— Трымайцеся, маёр, яшчэ крыху!
Ён не паспеў нічога падумаць, як іх запхнулі ў машыну, і — паганяй! У крытым кузаве вялікага грузавіка, памечанага знакам вермахта, побач з імі сядзелі чатыры бошы. Яны аб'ехалі кругам садок перад клінікай і... глядзі ты, машына павярнула направа — не ў горад!
І толькі тады гестапавец нарэшце глыбока ўздыхнуў і, нахіліўшыся да «пана», сказаў:
— Прабачце, таварыш маёр, спадзяюся, мы вас там не вельмі прыціснулі?
Што? Як? А качка проста паміраў ад смеху:
— Нябога Жазэф, ну і пыса ж у цябе была, як я пытаўся пра маёра Арно! А што, Марыс, усё-ткі не такія ўжо кепскія ў мяне былі звесткі? Праўда, я спачатку быў сам не ўпэўнены, што перада мной маёр... Але потым доктар пацвердзіў, што гэта ён... Файны ён хлопец, гэты доктар!
Марыс — той, што быў у цывільным, — кіўнуў:
— Дзякаваць вы павінны менавіта доктару. Ён выдатна правярнуў сваю справу... Як толькі да яго па тваім даручэнні прыйшоў адвакат... Го, ды я зусім забыўся, у мяне ж ёсць табе пакет... ад тваёй жонкі... Ну а ты, Калье, чаго ты скурчыў такую пысу? Ці не збіраешся часам заплакаць?
Плакаць, вядома, Калье не збіраўся. Ён ламаў сабе галаву: «Марыс... Марыс... Недзе ж я гэтага хлопца бачыў!»
А маёр Арно гэтак проста ўсё паўтараў:
— Ведаеце... Я нічога ім не сказаў...
Раптам Жазэф прыгадаў:
— Ну, так і ёсць... Гэта ж у трыццаць другім, у сектары V... Я цябе пазнаў, ты — П'еро!
Марыс адказаў:
— Ты ж чуў — мяне завуць Марыс... Не, сапраўды, для таварыша ты нейкі ўжо дужа някемны...
Машына неслася ўсё далей і далей ад горада. Адзін салдат, побач з Жазэфам, насвістваў «Марсельезу».
— Вось табе маеш! — раптам ашаломлена ўскрыкнуў Марыс.
Ён мацаў сябе па кішэнях.
— Што такое?
— Які ж я дурань, крэцін, разява... Забыўся!.. Не магу сабе дараваць!
Усе занепакоіліся.
— А што здарылася?