Лукаш Калюга - Вам знаёмае стр 2.

Шрифт
Фон

— А цяпер куды? — пыталася бойкая дзяўчына ў хустцы, завязанай пад бараду.

— Дзе гэта мы? — збiлася з тропу i другая — знакамiтая, што насiла хустку пад целяпень.

— Спытаймася, — бойкая кiнула на Адама, што iшоў паўз iх.

— А сцiхнi ты! Самi знойдзем…

— Чаго там?! Свой хлопец…

Бойкая не ўвалгалася: у горадзе кожны вясковы адзiн аднаму нейкi далёкi сваяк. А тут якраз Адам з iмi параўняўся. I бойкая, наперакор знакамiтай:

— Як тут, — кажа, — на…скую вулiцу трапiць?

Празрыста, нахабна свяцiў лiхтар. Ясныя, як там, на экране, вiдаць былi Адаму дзявочыя аблiччы. I падалося яму, што гэту ў хустцы пад бараду бойкую дзяўчыну цi то ён дзе бачыў, цi то на нейкую, яму знаёмую, яна вельмi ж падобна была. Але гэтаму ён i сам не даваў веры. Усе вясковыя, у горад прыехаўшы, крыху падобны адзiн на аднаго.

— Вы ж лiшнi прыпынак праехалi, — тлумачыў ён iм. — Каб злезлi не даязджаючы, шмат блiжэй вам было б.

— От бачыш! А казала: ведаю, завяду, — дакарала бойкая знакамiтую.

Тая нешта была памкнулася сказаць, але бойкая перапынiла:

— Маўчы лепш! — ды прасiла Адама: — Пакажыце, як нам тут прайсцi.

Адам…скую вулiцу ведаў. Меў ён увагу, што свае — вясковыя, i не меў занятку на вечар, дык не то каб паказаць, а на самую…скую вулiцу завесцi iх падрадзiўся. Знайшоў патрэбны iм, на паперцы з дому запiсаны нумар. Якраз насупраць пошты на другi бок вулiцы быў ён.

Пры рабоце коратак дзень. Адам жа ад цямна да цямна працаваць быў прывычан. Яму рана было а чацвёртай гадзiне, далёка да вечара летнiм днём. I назаўтрае, пасля таго кiна, пасля тае стрэчы, нейкая работа рупiла яму. Нарэшце ўспомнiў, што не адпiсаў ён яшчэ лiста Васiлю.

Хацелася прыгадаць iмя тае скудзельнiцы, ды недзе згубiлася, закiнулася ў памяцi — не было яго напашэве. Намагаўся Адам аднавiць яе вобраз, ды дарэмна. Быў добра ў памяцi толькi скупы, пятага нумара лямпы, укручаны Януковых агонь.

Трацяголетняя скудзельнiца непакоiла, але заўважыў Адам, што i тая, учора на трамвайным прыпынку сустрэтая, бойкая вясковая дзяўчына падабаецца яму.

Другi раз стаiўся б, а цяпер амаль не ўвесь лiст быў пра Януковых скудзельнiцу.

Тры разы ступiць ад iнтэрната да паштовае скрынкi. Але што было рабiць Адаму ад чацвёртай гадзiны да далёкага вечара ў такi доўгi летнi дзень?! I Адам пайшоў аж на…скую вулiцу. Там гэтаксама на высокiм паштовым ганку скрынка была.

Не было на…скай вулiцы знакамiтае дзяўчыны, а бойкую Адам у акне ўбачыў. Дзень у горадзе яна пабыла, i ўжо не пад бараду i не пад целяпень, а неяк iначай, кругла хустку завязвала! Гэтак яна харашэйшаю выдавала. Але яшчэ адзiн вясковы звычай мела…ская вулiца: была цiхая, народу мала хадзiла па ёй, дык абы цень матнуўся цi пачула крокi — канечне было ёй ведаць хто там, зiрнуць у акно.

Таму што Адаму не было куды спяшацца, а дзяўчына жвавейшая была, ён i стрэў яе, ад пошты iдучы.

Апошнюю рупясць збыў Адам — паслаў лiст Васiлю. Было ў яго цяпер вольнага часу даволi, i яна тут не на рабоце, а ў гасцях у замужняе сястры была, дык на горадзе цэлы вечар забавiлiся. Вясковае ўспамiналi ўсё.

Расказвала бойкая дзяўчына, як яны, сюды едучы, да яе цёткi па дарозе заязджалi ды як там вечарынка была.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги