Было і яшчэ адно, што непакоіла нас на працягу першых тыдняў, — гэта вяроўкі. Удзень мы былі так заняты, што мала думалі аб іх; але з надыходам ночы, калі мы залазілі ў спальныя мяшкі на падлозе каюты, у нас было больш часу на тое, каб думаць, адчуваць і прыслухоўвацца. Лежачы там, кожны на сваім саламяным сенніку, мы адчувалі, як плеценыя цыноўкі пад намі прыўзнімаюцца разам з бярвеннямі. Не толькі ўвесь плыт няспынна пагойдваўся, але і ўсе дзевяць бярвенняў змянялі сваё становішча ў адносінах адно да аднаго. Калі адно прыўзнімалася, другое апускалася, і гэтыя лёгкія хістальныя рухі не спыняліся ні на хвіліну. Яны былі не дужа моцныя, але ўсё ж чалавек адчуваў сябе так, нібы ён ляжаў на спіне вялізнай цяжка дыхаючай жывёліны, і мы лічылі за лепшае лажыцца ўздоўж бярвенняў. Мацней чым калі гэтае пагойдванне адчувалася ў першыя дзве ночы, але тады мы былі занадта стомленыя, каб звяртаць на яго ўвагу. Потым вяроўкі крыху набрынялі ў вадзе, і бярвенні пачалі паводзіць сябе больш спакойна. Але ўсё ж бярвенні, якія з’яўляліся касцяком плыта, ніколі не ўтваралі роўнай паверхні, ніколі не былі зусім нерухомымі ў адносінах адно да аднаго. А паколькі гэтыя бярвенні рухаліся ўгору і ўніз і паварочваліся на кожным стыку, дык і ўсё рухалася разам з імі. Бамбукавая палуба, падвойная мачта, чатыры плеценыя сцяны каюты і дах з планак і лісця былі замацаваны канатамі і ўсё-такі пагойдваліся, прыўзнімаючыся ў адным месцы і апускаючыся ў другім. Гэта быў ледзь прыкметны рух, але ўсё ж мы добра бачылі яго. Калі адзін вугал каюты ўзнімаўся, другі апускаўся, калі бамбукавыя жэрдкі на адной палавіне даху выгіналіся ў адзін бок, то на другой палавіне яны выгіналіся ў працілеглы бок. А калі мы глядзелі з каюты праз адкрытую сцяну, усё здавалася нам яшчэ больш рухомым і няўстойлівым, бо купал неба апісваў павольныя кругі над намі, а хвалі высока падскаквалі яму насустрач.
На вяроўкі прыпадала ўся нагрузка. Цэлымі начамі мы чулі, як яны рыпелі, стагналі, цёрліся аб бярвенні і шасталі. У цемры ўсе гэтыя гукі зліваліся ў адну жаласную сімфонію, у якой кожная вяроўка цягнула асобную ноту, у залежнасці ад сваёй таўшчыні і ад таго, як моцна яна была напята. Кожную раніцу мы старанна аглядалі вяроўкі. Хто-небудзь з нас лажыўся нават на край плыта, звешваў галаву ў ваду і, пакуль два таварышы моцна трымалі яго за ногі, стараўся разгледзець, ці ў парадку вяроўкі на падводнай частцы плыта.
Але вяроўкі трымаліся. Два тыдні, казалі нам маракі, потым усе вяроўкі ператруцца. I ўсё ж, насуперак гэтай агульнай думцы, мы пакуль што не знаходзілі ніякіх адзнак перацірання. I толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы зразумелі, у чым справа. Бальзавая драўніна была такая мяккая, што вяроўкі паступова ўрэзваліся ў дрэва, і бярвенні ахоўвалі іх, замест таго каб пераціраць.
Пасля таго як мінуў прыкладна тыдзень, акіян паспакайнеў, і мы заўважылі, што ён быў сіні, а не зялёны. Мы цяпер плылі на захад-паўночны захад, а не на паўночны захад і палічылі гэта за першую нясмелую адзнаку таго, што мы выбраліся з берагавой плыні і з гэтага часу будзем рухацца ў бок адкрытага акіяна.
У першы ж дзень, як мы засталіся адны сярод акіяна, мы заўважылі вакол плыта рыб, але тады мы былі занадта заняты рулявым вяслом, каб думаць пра рыбную лоўлю. На другі дзень мы натрапілі на цэлы касяк сардын, а крыху пазней з’явілася двухмятровая блакітная акула і, сюд-туд паварочваючыся сваім белым брухам угору, паплыла за самай кармой плыта, дзе Герман і Бенгт, стоячы басанож у вадзе, працавалі рулявым вяслом. Нейкі час яна гуляла вакол нас, але знікла, як толькі мы ўзброіліся ручным гарпуном.
Назаўтра нас наведалі тунцы, баніты і залатыя макрэлі; а калі буйная лятучая рыбіна пляснулася на палубу плыта, мы скарысталі яе замест прынады і адразу ж выцягнулі дзве вялізныя залатыя макрэлі вагой па 10 і 15 кілаграмаў. Гэта быў правіянт на некалькі дзён. Стоячы на вахце ля руля, мы часта бачылі зусім незнаёмых нам рыб, а аднойчы сустрэлі чараду дэльфінаў, якая, здавалася, не мела канца. Чорныя спіны, што тырчалі з вады адна ля адной каля самага плыта, куляліся і падскаквалі тут і там; з верхавіны мачты мы ўбачылі, што ўвесь акіян, як згледзець вокам, быў пакрыты імі. Чым больш набліжаліся мы да экватара і чым далей адплывалі ад берага, тым часцей пачалі з’яўляцца лятучыя рыбы. Калі мы, нарэшце, увайшлі ў сінюю ваду, дзе велічна перакочваліся залітыя сонцам спакойныя хвалі, пакрытыя рабізной ад парываў ветру, лятучыя рыбы праносіліся перад намі, як град снарадаў; яны выскаквалі з вады, ляцелі па прамой лініі і зноў знікалі пад вадой, калі энергія палёту канчалася.
