць, калі яна там будзе цяліцца?!
— Дык навучыся пазнаваць, калі хочаш быць добрай гаспадыняй!
А хіба яна хацела ці не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было і з ім. Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць. А каб хто ім сказаў, што другое пасля іх пакаленне (іх дзеці) ужо і маладосці мець не будуць, што іх маладосць з’есць чужы прышэлец? Хіба была б у іх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналі адчуваць блізасць усемагутнай маладосці!
Прыйшла і прайшла вясна. Кастусь узараў усё і пасеяў. Грошы за таго Вольчынага каня ляжалі ў прыскрынку, разам з тым золатам. Прыйшло лета. Удваіх з Волькаю яны жалі дзень пры дні. Ужо аднекуль з лесу ці з саду на ржышча пад свежы сноп заляцеў жоўты лісток. Першая яна заўважыла яго:
— Глядзі, глядзі, восень! — І ўздыхнула. Ён адагнуўся ад жніва і сказаў:
— Калі я сюды прыехаў — восень была пазнейшая.
Каб хто бачыў, як яны паглядзелі адно аднаму ў вочы! «Добра, што прыйшла восень. А яшчэ лепш, што ўсё мае свой час». Пасля жніва ён пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня і набраць крамніны на плацце. Доўга ішлі гэтыя ўгаворы, а нарэшце, ужо-такі ў сапраўдную восень, ён убачыў яе ў новай сукенцы. Гэта праўда, што чалавек упрыгожвае рэчы і свет. Але і яны не так сабе існуюць навакол чалавека. Трэба было паглядзець збоку, як ён акідаў яе вачыма! Цяпер нават ён як бы і пабойваўся яе. Яна, сваім жаночым пачуццём, угадала гэта і старалася быць пры ім у тым старым зношаным адзенні. А пасля стала ўгаворваць яго набраць і сабе новай крамніны — грошы яшчэ былі. Як гэта, ён сам не здолее прыадзецца? Гэта не быў пусты гонар. Гэта ён ужо адчуў у сабе мужчыну. Якія яны аднак жа сталі за гэты нядоўгі яшчэ час! Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зімой выфранціўся сам, купіў ён блучковую хустку і чаравікі і пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. І зноў было нядобра. Яна адчувала, што яна першая павінна нешта такое сказаць ці зрабіць, каб усё зноў стала на сваё месца. Але як і што? Гэта была пакута. Надыходзіла новая пара ў іхнім жыцці. Яны не спяшаліся ёй насустрач. Яно само ўсё ішлося, а яны мелі радасць ад свае кожнадзённасці. Зноў вясна, зноў ён араў і сеяў. Пасля вясны будзе лета… Так і новыя падзеі прыйшлі. Канчалася вайна, а з-пад Сумліч згінулі паны. Кастусь вазіў з панскага лесу дрэва не таму, што надумаўся на месцы старой Нявадаўскай хаты або дзе інакш будаваць новую, а таму, што ўсе вазілі дрэва. Ён складаў яго на вуліцы, і к лету перад вокнамі Нявадаўскай хаты навалена было бярвення да самых гэтых вокан. Так ён пакінуў быць выгнанцам і бяздомнікам і стаў тубыльцам тут. Ужо яму здавалася, што ніколі і не было такога часу, што ён жыў дзе-небудзь інакш. Поле добра радзіла. Нават ужо і клянок, пасаджаны ім дзеля забаўкі на Нявадавым двары ў першы год прыезду сюды, рос і ўкараняўся. Прыйшло юнацтва і сталасць натуры. Волечка была ўжо мажная і павальнейшая ў рухах. І калі ён называў яе не «Волька», а «Волечка», яна чырванела і бянтэжылася. Тым жа летам гэтая саромлівасць паміж імі дайшла да найвышэйшага свайго пункта. Ці не сам лёс прывёў яго сюды, каб ён дзеля яе і клён каля бацькаўскай хаты пасадзіў, і поле ратаваў ад дзікай травы, і падтрымаў яе ў тым яе адзінокім сіроцтве, і сам пачаў тут станавіцца на ногі? Нашто ж было ім дзе-небудзь інакш шукаць тае невядомасці замест ужо знойдзенага шчасця? Канчалася лета. І хоць далёка яшчэ было да верасня месяца, але зорная ноч была падобна на тую, калі ён тады прыехаў сюды. Абое яны стаялі моўчкі каля свае хаты і як бы слухалі цішыню. Калі яго рука злавіла яе плячо, яна хістанулася да яго, як бы цвёрда ведаючы, што вызначанага не пераступіш і што ёй не можна быць далёка ад яго. І абодвум ім жыццё стала вялікім шчасцем.