— А браце! А дзе ж вы мяса бярэце?
— Ляснічы прывёз, — бесклапотна казаў Васілёк, седзячы на лаве, хістаючы ножкаю.
— А матка цябе б’е калі?
— Не-а.
— Ты, мабыць, як вырасцеш, будзеш ляснічым?
— Не-а.
— Дык мо брыгадзірам? Маслоўскі хутка на пенсію, дык мо ты замест яго будзеш?
— Не-а.
— А кім ты будзеш?
— Матросам на караблі.
— Ты пабач! — аж слупянела баба ад здзіўлення. — Хто ж цябе гэтаму вучыць? Матка?
— Не-а. Дзядзька Пятро.
— А колькі табе матка грошай на кніжку паклала? Мо ўжо тысячу?
— Не-а. Сто мільёнаў.
— А браце!.. Так Махновачка навучыла…
Зрэшты, усе падобныя спектаклі заканчваліся аднолькава — пасля бабы ўголас адна адной пераказвалі (ведаючы, што кожная данясе Махновачцы):
— Не людзі, а золато! І Кулініч, і дзіцятко, і жоначка яго!..
А Кулініч між тым выматваўся ў сваім лясніцтве; усё зарабляў і бярог. Не адставала Махновачка: і ў калгасе, і ў горадзе на базары, і агарод вяла. Многа памагаў лес-карміцель. Узімку, расцягнутыя на рожках перад печчу, заўсёды сушыліся зайцавы шкуркі ці смярдзела на ўсю хату ліса. Не саромеліся дзіцячага заробку: збіралі і здавалі ў нарыхтоўчую кантору сасновыя і бярозавыя пупышкі, лупілі іх вёдрамі, а ўвосень тымі ж вёдрамі ў тую ж кантору цягалі рабінавыя ягады. Пра лета няма чаго казаць. Улетку літаральна начавалі ў лесе. Дралі кару з крушыны і лазы, грабёнкаю збіралі ягады, латашылі арэхі, ці, як казаў Васілёк, арах — «арахоў цехнік даў!» Кару ён называў — кора. Увогуле, Васілёк дзякуючы матцы ўзбагачаў мясцовую лексіку. Усе казалі — «во ён», Васілёк — «во се то во ён»; усе — «даўно», Васілёк — «во се пара»…
Мацнела гаспадарка. З’яўляліся новыя матэрыяльныя рэчы. І ўсё было як бы ў квадраце, мела сваю маленькую копію — з прыцэлам на Васілька. Была кабыла — і жарэбчык, стрэльба двухстволка — і тульская аднастволачка, матацыкл «Урал» — і каляска да яго… Быў чорна-белы тэлевізар — Кулініч з’ездзіў у горад, вярнуўся з каляровым.
Махновачка на вуліцы прыціскала Васілька да сябе і ў залежнасці ад таго, як рос іх дабрабыт, мяняла сынаву будучыню:
— Хутка будзеш з намі ў калясачцы ў лес ездзіць, кору драць…
— Будзеш са стрэльбачкі зайцоў біць…