— Як на выхадныя? Толькі што Аксана прыйшла на ўрок і развіталася, сказала, што вы назаўсёды з'язджаеце з Мінску, яна кідае школу...
Завуч, які ўсё чуў, глядзеў на збянтэжанага, пачырванелага бацьку і дакорліва ківаў галавою. «Не хацелі слухаць мяне — дык вось атрымлівайце»,— гаварыў увесь яго выгляд.
Раздзел 4. ТАЛЕР
Да самага аўтавакзала бацька не прамовіў ні слова. Маўчала вінавата і Аксана. Звычайна ёй сыходзіла з рук дужа многае, але цяпер яна разумела, што неўпрыкмет, загуляўшыся, пераступіла нейкую мяжу, якая аддзяляе гульню ад дарослага жыцця з яго правіламі. Яна парушыла гэтыя правілы, ступіўшы са сваёй тэрыторыі, са свайго дзіцячага, зразумелага, вясёлага, поўнага выдумак і фантазій свету ў свет дарослых, дзе ўсё так рэалістычна, суха, нецікава...
Калі ж, пачакаўшы трохі на гаманкім, людным у гэтыя перадвыхадныя дні пероне, яны з бацькам уселіся ў мяккія, зручныя, у самым перадзе крэслы «Ікаруса», Аксана міжволі забыла пра сваю віну і прыліпла тварам да акна. Наперадзе была дарога.
Бацька азірнуўся, каб не пачулі суседзі, і ціха прамовіў:
— Вось як з табою гаварыць? Як табе хоць чамунебудзь верыць? Я абараняў цябе ў завуча, заступаўся, але цяпер шкадую аб гэтым. І цяпер я веру яму. Веру, што ты самая горшая, самая разбэшчаная, самая хлуслівая з усяго класа. І цяпер я ўсур'ёз падумаю, ці патрэбна ты, такая, бабулі?
— А дзе ж я дзенуся? — крыху напалоханая такім тонам, павярнулася да бацькі Аксана.
— Мне давядзецца не ехаць ні ў якую экспедыцыю. Будзем сядзець разам у горадзе цэлае лета.
Дзяўчынка памаўчала, тады спытала ціха:
— Тата, скажы, ты хацеў бы, каб я была не такая, як ёсць?
— Вядома. Я хацеў бы, каб мая дачка была ціхая, акуратная, ветлівая, не хлусіла, не рабіла мне на кожным кроку сюрпрызаў...
— А вось я ніколі не хацела сабе іншага бацькі...— і голас у яе раптам задрыжэў, а на вачах паказаліся слёзы.
Бацька закашляўся. Прайшла мо хвіліна.
— Аксана,— яго рука легла дзяўчынцы на плячо, але Аксана выкруцілася.— Ээ, ды ў цябе слёзы... Ну, вытрыся, людзі пазіраюць...
— Хай пазіраюць!
— Вазьмі вось насоўку... Ну, хочаш, мір? Я вінаваты... Я ж разумею цябе, усе твае выдумкі, але іншыя гэтага не разумеюць... І ты павінна лічыцца з іншымі... Ну, мір?
Аксана, не адказваючы, прыкінула: лепш яшчэ крыху пашкадаваць сябе і паплакаць, пабыць насупленай і пакрыўджанай ці лепш круціцца, глядзець у акно, на пасажыраў і задаваць бацьку розныя пытанні? Другое было цікавейшае. Яна выцерла татавай насоўкаю вочы і шчокі, усміхнулася, працягнула бацьку адзін палец. Так яны звычайна мірыліся.
— Але абяцай, што ніколі не будзеш больш хлусіць, пісаць настаўнікам запіскі, адключаць тэлефон...
— Ніколі! — з самым чыстым сумленнем адказала Аксана і адразу ж павярнулася да акна, бо аўтобус у гэты момант загурчэў і крануўся з месца.
Такім чынам, і гэтая непрыемнасць мінулася. Усё ззаду. Усё забыта. Цяпер можна жыць толькі тым, што навокал, што бачыш, чуеш...
Беглі назад і недзе далёка там заставаліся мінскія дамы і вуліцы, трамваі, тралейбусы, людзі на прыпынках... І вось аўтобус вырваўся за гарадское кальцо, нібыта ў іншы свет; ударыў у вочы ўсяго адзін колер — зялёны. Прыдарожныя дрэвы, палі, палянкі, пералескі — цэлае мора яркай травеньскай зеляніны!