- Хочаш, дапамагу табе бульбу скрэбці, га?
Яна не адказала. Ганс нагнуўся, падняў нож, узяў з міскі бульбіну і пачаў скрэбці. Твар у дзяўчыны заставаўся жорсткі, вочы глядзелі варожа. Яна стаяла каля сцяны і моўчкі сачыла за ім. У Ганса на твары з'явілася лагодная ўсмешка.
- Ну чаго ты так злосна на мяне глядзіш? Няўжо не разумееш, што я тады быў вельмі раз'юшаны. Усе мы тады былі такія. У той час яшчэ хадзілі чуткі пра непераможнасць французскай арміі, пра лінію Мажына... - Ён усміхнуўся. - Ну і віно, ведама, стукнула ў галаву. Табе яшчэ пашанцавала. Жанчыны казалі мне, што я не такі ўжо непрыгожы.
Дзяўчына зірнула на яго з агідай.
- Вымятайся адгэтуль.
- Я пайду, калі мне захочацца.
- Калі ты не знікнеш, бацька пойдзе ў Суасон і паскардзіцца на цябе генералу.
- Толькі гэтага яшчэ генералу не хапала. У нас ёсць загад наладжваць добрыя адносіны з насельніцтвам. Як цябе завуць?
- Не твая справа.
Шчокі ў яе палалі, вочы гнеўна гарэлі. Яна здалася яму цяпер прыгажэйшай, чым ён яе запомніў. Не гэтак ужо ўсё было кепска. Яна не якая-небудзь сялянская дзяўчына. Маці ж казала, што дачка настаўніца. І менавіта таму, што гэта была не звычайная сялянка, а настаўніца, вучоная, Гансу было асабліва прыемна памучыць яе. Ён адчуў сябе моцным, непераможным. Ён скалмаціў свае прыгожыя бялявыя валасы і ўсміхнуўся. За лета ён так добра загарэў, што яго блакітныя вочы здаваліся ўжо надзвычай блакітнымі.
- Маці з бацькам дзе?
- У полі працуюць.
- Слухай, я прагаладаўся дужа. Дай мне кавалак хлеба з сырам і шклянку віна. Я заплачу.
Яна жорстка зарагатала.
- Мы ўжо тры месяцы не ведаем, што такое сыр. Дый хлеба не хапае. Летась свае французы забралі ў нас коней, а цяпер вось бошы пакралі ўсё, што засталося: кароў, свіней, курэй - усё.
- Ну і што з таго, мы ж не дарма ўзялі, мы заплацілі.
- А ты думаеш, мы будзем есці гэтыя паперкі, што вы нам далі ўзамен?
Раптам яна заплакала.
- Ты што, галодная?
- Ды не, - адказала яна горка. - Мы ж харчуемся па-каралеўску: бульба, хлеб, салата і бручка. Заўтра бацька паедзе ў Суасон - мо разжывецца на каніну.
- Паслухай, праўда, я неблагі хлопец. Я прывязу вам сыру, а можа, і трохі шынкі.
- Не трэба мне тваіх падачак. Хутчэй памру з голаду, чым дакрануся да ежы, што вы, свінні, у нас укралі.