Стейнбек Джон - Гронкі гневу стр 10.

Шрифт
Фон

— Н-не, я нават нічога не адчуў.

— Так… А шкоду табе гэта зрабіла? Толькі падумай.

Джоўд падняў з зямлі бутэльку і адпіў.

— Нічога я не адчуў — ні добрага, ні дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нічога. — Ён падаў бутэльку прапаведніку.

Кейсі ўздыхнуў, прыгубіў бутэльку, потым паглядзеў, колькі ў ёй на дне засталося, і зрабіў яшчэ адзін маленькі глыток.

— Вось і добра, — сказаў ён. — А то я ўсё мучыўся — ці не нарабіў я сваім умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.

Джоўд глянуў на свой пінжак і ўбачыў чарапаху — яна выбралася на волю і ўжо спяшалася ў тым жа кірунку, у якім паўзла, калі ён падабраў яе. Джоўд паназіраў за ёю, тады ўстаў на ногі, падняў чарапаху з зямлі і зноў закруціў у пінжак.

— Ніякіх падарункаў дзецям не прыпас, — паясніў ён. — Хоць гэту старую чарапаху прынясу.

— Дзіўная рэч, — сказаў прапаведнік. — Якраз калі ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, ці не завітаць да яго. Я заўсёды лічыў яго бязбожнікам. Як ён там жыве, стары Том?

— Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.

— Хіба ён не пісаў табе?

Джоўд замяшаўся.

— Тата на пісьмы не вялікі мастак і наогул пісаць не ахвочы. Прозвішча сваё чын чынам падпіша, не горш за іншых, і нават аловак паслініць. Але пісьмаў не піша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго і алоўкам не варта.

— Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся? — запытаўся Кейсі.

Джоўд недаверліва глянуў на яго.

— А ты хіба нічога не ведаеш? Ва ўсіх газетах пра мяне пісалі.

— Нічога. А што? — Кейсі закінуў нагу на нагу і ссунуўся па ствале ніжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, і сонца налівалася чырванню.

Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:

— Казаць, дык адразу ўсё, і скончым з гэтым. Але калі б ты і цяпер яшчэ быў прапаведнікам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы маліцца за маю душу. — Ён дапіў рэшту віскі і шпурнуў паўлітэрку ўбок, і пляскатая бутэлька мякка слізганула па пыле. — Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.

Кейсі крута павярнуўся да яго і так насупіў бровы, што высокі яго лоб зрабіўся яшчэ вышэйшы.

— Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабіў.

— Я і цяпер зрабіў бы тое самае, — сказаў Джоўд. — Я забіў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напіліся з ім на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапіў рыдлёўку і прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги