Так часта бывае: здаецца, ужо край і няма паратунку, але нечакана прыходзіць выйсце, і... жыццё працягваецца.
empty 2.
Прайшлі амаль суткі, але былыя мае наведвальнікі не прыходзілі. Час ішоў, і зноў наступіў вечар. Сутонела.
Я збольшага павячэраў штучным бутэрбродам, падобным на мыла, а потым дацягнуўся да пульта і ўключыў уманціраваны ў сцяну тэлевізар — яго старадаўнюю мадэль. З экрана зазыўна заўсміхаліся напаўаголеныя юрлівыя прыгажуні, трансвестыты і педэрасты, напамажаныя ка-ментатары бралі інтэрв’ю ў заўсёды задаволеных жыццём людзей, часам прапаноўваліся карцінкі нейкіх тэхналагічных распрацовак, падлічваліся сумы прыбыткаў.
Потым экран надоўга захапіў футуролаг — штучна малажавы чалавек сярэдняга веку, з паголе-ным чэрапам і густой чорнай барадой.
“Пераадолець смерць, — вяшчаў ён, — гэта адыёзная, нечуваная задача, якую раней чалавек не мог перад сабой паставіць, але гэта задача бачыцца вырашальнай сёння. Ёсць праблемная тэо-рыя і не спыняецца практыка, ёй заняты тысячы навукоўцаў. Цяпер замест марных дыскусій мы прапануем дакладную тэхналогію бессмяротнасці свядомасці. Гэта тэхналогія адразу зменіць усё наша жыццё. Знікнуць нацыянальнасць і яе атрыбут — мова... ”
Адначасова з гэтымі слоўнымі ванітамі, якія вяла ўспрымаў мой слых, вочы міжволі машынальна выхоплівалі змест амаль незаўважнага бягучага радка ў ніжняй частцы дысплея.
“Чарговы храм — напаўразбураны старажытны помнік хрысціянства — узарваны невядомымі экстрэмістамі ўноч з 21 чэрвеня гэтага года...” “Матч на першынство свету па баях без правіл па версіі АСП паміж чэмпіёнам Еўрабіі Алі Ду-ганам і першай пальчаткай Чайнаросі Лі Джунсянавым закончыўся перамогай Лі Джунсянава. Алі Дуган памёр праз тры гадзіны пасля заканчэння паядынку”.
“Каля 31-га паселішча раней арыштаваныя на месцы злачынства шукальнікі вады, якія прабурылі ноччу свідравіну і спрабавалі назбіраць вадкасці ў невялікую цыстэрну, прызналіся і далі паказанні”.
“Адзіная пакуль што бессмяротная істота на Зямлі — мядуза, якая здольная амалоджваць сябе бясконца” ”…Галоўнае для нас — перанос фокуса “Я” свядомасці на камп’ютарнае асяроддзе, — прадракаў далей футуролаг. — Як жа такое вырашаецца? А вось як: сама ўласцівасць памяці заключаецца ў тым, што яна пастаянна абнаўляецца, і прыкладна дзевяноста адсоткаў вобразаў перыядычна актыўна выкарыстоўваюцца праз асацыятыўныя сувязі паміж імі, зноўку нібы перазапісваючыся. Калі дапаўняльныя блокі памяці стануць таксама ўдзельнічаць у гэтым працэсе, то за кароткі тэрмін блокі будуць утрымліваць каля дзевяноста адсоткаў вобразаў з памяці свядомасці. А калі чалавек будзе жыць з гэтымі блокамі памяці пяць ці дзесяць гадоў, то яны будуць утрымліваць практычна сто адсоткаў вобразаў, якіх назапасілі за мінулы перыяд жыцця. Пытанне пераносу фокуса “Я” свядомасці вырашаецца такім чынам “само сабой”, бо смерць цела і мозгу не наносяць страты свядомасці, памяць якой і фокус “Я” па-ранейшаму паўнавартасна функцыяніруюць у дапаўняльных блоках памяці. Але вось душа? Як быць з ёй? — пытаюцца многія. Адразу скажу вам адказна: яна не матэрыяльная рэч, а значыць, яе няма… Замест яе мы маем фокус “Я” нашай свядомасці”.
