Валя круціцца ў шалашы, і злосць у ёй расце: на камароў, на ноч, на цела, што свярбіць, на рукі, што гудуць, асабліва на смех, які перашкаджае думаць і спаць.
— Вось ненавісны, — варочаецца яна.
Яна зайздросціць чужому смеху, радасці, не разумее, чаму людзі да яго горнуцца, а да яе — не. Ад малых адбою няма, ён і сам любіць дзяцей, толькі чамусьці не сваіх, а чужых.
— Там шакалы жывуць… Сабачкі такія… Выйдзеш з саклі ў барханы, настраляеш шакалаў…
Дзеці пераглядваюцца, пераміргваюцца — такі стралец… Усе выдатна ведаюць, які ён жаласлівы, ён нават траву касіць шкадуе, шыхае асцярожна, пільна ўглядаецца, каб не цапнуць якую жабку, а калі ўбачыў перарэзанага напалам маладога вужыка, дык збялеў, рукі трэсліся, і жонка на ўвесь луг крычала пра яго нікчэмнасць.
— Заходзім у кішлак, прамым ходам — у чайхану. Духан, па-іхняму. Там з чайнікаў віно ў піялы наліваюць… Ад душы. Няма грошай — бясплатна нальюць. Такія ўжо дабрачыя людзі…
Нарэшце Валя не вытрымлівае і тумакамі гоніць яго спаць.
Тухнуць пакрысе адно за адным вогнішчы, а на небе, наадварот, большае зорак, і ярчэй разгараюцца яны. І недзе тут, паблізу, начуе адзінокая баба з каровай…
Назаўтра да абеду скасілі, да вечара высушылі і ў акуратныя копы склалі. Клін быў чысты, прыбраны, прыемна вачам было глядзець, а нагам ступаць, і самім не верылася, як такія малыя мурашы змаглі ўправіцца з такой колькасцю травы.
Больш не было чаго рабіць. Падплыў паром. А людзі не спяшаліся, усё стаялі, гаварылі… Хацелася яшчэ хоць крышку тут пабыць, у гэтым цудоўным месцы.
— Паехаліце! — звала, упрошвала Махновачка, баючыся за малога. — Ну паехаліце ўжо!..
І калі ішлі да парома чыстай пакошай, міжволі азіраліся, і ўсе, нават дарослыя мужчыны, у думках дзякавалі свайму лугу, ужо не дзікаму, і развітваліся з ім, як думалі, да наступнага лета.
Прайшло шэсць гадоў. У Кулінічаў выгадаваўся сынок — гэткі херувімчык з белымі, як ільняное палатно, валасамі, і з сінімі, як кветкі лёну, вачыма — увесь у свайго дзядзьку Пятра.
Чамусьці познія дзеці заўсёды крыху не такія, як усе. Васілька больш цягнула да дарослых. З дзецьмі ён не надта любіў гуляць «у нашых і немцаў», у хованкі, у хакей-футбол, — адзінае, на што згаджаўся, пастаяць у варотах, ці, як ён казаў — «на вароцях». Яму цікавей было з бацькам пасоўваць па клетках шашкі, складаць даміно ці перакідвацца з маткаю картамі ў «п’яніцу». Часта пад вечар каля Кулінічавай хаты можна было назіраць такі малюнак: сядзяць на лаўцы дзяды з ківенькамі, і з краю маленькі Васілёк з палачкаю, пальчыкі счэплены на каленях.
Кулінічы не шкадавалі для яго нічога. Больш дзяцей у іх не было, і Васільку даставалася ўся пяшчота.
У вёсцы не разумелі гэтага. Вёска ўсё хавае, тут не прынята паказваць, што ты нешта ці некага моцна любіш, тут не да мусі-пусяў, не да цялячых пацалункаў, не да цырымоній; усё гэта выпрацоўвалася вякамі, перадавалася з пакалення ў пакаленне як абярэг, было няпісаным кодэксам.
Вось класічны дыялог маці з сынам: «Ідзі есці, ірад!» — «Ай, не хочу!» — «Я табе не захочу!.. Я з цябе шкуру злуплю!..»
У Кулінічаў усё па-іншаму. Махновачка выплыве на вуліцу, мядовым голасам: «Васілёчку, ідзі, сыночку, естачкі!» — «Іду, мамачка. А дзе татка?»
Бацькі з малых гадоў прывучаюць дзяцей да скрытнасці: пойдзеш гуляць, дык хаця нікому не кажы, што еў, у чужой хаце не сядай за стол, не пазірай, як чужыя ядуць, — самы вялікі сорам, калі падумаюць, што галодны.
— Ды барані Бог нічога нікому не расказвай! Маўчы, і ўсё!
Васілька ахвотна ішоў у любую хату, як у сваю ўласную. Лез за стол, калі запрашалі. І адказваў на любое пытанне. Хітрая баба перастрэне, заманіць цукеркаю ці грушаю, і пачынаецца: «А што ты сёння еў, Васільку?»
— Каўбасу з казулі. І яшчэ фаршу матка накруціла.