Раптам ён успомніў, як тыдзень назад бачыў Джынсавага разам з Міхліным, як яны шушукаліся каля ганка.
– А ты ўчора першы раз яго бачыў, ні разу да гэтага? — спытаў ён.
– Не, ужо разоў колькі. Чэпіцца і чэпіцца да мяне, — шчыра адказаў Міхлін.
– I што ён яшчэ пытаў?
– Ну, што — давай ды давай, кажа, факты...
– Ён і без фактаў добра ўмее, — пасміхнуўся дырэктар. — Гэта Прэсавіч, журналіст. Будзь з ім вельмі і вельмі асцярожны.
– Ясна, — кіўнуў Міхлін. — I яшчэ... Вось вам, Яўген Сцяпанавіч, сшытачак... Можа, спатрэбіцца. Я разумею, што цяжка ўсё ўгледзець... Тут, значыць, Элен расказвала, як ёй калолі язык, і паўтарыла тое ж самае матнае слова, за якое калолі... Тут Кладка расказваў, як ён курыў, як яго біў сантэхнік, вылаяўся пры гэтым... Тут вось — у каго бачыў лісце на самакруткі, тут, па пунктах, ад каго смярдзела тытунём...
Дырэктар здзівіўся:
– Ну, і нашто? Добра, Лена сказала брыдка, але ж гэта гледзячы як яна гэтае слова ўжыла — смакуючы альбо як прыкры ўспамін.
– Усё так, але пажадана менш мянціць языком. Той жа Прэсавіч ад такіх фактаў не адмовіцца...
I зноў насцярожыла нешта дырэктара: ён пільна зірнуў на Міхліна — як хутка запомніў прозвішча!
– Добра, Міхась, дзякую, — чамусьці адварочваючыся, узяў ён сшытак. — Ты ідзі зараз і скажы гэтым грамацеям, якіх ты пералічыў, — хай прыдуць сюды.
– Усе? Гэта ж амаль цэлы клас!
– Не, гэтых дваіх пазаві, актывістаў... Кладку з Аленаю.
Міхась выйшаў. Хвілін праз колькі перад дырэктарам стаялі «актывісты». Кладка быў у сінім каспюме, перашытым з бацькавага, Элен — у шэрай школьнай сукеначцы. Яна стаяла бледная і спалоханая.
– Мы не парушалі правілаў, Яўген Сцяпанаеіч, — змрочна сказаў Кладка. — Элен не курыць...
– А ты?
Кладка прамаўчаў. Дырэктар падаў яму сшытак.
— Чытайце. I ведайце, хто вамі кіруе. Гімназія Новага Тыпу! Тып, можа, і новы, а ўсё іншае... але не хочацца тлумачыць вам тое, што вы, відаць, лепш за мяне зразумелі.
Не паспелі выйсці вучні, як у дзверы прасунулася жанчына ў вясковай кофце, у чырвонай хустцы на галаве.
— Вы зрабілі мудра, Яўген Сцяпанавіч. Гэта сапраўды правакатар, памагаты вашага Прэсавіча.
– Дзякую за падказку... Гэта я і без вас ведаў, але скажыце мне ўрэшце, хто — вы?! Бажуся, я не скажу нікому!