“Кніга — самая шкодная рэч для грамадства. Яна слепіць вочы, атрафіруе слых, псуе мову, служыць распаўсюджваннем зжыўшых сябе ідэй і варожых намераў, абгрунтоўваючы пошук так званай Ісціны. Але што ёсць Ісціна? Ісціна — гэта мана. Здавайце кнігі службам бяспекі, знішчайце іх”.
“Віленій Магабва, жыхар 52-га квартала Мегаполіса разрэзаў з дапамогай электрычнай пілы свайго былога сужыцеля, а цела па частках вывез на звалку. Злачынца арыштаваны…” ”…Да гэтага часу, — прадракаў, між тым далей футуролаг, — галоўнай якасцю нацыянальнай прыналежнасці з’яўлялася мова. Менавіта яна дзяліла чалавецтва на народы. Але навошта нам цяпер асобная мова? Мы прапануем вам трансмог агульнай іншаземнай мовы. Падключаючы такі трансмог да сваёй сядомасці, вы імгненна пачнеце гаварыць на іншаземнай мове, як на роднай. Хто як хоча, той так і будзе гаварыць. Гэта адрыне ўсе нацыянальныя адрозненні паміж людзьмі. Моўныя трансмогі — бомба, якая ўзарве наш свет. У самы кароткі час адбудзецца нечуваная інтэграцыя чалавецтва ў адзіную супольнасць. Любы чалавек, выкарыстоўваючы трансмог любой мовы народаў свету, здолее стаць на нейкі час “свядомасцю іншай нацыянальнасці”, прыняўшы гэтую новую мову ў якасці другой роднай. Знікне ўсялякая ксенафобія. Далоў ксенафобскую прапаганду!” “Чарговы касмічны апарат класа “вояджэр”, які быў запушчаны некалькі гадоў таму з паверхні Месяца, як толькі вылецеў за межы Сонечнай сістэмы, перастаў выходзіць на сувязь з Зямлёй, паўтарыўшы тым самым лёс сваіх папярэднікаў”.
“Толькі што адбыўся замах на былога сакратара ідэалагічнага аддзела Партыі Бессмяротнасці Ёхана Цынка, які вяртаўся дамоў у квартал 240. Яго машына была абстраляна з аўтаматычнай зброі злачынцам, які знаходзіўся ў прыпаркаваным непадалёку пазадарожніку. Атакаваны чальцамі службы бяспекі нападаўшы быў забіты. Забіты два ахоўнікі. Ёхан Цынк не пацярпеў”.
“Так, — працягваў з экрана барадаты гаварун, — тысячы фанатыкаў-нацыяналістаў захочуць пасля смерці сваёй біямасы заставацца ў межах сваёй краіны і сваёй мовы, працягваючы слу-жыць нацыяналісцкай ідэі. Але, як мы ведаем, іх мала. Яшчэ менш тых, хто ўвогуле адвяргае бессмяротнасць, жадаючы жыць, як і раней, гаворачы пра нейкую ілжэнавуковую Сімуляцыю. Дык не, мы верым у новую тэхналогію. Бессмяротнасць патрэбна грамадству, каб тут і заўсёды жылі ўсе: вашы бацька, маці, бабуля, дзед, вашы дзеці. І менавіта новыя тэхналогіі дадуць нам усё гэта”.
“Выстава архідэй — таямнічых і загадкавых кветак, якія распаўсюдзіліся паўсюль, акрамя Ан-тарктыды, учора адкрылася ў Мегаполісе. Нягледзячы на катаклізмы, што прымусілі планету да разбуральных змен, — гэтыя кветкі незвычайна размножыліся, а іх здольнасць змяняць не столькі сябе, колькі свет, які іх акаляе, выклікае містычную вусціш”.
“Адказнасць за чарговы выбух на адным з заводаў Еўрабіі па вытворчасці вадкага паліва на ва-дародзе ўзяла на сябе экстрэмісцкая арганізацыя імя Міколы Тэслы”.
