Андрэй Федарэнка - Шчарбаты талер стр 9.

Шрифт
Фон

Як здорава было б ехаць цяпер цягніком... У цягніку нібы хата. Там можна выйсці ў тамбур, можна спаць, можна схадзіць у прыбіральню — і ўсё адно ехаць. Можна залезці на верхнюю паліцу, высунуцца ў расчыненае акно, каб студзіла твар, каб задыхацца ад свежага пахучага ветру. Там столік, на якім можна раскласці вараныя яйкі, смажаную куру, памідоры — есці і адначасова ехаць.

А ў аўтобусе душна. Нават люк уверсе адчыняць нельга — у аўтобусе малыя дзеці. Адзіная радасць — можна сядзець, а можна, прыціснуўшы кнопку ў падлакотніку, апусціць спінку крэсла і ляжаць.

Не, усё ж і ў аўтобусе някепска. Ты сядзіш або ляжыш высока і ўсё бачыш. І яшчэ здаецца, што аўтобус едзе хутчэй, чым цягнік. І яшчэ тут ціха. Усе дрэмлюць, і бацька таксама, забыўшы зняць акуляры, смешна дзюбае носам... А што, калі ўявіць, што яны з бацькам сапраўды едуць назаўсёды? І ніколі не ўбачаць больш любімага горада, іхняга дворыка, кватэры, гастранома на рагу іхняй вуліцы, школы, аднакласнікаў... Аксана аж уздрыгнула ад такіх думак. Добра, што гэта толькі ўяўленні, а на самай справе паслязаўтра яны вернуцца, яна адразу патэлефануе Каці ці проста пойдзе да яе...

Успомніўшы Кацю, Аксана згадала і пра яе падарунак — манету. Хуценька сунула руку ў адну кішэню, у другую — пуста! З гэтых нязручных неглыбокіх кішэняў у шортах заўсёды ўсё губляецца!.. Але ж яна нідзе не сядзела... У вестыбюлі ў школе, чакаючы бацьку, стаяла. Да вакзала ішлі пешкі. Толькі тут, у аўтобусе...

Дзяўчынка нагнулася і агледзела падлогу пад нагамі, пасля прыціснулася шчакою да цёплай сценкі і зазірнула ў шчыліну паміж сядзеннем і сценкаю аўтобуса. Няма... Ад адчаю яна зноў гатовая была заплакаць. Што яна скажа Каці? Згубіла яе падарунак, не паспеўшы ад'ехаць ад Мінска... Ну, чаму было не трымаць манету ў кулаку ці не пакласці ў сумку?!

Між тым рукі дзяўчынкі ляпалі вакол па сядзенні... вось жа яна! Манета спакойна ляжала сабе на крэсле, Аксана сядзела на ёй.

— Што ты круцішся,— сонна азваўся бацька.

— Тата,— штурхнула яго пад бок Аксана.— Тата, ну не спі!.. Паглядзі лепш, што гэта? Срэбра?

Бацька, беражлівым рухам чалавека, звыклага мець справу са старадаўнімі рэчамі, узяў манету двума пальцамі. Санлівасць адразу знікла з яго твару. Ён зняў акуляры і, трымаючы іх на некаторай адлегласці ад вачэй, нібы лупу, уважліва, з двух бакоў агледзеў манету.

— Гэта Каця дала табе?

Здавалася, што магло быць прасцей, чым адказ — «Так, Каця». Але ж гэта нецікава... Дужа будзённа.

— Я знайшла яе на пустцы, за школаю. Калі ўвесну саджалі дрэвы, капалі ямкі...

— Сур'ёзна? Аксана, ты абяцала ніколі не хлусіць.

Дзяўчынка пакруцілася ў крэсле.

— Ну, добра, Каця дала,— пакорліва прызналася яна.

— Вось так лепш. Можа, ты сама паступова пераканаешся, што гаварыць праўду і лягчэй, і прасцей, і больш выгодна, урэшце. Што да манеты... Я, вядома, не нумізмат, але сёе­тое магу табе расказаць.

— Гэта срэбра? — Аксане найперш карцела даведацца пра самае, як ёй здавалася, важнае.

— Не, наўрад ці. Хутчэй за ўсё гэта падробка. Справа ў тым, што сапраўдных такіх манет на тэрыторыі Беларусі вядома ўсяго восем, затое падробак — незлічонае мноства. Магу дакладна сказаць, што гэта — талер, па­іспанску патагон...

— Патагон? Такое непрыгожае слова?

— Непрыгожых слоў не бывае. Іспанцам, можа, некаторыя нашы беларускія словы таксама здаюцца непрыгожымі... Непрыгожыя толькі непрыстойныя словы. Дык вось, гэта талер іспанскага чакану —бачыш «НІSР» каля рубца? А вось гэты ўзор на пярэднім баку азначае дзве паліцы — булавы па­беларуску — Геракла, і ў Беларусі ў ХVІ стагоддзі такія талеры называлі крыжовымі — бачыш, яны ўтвараюць крыж?..

Аксана была расчараваная. Манета аказалася ўсяго толькі падробкаю. А ўсё іншае, звязанае з гісторыяй гэтага талера, дзяўчынку цікавіла значна менш.

— Глядзі, Чэрвень,— перабіўшы бацьку, паказала яна ў акно.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке