Кулініч павярнуў бокам да люстэрка твар з белай барадой — ён якраз галіўся, паставіўшы перад сабой міску з гарачай вадою, і крэкнуў. З-пад ляза выступіла кроў. Звычайна ён, калі быў дома, слухаў, але не ўмешваўся.
— Ды не корміць, — скардзіўся Пятро. — Дома сала і на рабоце сала… І тое так пасаліла, што ў шкурцы белыя праточынкі.
— Ты пабач — солі пашкадавала! — Махновачцы, як і любой жанчыне, прыемна было чуць, што ёсць горшыя за яе.
— Я ёй кажу — недасаліла. А яна — сам Маслоўскі еў! Крычыць, Маслоўскі еў, а ён жа не ты! Маслоўскі сцізорыкам абрэжа — гэта, кажа, нічога, гэта сальнічкі… Для яе Маслоўскі пуп зямлі. Маслоўскі скажа, што цяпер зіма, дык яна будзе паўтараць — зіма. Чаю папрасіў раніцай, дык яна голага кіпетню падсаладзіла…
— І чаю не кінула шчопаці?
— Не кінула.
Махновачка млела ад задавальнення.
— І мала ёй усё, мала… У Маслоўскага, крычыць, поўная хата дабра. Дык Маслоўскі ж крадзе ў калгасе. І я б краў…
— То сяго, то таго…
— А што я з пуці прынясу? Балта ў кішэні? Гайку?
Кулініч, які скончыў галіцца і выціраўся ручніком, успрыняў гэта як намёк. Канешне, ён даўно мог бы прыляпіць брата да лясніцтва. Але не рабіў гэтага, баючыся кампраметацыі.
— Э-х, — толькі крэкнуў ён і выйшаў з хаты.
— Кажу, касцюм трэба купляць. Як падняла крык! А ў мяне адзін касцюм, і на работу, і на выхад. Вось гэты самы. Распісваўся ў ім колісь.
— Не дае?
— Слухаць не хоча.
— Гэта так баіцца, каб прыгожы не быў, — скумекала здагадлівая Махновачка. — Каб на жабрака быў падобны. А надзенеш касцюм, ды пабрыешся…
— Я ўсё адно куплю.
— А і купі!
— Я ўжо нагледзеў у горадзе ў «Прамтаварах». Дабрачы такі… У сівенькую палоску. Нават мераў — як па мне шыты.
— А і купі!
— Я і куплю.
— Пастаў перад фактам. Ну, пакрычыць, паб’е трохі, мо не пасячэ, не спаліць…