Пасля ўсялякіх слоўных ванітаў і працяглай рэкламы, мусіў транслявацца чарговы серыял, што і адбылося. Дарэчы, падобныя серыялы, бясконца паказваліся па ўсіх каналах і карысталіся, як ні дзіўна, вялікай папулярнасцю. Іх проста абажалі. Старыжытныя сур’ёзныя стужкі (за выняткам некаторых, таемна запампаваных у Сеціва) былі спаленыя, а новых фільмаў такога кшталту ствараць не было магчымасці з-за пераследу і адпаведнага пакарання. І калі па адзіночцы маг-чыма нехта і пісаў, як кажуць, у стол, то пачаць здымаць нешта — гэта значыць, адразу патрапіць на арышт, потым на ідэалагічную камісію і, як вынікам , у лагер. Збіраючыся з якой нагоды разам, асабліва па святах, “працаробы” спявалі песні з тых серыялаў. Героямі песняў былі ўплывовы крымінальнік, шлюха, валацуга, альбо дробны злодзей.
Адзіны старажытны шматсерыйны фільм, які часта дэманстраваўся па тэлеглядзе, быў “Горац”, у якім апявалася тэма бессмяротнасці. Праўда, стужка была абцяжараная бясконцымі ідэалагічнымі і прапагандысцкімі ўстаўкамі.
Я пагасіў экран, але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль я здолеў заснуць.
Усё гэта прафанацыя і звыклая нахабная хлусня, меркаваў я. Без старасці і смерці жыццё губляе сэнс, і наўрад ці якія спробы, нават з самымі прасунутымі тэхналогіямі, здолеюць прадоўжыць жыццё асобнага індывіда да неакрэслена вялікага тэрміну. Шэраг тэхналагічных і экалагічных катастроф, які завяршыўся так званымі
Вялікімі Падзеямі, адрынуў чалавецтва назад, пад кан-чатковую ўладу “людзей-ценяў”, і калі я бачу на вуліцах псеўдалюдзей, якія рухаюцца каля па-мыйных скрыняў і ўжо на карачках, то пра якую будучыню можа ісці гаворка? Хіба не сведчыць сам за сябе старажытны прыклад з антыбіётыкамі, якія выратавалі мільёны хворых, а прыгаварылі да смерці мільярды, бо зрабілі нашу імунную сістэму няздольнай супрацьстаяць інфекцыям. Пакуль гэтая імунная сістэма адпачывала на падушцы з антыбіётыкаў, мікробы, бактэрыі і вірусы апантана ўдасканальваліся, ствараючы новыя штамы, якім было ўжо пляваць на тыя антыбіётыкі, якія мы вырасцілі ў лабараторыях. Яны іх спажывалі і “качалі” з іх энергію. Звычайна скураны грыбок пранікае зараз і ў лёгкія, і ў косці, і ў мозг, і нават ад яго мы не можам абараніцца. Між тым, у сродках масавай інфармацыі разглагольствуюць пра так званага “чалавека магутнага”, у якога ўсе нейроны галаўнога мозгу будуць паспяхова, спачатку часткова, а потым поўнасцю замяняцца мікрачыпамі, а тулава будзе стальным, і што гэты кібарг якраз прыме ў сябе фокус “Я” нашай свядомасці і стане бессмяротным. Яшчэ далей, сцвярджалі дзяржаўныя балбатуны, мы ўсе, верагодна, пяройдзем з часткова біялагічных форм у інтэлектуальныя, у своеасаблівыя хвалевыя субстанцыі.
Бессмяротнасць — гэта спосаб заплюшчыць вочы і не глядзець у бездань, — меркаваў я. — Па распрацоўцы бацькі я ведаю, што перанос свядомасці, на яго погляд, увогуле немагчымы з прычыны квантавай прыроды мозгу. Да таго ж, свядомасць не можа пераносіцца двойчы, калі мы існуем у Сімуляцыі, а шматлікія доказы ўвесь час сведчаць менавіта пра апошняе.