- Гэтак у іх звычайна і бывае, - сказаў шкіпер з цынічнай усмешкай.
Швед з нянавісцю зірнуў на яго. Ён не ведаў, чаму гэты грубы таўстун выклікаў у яго агіду. Але неўзабаве думкі вярнулі яго ў мінулае.
Яны вярнулі яго на дваццаць пяць гадоў назад, калі ён упершыню прыехаў на востраў з Апія, які надакучыў яму сваім п'янствам, азартнымі гульнямі і грубай распустай. Ён быў цяжка хворы і хацеў звыкнуцца з думкай аб крушэнні кар'еры, з якой звязана было шмат надзей. Ён адкінуў думку аб ненатоленай прагнасці да пашаны і прымусіў сябе змірыцца з некалькімі месяцамі асцярожнага жыцця, на якія ён мог разлічваць, калі будзе сябе берагчы.
Ён пасяліўся ў метыса-гандляра, які меў краму на беразе, за дзве мілі адсюль, на ўскраіне тутэйшай вёскі. Аднойчы, гуляючы па сцежках сярод какосавых пальмаў, ён натрапіў на хаціну, у якой жыла Салі. Прыгажосць гэтага кутка прывяла яго ў вялікае захапленне. І тут ён убачыў Салі.
Прыгажэйшага стварэння ён яшчэ ніколі не сустракаў, а смутак яе цудоўных чорных вачэй выклікаў у ім дзіўныя думкі. Канакі - прыгожы народ, але прыгажосць іх хутчэй нагадвае прыгажосць жывёліны. Яна пустая. Аднак у трагічных вачах Салі хавалася нейкая таямніца; у іх адбівалася разгубленасць і горыч зраненай душы. Гандляр распавядаў яму гісторыю Салі, і яна вельмі яго ўзрушыла.
- Як вы думаеце, Руды калі-небудзь вернецца? - спытаўся Нэйлсан.
- Дзе там! З камандай разлічацца не раней чым праз гады два, а за гэты час ён забудзе і думаць пра Салі. Упэўнены, што, калі ён прачнуўся і зразумеў, што яго наўмысна падпаілі, каб звезці, учыніў скандал і бойку. Але ўрэшце скарыўся, а праз які месяц ён, відаць, быў вельмі рады, што ўсё так атрымалася.
Нэйлсан не мог выкінуць з галавы гэтую гісторыю. Мабыць, менавіта таму, што сам ён быў хворы, кволы і несімпатычны, ён з вялікай павагай ставіўся да людзей прыгожых. Ніколі ў жыцці ён моцна не кахаў, і тым больш ніхто моцна не кахаў яго. Немаведама чаму каханне гэтых двух юных стварэнняў хвалявала і радавала яго. У гэтым каханні ўвасаблялася прыгажосць Вечнасці.
Ён зноў пайшоў да маленькай хаціны ля рэчкі. У яго былі здольнасці да замежных моў і жывы розум, які звык заўсёды працаваць. Ён прысвяціў ужо нямала часу вывучэнню тутэйшай мовы. І цяпер ужо па звычцы ён збіраў матэрыял для навуковай працы па мове самоанцаў.
Старая, што жыла разам з Салі, запрасіла яго ў госці. Яна пачаставала яго кавай і цыгарэтамі. Яна была вельмі радая, што ёсць з кім пагутарыць, а ён, пакуль яна нешта апавядала, назіраў за Салі. Яна нагадвала яму Псіхею з Неапалітанскага музея. У яе быў такі ж правільны і чысты твар, юная, як у дзяўчынкі, постаць.
Толькі пасля другой ці трэцяй сустрэчы Нэйлсан пачуў яе голас. Але і тады яна парушыла маўчанне, каб запытацца, ці не сустракаў ён у Апіі чалавека па мянушцы Руды. Два гады прайшло, як той знік, але было відавочна, што яна ўвесь час думае пра яго.
Неўзабаве Нэйлсан зразумеў, што закахаўся. Вельмі цяжка яму было прымусіць сябе не хадзіць да рэчкі кожны дзень, але, нават калі ён і не бачыў Салі, усе яго думкі былі аб ёй.
