Андрэй Федарэнка - Шчарбаты талер стр 13.

Шрифт
Фон

— Тады папытайся ў вашага гісторыка, Барыса Рыгоравіча. Вось хто раскажа табе і цікавей, і больш падрабязна, чым я. Помню, некалі ў маладосці, яшчэ студэнтамі, яны з сябрам да таго захапіліся гэтай легендаю, што днямі не вылазілі з архіву...

— Ты сказаў легендаю?

— Ну, так. Гісторыя з манетамі старадаўняя і даволі таямнічая. Пакуль яна дайшла да нашых дзён, дык праўды ў ёй засталося хіба з палову. А другая палова — розныя здагадкі, дадумкі, малаверагодныя выпадковасці... Дык вось, Барыс Рыгоравіч з сябрам усё вышуквалі ў архіве, у бібліятэках і краязнаўчых музеях розныя дакументы, перамалёўвалі з кніг па нумізматыцы розныя манеты, пісалі запытанні ў архівы і музеі іншых гарадоў, у тым ліку нават у Парыж!..

— І што яны хацелі знайсці?

— Ні многа ні мала — скарб з часоў напалеонаўскага нашэсця. Але самае цікавае, шукалі ў гэтых мясцінах, куды мы зараз едзем, у Паплавах.

— У нашых Паплавах?! Дзе жыве бабуля?

— Уяві сабе. Гісторыя з талерамі заканчваецца менавіта тут. Хоць чаму здзіўляцца? — французская армія, адступаючы з Масквы, аказалася заціснутай рускімі акурат у гэтым трохкутніку, дзе і нашыя Паплавы — паміж Талачыном, Халопенічамі і Барысавам. І перапраўляліся французы праз Бярэзіну, вядома ж, не ўсе ў адным месцы, а дзе можна і дзе зручней было... Але давай я лепш раскажу па парадку, Аксана, каб самому не заблытацца. Ты не перабівай, калі ласка...

Зацікаўленая, узбуджаная Аксана, аднак, не змагла не перабіць:

— Хіба і цяпер яшчэ ёсць скарбы?

— Былі, ёсць і будуць,— абыякава, бы пра штось будзённае сказаў бацька.— Мы не знайшлі і адной сотай ад тых багаццяў, што схаваны ў зямлі, у вадзе, у балотах адной толькі нашай Беларусі. Ты ведаеш, у нас амаль кожны год знаходзяць да дзесятка буйных скарбаў і незлічонае мноства асобных манет.

— Праўда?! — аж не паверыла Аксана.— А я думала, скарбы гэтыя даўно павыкопвалі, і яны засталіся толькі ў кнігах і фільмах.

— Справа ў тым, што зямлі чужога не трэба. Яна выштурхоўвае, выпірае з сябе ўсё, што ёй шкодзіць: каменні, метал — адпаведна, і скарбы... Іншае, скарбы гэтыя не кожнаму даюцца ў рукі. Мне вось ні разу не патрапіўся, хоць я і археолаг, столькі ў зямлі перакапаўся!.. Нават ведаючы месца, дзе прыблізна схаваны скарб, можна гадамі яго шукаць — і ўсё марна; а можна чыста выпадкова, капаючы свой агарод, натрапіць на які гладыш з золатам. Часцей за ўсё так і бывае. Паводле статыстыкі, скарбы знаходзяць або людзі выпадковыя, або дзеці.

Бацька зірнуў на дачку і ўсміхнуўся.

— Не верыш? — спытаў ён.— Вазьмі таго ж Барыса Рыгоравіча. Яны з сябрам распрацавалі нейкі план, склалі нейкія карты, Барыс Рыгоравіч многа разоў прыязджаў сюды, у Паплавы, штосьці вымяраў, капаўся ў зямлі... Нічога!

— А чаму Барыс Рыгоравіч прыязджаў адзін, без сябра? Можа, проста скарб не даваўся яму ў рукі, а сябру — даўся б?

— Не, сябра не мог. Ён інвалід з дзяцінства, ходзіць на мыліцах... Дарэчы, цяпер ён працуе ў тым жа архіве, дзе некалі студэнтам праседжваў днямі.

Аксана раптам адчула радасць, што Барыс Рыгоравіч з ягоным сябрам так і не знайшлі скарб.

Яна паглядзела ў акно. Аўтобус пераязджаў мост праз рачулку. З аднаго боку рачулка ўся хавалася ў лазовых зарасніках, перасякала пад мостам шашу і бегла, звіваючыся, зялёным роўным полем, за якім відаць быў лес.

Зусім іншымі вачыма дзяўчынка пазірала на ўсё гэта цяпер, пасля расказу бацькі. Цяпер гэтая рачулка, і поле, і лес, і ўвогуле ўся зямля, па якой яны ехалі, уявілася ёй нібыта сейфам. Сейфам, які час ад часу адчыняе свае дзверцы выпадковым людзям і дзецям... Дзецям — значыць, і ёй, Аксане!

І дзяўчынцы ўбачылася цёмная ноч... Шчарбаты месяц хаваецца ў аблокі... Крык савы... Прыглушаныя галасы, гучны трэск галінкі пад нагою... Стук рыдлёўкі аб штосьці... Горшчык, аплецены паржавелым медным дротам, заліты зверху воскам... Бляск залатых манет у слабым месячным святле...

Цэлае лета было наперадзе, а ў далоні быў заціснуты талер, які абяцаў разгадку старадаўняе тайны. У дзяўчынкі соладка, радасна і чамусьці крыху неспакойна білася сэрца.

Наперадзе было цэлае жыццё, якое абяцала такія цікавасці і прыгоды!..

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора