— Ніжай, ніжай, ніжай! — даносіцца адтуль знаёмае Кулінічава.
— Гэта «крыга», — тлумачаць недасведчаным знаўцы.
Бачна, як зводзяць разам палкі, выцягваюць тую «крыгу», ніз змыкаецца, і ўвесь улоў — твой. Як у вялізным мяху. Блішчыць срэбра ў сетцы, залацяцца ліні, лупяць хвастамі, выгінаюцца зялёныя шчупакі, ходырам усё ходзіць! Так, не перабіраючы, разам з малькамі і ракамі, нясуць і ссыпаюць у лодку.
Людзі зайздросцяць, дзівяцца:
— Во як лавіць трэба…
— А мы з «кабыламі»…
— Сядзім у балацянках, нічога не ведаем…
Цяпер ужо і дзецям зразумела — смешныя яны са сваімі прымітыўнымі донкамі, грузіламі і здохлымі ад спёкі чарвякамі ў бляшанках. Канешне ж, і яны да абеду спрабавалі — але нічога не закідваецца, не хоча ляцець, блытаецца, рвецца, а калі і выцягваецца, дык клубок «барады», корань аеру ці камяк прыдоннай травы. Цяпер яны ўсё ведаюць. Канешне ж, справа ў снасцях. Ды калі б нам… Дайце такую «крыгу», ды маторку, мы б!..
Усяго разы тры зацягнулі браканьерчыкі — і больш не трэба, паўлодкі рыбы. У каламутнай вадзе са дна падымаюцца бурбалкі, усплываюць на паверхню прытаптаныя расліны, напалоханыя рыбіны, якім пашанцавала выжыць, пускаюць кругі.
— Хоць бы дзецям далі па рыбінцы…
— Хто ж то дасць?
— Дзе ж тут усім напасешся…
— На нас на такую прорву дзве лодкі дай — мала будзе…
З павешанымі насамі дзеці пайшлі назад. Кулініч застаўся, пачаў прыкурваць — з выглядам чалавека, які свой абавязак выканаў, а вы ўжо тут самі разбірайцеся. На лодку ён нават не пазірае — рыбы я вашай не бачыў, шчасце такое…
— Эй, памочнік! Лаві!
Два шчупакі метровай даўжыні адзін за адным бухнуліся на бераг, як дзве палянякі, заскакалі ў траве, тоўстыя, у жоўта-зялёных крапінах, з белымі жыватамі і чорнымі спінамі. Кулініч нават дзякую не сказаў. Абыякава, на калене, са страшным хрустам — на другім беразе чуваць было, пераламаў рыбінам хрыбетнікі, злупіў сцізорыкам паску кары з лазіны, уздзеў праз жабры, ды так і прыцягнуў — хвастамі па траве, да свайго табара. Кінуў — і адразу ж адвярнуўся. Каса яго зацікавіла, кальцо пачаў правяраць, цаўё мацаць, ручку падцягваць.
Махновачка ззяе ад гонару. Калыша Васілька:
— А дзе наш татачка, пакажы… А вось наш татачка, рыбку злавіў… Паглядзі якую… І ты, як вырасцеш, будзеш рыбку з бацькам лавіць… На маторачцы будзеце ездзіць… Зараз мы галля назбіраем… Чысціць пачнём з хваста…
— Пачысціць і я магу, — ні да кога не звяртаючыся, сказаў дзед. Бо, калі шчыра, які б ні быў, а выхадзіўся ён. А так занятак, з рыбаю валэндацца, з галлём, з вогнішчам, з юшкаю…
Пасля абеду сонца пайшло спускацца. Вербы ўжо не даюць цень машынам, і два шафёры, што нараўне з усімі махалі косамі, пайшлі ў каторы раз заводзіць маторы і шукаць новага ценю.
Расы няма ў паміне, трава цяжкая, шорсткая, косы слізгаюць па ёй, а дзе проста шоргаюць, як па дроце. Усё часцей перакуры. Усё большае патрэба прамачыць вадой горла і заадно лішні раз паглядзець на сонца, якое з чырвонага робіцца малінавым, мяккім; промні не свецяць, а сцеляцца. Вось палавіна яго ўжо схавалася за дубы з буслянкамі. Яшчэ трохі — і зусім знікла. Цені ад блізкага хмызняку, ад дубоў ляглі на луг.
Людзі збіраліся да сваіх шалашыкаў. А тры касы ўсё яшчэ пасвіствалі: Кулініч, Пятро і Грыгор заканчвалі дзедаву долю.