— Цяпер ужо мне недалёка, — сказаў ён.
Шафёр таропка загаварыў:
— Мне піць няма як. Я ўвесь час трэнірую сваю памяць. Два гады назад спецыяльны курс прайшоў. — Ён паляпаў правай рукой па абаранку руля. — Дапусцім, я праязджаю міма пешахода. Я да яго ўважліва прыглядаюся, а як праеду, стараюся прыгадаць усё — і якая ў яго адзежа, якія чаравікі, галаўны ўбор, яго паходку, рост, колькі ён прыблізна важыць, і асаблівыя прыкметы на яго твары, калі яны ёсць. У мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. Іншы раз думаю, ці не заняцца мне яшчэ вывучэннем дактыласкапіі, тады можна сапраўдным экспертам стаць. Проста дзіва, колькі чалавек можа ўсяго ў памяці ўтрымаць.
Джоўд хуценька глынуў з бутэлькі. Апошні раз зацягнуўся дымам разлезлай самакруткі і мазольнымі пальцамі раздушыў гарачы кончык. Старанна расцёршы недакурак, высунуў руку ў акенца, і вецер садзьмуў труху з яго далоні. Вялікія шыны бадзёра спявалі сваю песню, коцячыся па шашы. Джоўд утаропіўся на дарогу, і ў яго спакойных цёмных вачах зайграла хітраватая ўсмешка. Шафёр замаўчаў, насцярожана пакасіўся на пасажыра. Доўгая верхняя губа Джоўда расцягнулася, агаліўшы зубы, і плечы яго затрэсліся ад бязгучнага смеху.
— І доўга ж ты падбіраешся, прыяцель.
Шафёр не павярнуў у яго бок галавы.
— Да чаго я падбіраюся? Пра што ты?
Губы Джоўда зноў стуліліся, схаваўшы яго вялікія зубы, ён аблізнуў іх, як сабака, двума заходамі, ад сярэдзіны да куткоў рота.
— Сам ведаеш, пра што, — у голасе ў яго пачуліся рэзкія ноткі. — Ты мяне з ног да галавы вокам абвёў, як толькі ўбачыў. Думаеш, не заўважыў?
Пазіраючы праз ветравое шкло, шафёр з такой сілай сціснуў рулявое кола, што пабялелі кісці рук.
— Ты добра ведаеш, адкуль я іду, — сказаў Джоўд.
Шафёр маўчаў.
— Ведаеш, ці ж не так? — не сунімаўся Джоўд.
— Ну ведаю… Праўдзівей, здагадваюся. Толькі мяне гэта не тычыцца. Мне сваіх клопатаў хапае. Што мне да таго? — адным духам выпаліў шафёр. — Я ў чужыя справы не лезу. — Ён змоўк, відаць, чакаючы адказу. Пабялелыя рукі ўсё яшчэ моцна сціскалі абаранак руля.
Праз акенца ў кабіну заляцеў конік, апусціўся на прыборны шчыток і пачаў чысціць крыльцы сваімі каленчатымі спружыністымі ножкамі. Джоўд працягнуў руку, раздушыў пальцамі цвёрдую, падобную на чэрап, галоўку насякомага і выкінуў яго за акно, на вецер. Зноў бязгучна засмяяўшыся, ён пацёр пальцамі, каб сцерці з іх рэшткі раздушанага коніка.
— Памыляецеся, містэр, — сказаў ён. — Нічога я хаваць не збіраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далі там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому іду, да бацькі, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?
Шафёр сказаў:
— Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.
— Не соваеш? У цябе ж нос на восем міль наперад вытыркнуўся. Ты мяне ім так абнюхаў, як авечка капусту.
Шафёр насупіўся.
— Ты мяне не так зразумеў… — пачаў ён вяла.
Джоўд засмяяўся: