Кросбі маўчаў. На яго вялікім чырвоным твары адбілася надзвычайная разгубленасць. Ён нічога не разумеў, і гэта містэра Джойса супакойвала, але ў той жа час раздражняла. Кросбі тупаваты, а дурняў містэр Джойс не любіў. Але пасля здарэння ён быў у такім адчаі, а місіс Кросбі папрасіла дапамагчы ёй не дзеля яе самой, а дзеля мужа, усё гэта змякчала адвакатава сэрца, кранула ў яго душы чуллівую струну.
- Вы, безумоўна, разумееце, што вельмі непажадана, каб цыдулка апынулася ў руках абвінавачання. Ваша жонка схлусіла, ёй давядзецца тлумачыць, навошта яна гэта зрабіла. Калі Хэманд прыйшоў у ваш дом як госць па запрашэнні, справа паварочваецца іначай. Гэта можа паўплываць на прысяжных.
Містэр Джойс спыніўся. Зараз яму прыйдзецца выканаць сваё рашэнне. Калі б становішча не было такім цяжкім, ён бы, відаць, усміхнуўся, што вось зараз вымушаны зрабіць такі сур'ёзны крок, а чалавек, дзеля якога ўсё гэта робіцца, нават не разумее ўсёй складанасці становішча. Калі б Кросбі крышку падумаў, ён хутчэй за ўсё вырашыў бы, што містэр Джойс робіць толькі тое, што павінен рабіць кожны адвакат.
- Дарагі Роберт, вы не толькі мой кліент, але і мой сябра. Я ўпэўнены, што нам неабходна завалодаць гэтай цыдулкай. Але яна каштуе нямала. Іначай я б зусім нічога вам не расказаў пра яе.
- Колькі?
- Дзесяць тысяч даляраў.
- Сапраўды нямала. Каўчук цяпер не ў цане, - гэта амаль усё, што ў мяне ёсць.
- Вы можаце цяпер даць мне гэтыя грошы?
- Думаю, што магу. Чарлі Мэдаўз пазычыць мне пад алавяныя акцыі і пад маю частку з дзвюх плантацый.
- Будзем лічыць, што вырашана?
- А без гэтага не абысціся?
- Калі вы хочаце, каб вашу жонку апраўдалі.
Кросбі густа пачырванеў. Вусны яго прыкметна задрыжэлі.
- Але... - Ён не знаходзіў слоў. - Але я нічога не разумею. Яна ж можа ўсё растлумачыць. Вы што, хочаце сказаць, што яе могуць прызнаць вінаватай? Не павесяць жа яе за тое, што яна забіла гэтую жывёліну?
- Магчыма, яе і не павесяць, але могуць абвінаваціць у ненаўмысным забойстве. Тады ўсё абыдзецца двума ці трыма гадамі.
Кросбі ўскочыў, твар яго перакрывіўся ад жаху.
- Тры гады!
І раптам яго непаваротлівы мозг працяла нейкая неакрэсленая думка. Яна мільганула маланкай і знікла ў непрагляднай цемры, але пакінула ў памяці след ад нечага, што ён ледзьве паспеў разглядзець. Містэр Джойс заўважыў, як Робертавы вялікія чырвоныя рукі, натруджаныя і загрубелыя, задрыжэлі.
- Які яна збіралася зрабіць мне падарунак?
- Казала, што хацела купіць вам новую стрэльбу.
Вялікі чырвоны твар яго зрабіўся барвовы.
- Калі патрэбны грошы?