У Бэйтмэна нават далоні спацелі.
- Шкада, што цёмна, - сказала Ева, - а то б мы вас сфатаграфавалі.
Бэйтмэн у душы падзякаваў богу. Сапраўды, выгляд у яго быў больш чым смешны: сіні гарнітур, беласнежны каўнерык кашулі; усё строгае, акуратнае, вартае джэнтльмена, і раптам на галаве гэты нязграбны вянок. Ніколі яшчэ ў жыцці яму не даводзілася трапляць у такую складаную сітуацыю. Больш за ўсё яго абураў выгляд гэтага старога, што сядзеў за сталом у парэа з тварам святога і жывымі кветкамі на прыгожых белых валасах. Проста кашчунства.
Але ўрэшце абед скончыўся. Ева з маці засталіся прыбіраць посуд, а мужчыны пайшлі на веранду. Было вельмі цёпла, паветра напоена водарам белых начных кветак. Месяц зіхацеў у бязвоблачным небе, і месяцавая сцежка працягнулася па шырокай роўнядзі акіяна ў бязмежныя прасторы Вечнасці. Арнодьд Джэксан парушыў маўчанне. Сваім гучным, меладычным голасам ён пачаў расказваць пра туземцаў, пра старажытныя легенды Таіці. Гэта былі дзівосныя апавяданні пра даўно мінулы час, пра небяспечныя вандраванні ў невядомыя краіны, пра каханне і смерць, пра нянавісць і помсту. Апавяданні пра шукальнікаў прыгод, што адкрылі гэтыя схаваныя ў акіяне астравы, пра мараплаўцаў, якія тут пасяліліся і бралі за жонак дачок славутых правадыроў таіцянскіх плямёнаў, пра жыццё бадзяг і авантурыстаў, што шукалі шчасця на гэтым узбярэжжы.
Бэйтмэн пасля здарэння за абедам спярша слухаў Джэксана няўважліва, але неўзабаве нейкія чары, якія быццам таіліся ў гэтых апавяданнях, авалодалі ім, і ён сядзеў нібыта заварожаны. Рамантычны міраж засланіў ад яго цвярозае святло звычайных будняў. Ці не забыўся ён, што Арнольд Джэксан красамоўны, як змей, што сваёю красамоўнасцю ён вымантачваў мільёны ў даверлівых людзей, што менавіта гэтая красамоўнасць дапамагла яму пазбегнуць пакарання за сваё злачынства? Не было на свеце чалавека больш красамоўнага, і ніхто на свеце не мог так своечасова спыніцца. Нечакана Джэксан падняўся.
- Ну, хлопцы, вы даўно не бачыліся. Я пакідаю вас, вам ёсць пра што пагаварыць. Калі надумаецеся класціся спаць, Тэдзі вам пакажа, дзе ваш ложак.
- Я не збіраюся заставацца ў вас на ноч, містэр Джэксан, - запярэчыў Бэйтмэн.
- Нічога. Не хвалюйцеся. Вас своечасова пабудзяць.
І, моцна паціснуўшы руку госцю, Арнольд Джэксан развітаўся і павольна, з пачуццём уласнай годнасці, накіраваўся ў пакой.
- Зразумела, калі ты хочаш, я завязу цябе ў Папээтэ, - сказаў Эдвард, - але лепей заставайся. Праехаць уздоўж берага на досвітку - вялікая асалода.
Нейкі час абодва маўчалі. Бэйтмэн не ведаў, з чаго пачаць размову, якая пасля ўсіх сённяшніх падзей набыла яшчэ большую значнасць.
- Калі ты вяртаешся ў Чыкага? - нечакана спытаўся ён.
Хвіліну якую Эдвард маўчаў. Потым неахвотна праз плячо зірнуў на свайго сябра і ўсміхнуўся:
- Не ведаю, можа, ніколі.
- Як гэта? Што ты гаворыш? - ускрыкнуў Бэйтмэн.
- Мне тут добра. А ад дабра дабра не шукаюць, праўда?
- А божухна, не можаш жа ты праседзець тут усё жыццё. Дый хіба гэта жыццё? Гэта што пахаваць сябе жывым. Паедзем, Эдвард, паедзем зараз жа, пакуль яшчэ не позна. Я адчуваў, што з табой нешта здарылася. Ты закахаўся ў гэты востраў, паддаўся пад благі ўплыў, але варта табе толькі вырвацца - і ты будзеш удзячны лёсу. Ты будзеш адчуваць сябе, як наркаман, які ўрэшце вызваліўся ад сваёй хваробы. І тады ты зразумееш, што гады два дыхаў атручаным паветрам. Ты нават уявіць сабе не можаш, як табе будзе лёгка - зноў удыхнуць свежае і чыстае паветра радзімы.
Бэйтмэн гаварыў паспешна, блытана, і ў голасе гучалі шчырае хваляванне і пяшчота. Гэта кранула Эдварда.
- Дзякуй, сябра.
- Едзем заўтра, Эдвард. Наогул не варта было прыязджаць сюды, гэта памылка. Тутэйшае жыццё не для цябе.
- Вось ты кажаш: такое жыццё, не такое. А як, ты думаеш, трэба жыць?
- Тут не можа быць дзвюх думак. Трэба выконваць свой абавязак, добра працаваць, рабіць усё, што павінен рабіць у грамадстве.