Чалавек доўга глядзеў на Джоўда. Сонечнае святло глыбока пранікала ў яго карыя вочы і запаліла ў зрэнках залатыя іскрынкі. Калі ён падняў галаву, жгут мускулаў у яго на шыі яшчэ больш наструніўся.
Джоўд моўчкі стаяў у дзіравым цяні. Ён зняў кепку, выцер ёю спацелы твар і разам са скручаным пінжаком кінуў на зямлю.
Не высоўваючыся з ценю, чалавек выцягнуў ногі і зарыў пальцы ў пыл.
Джоўд сказаў:
— Фу! На дарозе пячэ, як у пекле.
Чалавек пільна паглядзеў на яго.
— Ці не Том гэта Джоўд, сынок старога Тома?
— Ага, — сказаў Джоўд. — Ён самы. Дамоў іду.
— Мяне ты, пэўна ж, не памятаеш, — сказаў чалавек, і пухлыя губы яго скрывіліся ва ўсмешцы, адкрыўшы вялікія конскія зубы. — Ды дзе табе помніць. Ты толькі тое і рабіў, што дзяўчатак за косы цягаў, замест таго каб мае казані слухаць. А ў адной дзяўчынкі ўсё наравіў коску з каранямі выдзерці, а слова святое міма вушэй прапускаў. Ты, напэўна, забыўся, а я памятаю. Давялося мне і цябе, і дзяўчо тое далучыць да ласкі боскай. Абаіх у арашальнай канаве ахрысціў. А ўжо ж адбіваліся як, вішчалі, што тыя кацяняты.
Джоўд паглядзеў на яго зверху і раптам засмяяўся:
— Дык ты ж прапаведнік! Вось ты хто — наш прапаведнік! Мо толькі якую гадзіну назад я пра цябе аднаму хлопцу расказваў.
— Былы прапаведнік, — спахмурнеў чалавек. — Прападобны Джым Кейсі — з секты «Неапальная купіна». Горла драў у славу гасподню. І грэшнікаў-пакаянцаў ледзь што — у канаву; наб'еш яе імі да краёў, так і глядзі, патопяцца. Але цяпер я ўжо не той. — Ён уздыхнуў. — Цяпер я проста Джым Кейсі. Няма ў мяне тае адданасці богу. Усё ў галаву грэшныя думкі лезуць… грэшныя, але, на мой погляд, цвярозыя.
Джоўд сказаў:
— Калі ўжо што ў галаву палезе, тады і задумаешся. Я не забыў цябе. Ты ў нас неблагія маленні наладжваў. Памятаю, неяк раз ты стойку зрабіў і так, на руках ходзячы, такую пропаведзь закаціў! І завываў як апантаны. Маці маёй ты быў больш за іншых па душы. А бабка, дык тая казала, што дух з цябе божы так і б'е ў нос. — Джоўд запусціў руку ў скрутак, намацаў бутэльку і выняў з кішэні пінжака. Чарапаха варухнула лапай, але Джоўд закруціў пінжак тужэй. Потым адкруціў каўпачок з рыльца і падаў бутэльку Джыму Кейсі. — Глынеш?
Кейсі ўзяў бутэльку і тужліва паглядзеў на яе.
— Больш я ўжо не прапаведую, толькі зрэдку. Цяпер у народзе няма ўжо таго духу боскага, што быў раней. А горш за ўсё, што і ўва мне яго ані кропелькі не засталося. Бывае, праўда, калі-нікалі ўвойдзе ў цябе дух, ну і склічаш людзей на маленне. А яшчэ, здараецца, перад ядой богу малітву скажаш, калі да стала хто запросіць. Але душу я цяпер ужо ў гэта не ўкладаю. Проста просяць людзі, і я не адмаўляюся.
Джоўд зноў выцер твар кепкай.
— Няўжо ты такі ўжо святоша, што ад віскі адмаўляешся? — сказаў ён.
Кейсі глянуў на бутэльку, быццам толькі што ўбачыў яе ў сваіх руках. Потым паднёс да рота, перакуліў і зрабіў тры вялікія глыткі.
— Ну і пітво! — пахваліў ён.
— А ты як думаў? — сказаў Джоўд. — Не самагон які — фабрычнае. Яму цэлы даляр цана.
Перш чым аддаць бутэльку, Кейсі яшчэ раз прыклаўся да рыльца.