Спачатку ён толькі хацеў бачыць яе, хаця б зрэдку чуць яе голас, і каханне гэтае было для яго крыніцай вялікага шчасця. Ён радаваўся чысціні свайго пачуцця. Яму ад Салі нічога не трэба было, яму хапала толькі марыць пра гэтую чароўнай прыгажосці дзяўчыну.
Свежае паветра, спрыяльны клімат, адпачынак, простая ежа цудоўна паспрыялі яго здароўю. Начамі ў яго больш не павышалася тэмпература, ён ужо менш кашляў і крыху папаўнеў; паўгода ў яго не было крывіхаркання, і тады ён раптам зразумеў, што, мабыць, ачуняе. Ён пільна вывучыў сваю хваробу, і ў яго з'явілася надзея, што ён можа ад яе пазбавіцца.
Магчымасць зноў думаць пра будучае натхніла яго. Ён пачаў строіць планы. Зразумела, што ні аб якой актыўнай дзейнасці і гаворкі быць не магло, ён будзе жыць на востраве, яго невялікага даходу, на які цяжка было б пражыць дзе-небудзь у Эўропе, тут хопіць. Ён будзе вырошчваць какосавыя пальмы, чым не занятак; перавязе сюды свае кнігі і раяль. Але вельмі хутка ён зразумеў, што ўсімі гэтымі планамі імкнецца схаваць сваё моцнае каханне, што цалкам ім авалодала.
Яму была патрэбна Салі. Ён кахаў не толькі яе прыгажосць, але і душу, якая ўгадвалася па яе пакутніцкім позірку. Ён затуманіць яе сваёю палкасцю. Прымусіць яе забыцца. І ў марах сваіх ён уяўляў, што дасць ёй тое шчасце, якое лічыў для сябе згубленым і якое цяпер зноў знайшоў.
Ён прапанаваў ёй жыць з ім. Яна адмовілася. Гэта не было яму нечаканасцю. Але ён быў упэўнены, што рана ці позна яна ўступіць. Яго каханне пераможа.
Ён падзяліўся са старой сваімі планамі і здзівіўся, што і яна і суседзі даўно ўжо настойліва ўгаворвалі Салі прыняць яго прапанову. Гэта ж кожная тутэйшая кабета імкнецца стаць гаспадыняй у доме белага чалавека, а Нэйлсан, на тутэйшыя меркі, быў яшчэ і багаты.
Гандляр, у якога Нэйлсан жыў, пайшоў да Салі і ўгаворваў яе не быць дурніцай; больш такой магчымасці не будзе, і цяпер, калі прайшло столькі часу, няма чаго і думаць, што Руды вернецца.
Тое, што дзяўчына адмовіла яму, ператварыла чыстае раней Нэйлсанава каханне ў неадчэпную ідэю. Ён цвёрда вырашыў пераадолець усе перашкоды. Не даваў Салі спакою. Урэшце яна паддалася яго настойлівасці, то ласкавым, то сярдзітым угаворам і скарылася.
Але калі назаўтра ён, радасны і шчаслівы, прыйшоў да яе, высветлілася, што ўначы яна спаліла хаціну, у якой некалі жыла з Рудым. Старая выбегла яму насустрач, лаяла Салі, але ён адмахнуўся ад яе. Яны пабудуюць бунгала на тым месцы, дзе стаяла хаціна. У эўрапейскім доме жыць лепш, калі ён збіраецца перавезці сюды свае кнігі і раяль.
Так з'явіўся драўляны дом, у якім ён і пражыў шмат гадоў, і Салі стала яго жонкаю. Аднак за першыя тыдні, калі Нэйлсан задавольваўся тым, што яна яму давала, шчасця ён не адчуў. Яна скарылася, стомленая ўгаворамі, але дала яму толькі тое, што цаніла невысока. Душа яе, якую ён імкнуўся зразумець, яму так і не належала. Ён адчуваў, што яна абыякавая да яго. Яна ўсё яшчэ кахала Рудога і чакала, што той вернецца. Нэйлсан ведаў, што, нягледзячы на каханне, яго пяшчоту, падтрымку і шчодрасць, яна б кінула яго, як толькі Руды паклікаў бы. Нават і не падумала б, як бы Нэйлсан пакутаваў.