Але Марта нічэга не чула. Яна ўжо неслася ўніз, пралятаючы цэлыя пралёты, як лавіна, уся чырвоная. З языка гатовы быў сарвацца выдатны набор мацюкоў. Лютасць так распірала яе, што яна здавалася яшчэ таўсцейшай. Пяцьсот франкаў, гэтая карга асмелілася даць ёй пяцьсот франкаў. Вось тая, чыё імя яна будзе згадваць у сваіх малітвах, і няхай не здзіўляецца, калі аднойчы з ёй здарыцца непрыемная гісторыя. Пяцьсот франкаў! Страта грошай, якіх ёй недадалі, была балючай, асабліва цяпер, калі яны былі пільна патрэбныя, але не такой балючай, як прыніжэнне ад таго, што яна дала сябе так недарэчна ашукаць, ды яшчэ і апусцілася да ролі супольніцы. Сама не свая, яна камечыла пошту, замест таго каб засоўваць яе пад дзверы. Яна кацілася ўніз і, што было дзіўна, клялася, што ўсё зразумела, што цяпер стане сапраўднай сцервай, што ўсе яны пачуюць ад яе пару ласкавых і першая гэтая сімулянтка Эмілі, яна ў яе паскача, яшчэ як. Як ураган, уляцела яна ў сваю будку.
— Ну што? — пачула яна знаёмы, прасеяны праз густыя вусы голас.
Эмілі з малой плёскаліся на кухні. Адрыен ужо вярнуўся. Ён наразаў такім жа бяскрыўдным з выгляду, як і сам, нажом кавалачкі хлеба і клаў на іх сардзіны. Кубік хлеба, кавалачак сардзіны. І ён не сварыўся, хоць нічога больш не было. Яшчэ кубік хлеба і яшчэ кавалачак сардзіны. Ад яго бязвіннасці рабілася моташна.
— Пяцьсот старых франкаў, — закрычала Марта, — ты разумееш? Бакалейшчыца дала мне аднаго Гюго*.
* На старых пяцісотфранкавых білетах быў змешчаны партрэт Гюго.
— Я ж табе казаў...
Ён не скончыў фразы, але яго лоб наморшчыўся; яму не ўдалося падчапіць дзюбкай нажа галаву сардзіны. І сапраўдная Марта, якая не падала духам у цяжкія часы, адчула, што яе асуджаюць, і сказала тое, што гняло яе душу.
— Пяцьсот франкаў за подласць! — прастагнала яна.
— Няма чаго скардзіцца, для нас і гэта грошы, — сказаў Адрыен.
Марта ўздыхнула і замаўчала. На словы яна таксама была небагатая.
— Для нас канечне, — паўтарыла яна, перакананая.
Гэта подласць заўжды адчувае сябе камфортна, а такім, як яны, маленькім людзям даводзіцца ісці па гэтым паскудным жыцці пехатой. Яе вочы палагаднелі. Вось, скажам, Адрыен, яго шлях усыпаны дыямантамі.
І гледзячы на гэтага чалавека, на яго залітыя алеем вусы, якія рухаліся ў такт са сківіцамі, калі ён дажоўваў апошні кавалак, Марта раптам спыталася ў сябе, чаму яна не чуе цяжару на сваім хворым калене і чаму адчувае нейкае дзіўнае задавальненне ад сваёй няўдачы.
25 верасня 1893 года
Мой дарагі маленькі Луі!
Вось усё і скончана. Мы не ўбачымся болей ніколі: будзь упэўнены ў гэтым не менш цвёрда, чым я. Ты не хацеў гэтага, ты згадзіўся б на ўсё, толькі б мы заставаліся разам, але нам трэба расстацца, каб ты мог пачаць новае жыццё. Я не шкадую, што не ўступіла табе, самой сабе, нам абаім ні тады, калі ты так горка плакаў, зарыўшыся ў падушкі на нашым ложку, ні тады, калі ўзнімаў галаву і ўмольна глядзеў на мяне — які ж няшчасны быў твой твар, як ён палаў! — ні тады, калі ўвечары як не бачыла ўжо ў цемры тваіх слёз, я адчувала, як апякалі яны мне рукі.
Цяпер мы абое страшэнна пакутуем. Мне гэта ўсё здаецца нейкім насланнём. Яшчэ некалькі дзён проста нельга будзе ў гэта паверыць, потым колькі месяцаў будзе яшчэ балюча, пасля прыйдзе выздараўленне.
І толькі тады я зноў стану пісаць табе — мы ж вырашылі, што зрэдку я буду гэта рабіць. Мы і праўда добра ўсё абдумалі. Лісты мае — ты ж ніколі не ўведаеш майго адраса, ніколі! — застануцца адзінаю ніццю, што будзе яшчэ звязваць нас, — і яна не дасць нашаму расстанню ператварыцца ў разрыў.
Цалую цябе апошні раз, але так пяшчотна, так ціха і так бязгрэшна — бо якая ж адлегласць раздзяляе цяпер нас!
25 кастрычніка 1894 года
Мой дарагі маленькі Луі!
Я зноў гавару з табою — як і абяцала. Вось ужо год, як мы — гэта болей не «мы». Я добра ведаю, ты не забыў мяне, мы ўсё яшчэ занадта звязаныя між сабою: кожны раз, калі я думаю пра цябе, не магу не адчуваць твайго болю.