Варта было нам выставіць уночы маленькі парафінавы ліхтар, як яго святло адразу ж прыцягвала да сябе лятучых рыб, вялікіх і маленькіх, і яны пераляталі цераз плыт. Даволі часта яны стукаліся аб бамбукавую каюту або аб парус і бездапаможна падалі на палубу. Адпіхнуцца ад яе, як яны адпіхваюцца на хаду ад вады, рыбы не маглі і заставаліся ляжаць, бездапаможна звіваючыся, падобныя на лупатых селядцоў з вялікімі груднымі плаўнікамі. Часам нам даводзілася чуць лаянку, калі халодная лятучая рыба, несучыся з даволі вялікай хуткасцю, ударала па твары каго-небудзь на палубе. Яны заўсёды ляцелі шпарка, галавой уперад, і калі яны ўдаралі проста ў твар, то ён пачынаў гарэць, як ад добрай аплявухі. Але пацярпеўшы хутка забываў гэтую несправакаваную агрэсію; пры ўсіх сваіх недахопах гэта была марская краіна цудаў, дзе рыбныя стравы-далікатэсы са свістам прыляталі да нас па паветры. Звычайна мы смажылі лятучых рыб на снеданне, і — залежала гэта ад рыбы, ці ад кухара, ці ад нашага апетыту — яны нагадвалі нам, калі мы саскрабалі з іх луску, смажаную фарэль.
Першы абавязак кока, як толькі ён прачынаўся раніцай, заключаўся ў тым, што ён выходзіў на палубу і збіраў усіх лятучых рыб, якія зрабілі ўночы пасадку на плыце. Кожны раз, як правіла, іх было не менш за паўтузіна, а аднойчы раніцай мы знайшлі на плыце дваццаць шэсць тлустых лятучых рыб. Неяк раз, калі кухарыў Кнут, лятучая рыба ўдарыла яго па руцэ; ён быў вельмі засмучаны, што яна не шлёпнулася проста на патэльню ў кіпячы тлушч.
Тарстэйн толькі тады па-сапраўднаму адчуў, у якім цесным суседстве з акіянам мы жывём, калі, прачнуўшыся, убачыў на сваёй падушцы сардыну. У каюце было так цесна, што Тарстэйн вымушаны быў ляжаць галавою ў дзвярах; і калі хто-небудзь, выходзячы ўночы, выпадкова закранаў яго па твары, ён кусаў таго за нагу. Ён схапіў сардыну за хвост і недвухсэнсава даў ёй зразумець, што шчыра любіць усе сардыны. На другую ноч мы прадбачліва падкурчылі пад сябе ногі, каб пакінуць Тарстэйну як мага больш месца; але неўзабаве адбылася падзея, якая прымусіла Тарстэйна перабрацца спаць на скрыню з кухоннай пасудай, што стаяла ў радыёрубцы.
Гэта здарылася праз некалькі начэй. Хмары завалаклі ўсё неба, і было вельмі цёмна; для таго каб таварышы ў час змены вахты бачылі, куды яны ступаюць, пералазячы цераз яго, Тарстэйн паставіў парафінавы ліхтар каля самай сваёй галавы... А чацвёртай гадзіне ночы Тарстэйн прачнуўся, бо ліхтар перакуліўся і штосьці халоднае і мокрае пачало біцца каля яго твару. «Лятучая рыба», — падумаў ён і стаў мацаць у цемры вакол сябе, каб выкінуць яе. Ён дакрануўся да чагосьці доўгага і мокрага, што звівалася, як змяя, і адразу ж адхапіў руку, нібы апёкшыся. Пакуль Тарстэйн спрабаваў запаліць ліхтар, нябачны наведвальнік перапоўз цераз яго да Германа. Герман таксама падхапіўся, ад гэтага прачнуўся і я, думаючы, што гэта кальмар, якія часам з’яўляюцца ўночы ў гэтых водах. Калі нам удалося запаліць ліхтар, мы ўбачылі, што Герман сядзіць з выглядам пераможца, моцна сціскаючы адной рукой шыю доўгай вузкай рыбіны, якая звіваецца, нібы вугор. Рыба мела ў даўжыню каля метра і нагадвала сваім тонкім тулавам змяю; у яе былі вялікія чорныя вочы і доўгая галава з драпежнай зяпай, поўнай доўгіх вострых зубоў. Зубы былі вострыя, як нажы, і маглі адгінацца назад да паднябення, каб прапусціць у горла схопленую ежу. Герман усё яшчэ сціскаў у руках сваю здабычу, як раптам з рота драпежніка выскачыла лупатая белая рыбка даўжынёй каля дваццаці сантыметраў. А ўслед за ёю з’явілася і другая такая самая. Было зусім відавочна, што яны абедзве з’яўляліся глыбакаводнымі рыбамі, якім давялося пабываць на зубах у змяінай рыбы. Тонкая скура змяінай рыбы мела сінявата-фіялетавы колер на спіне і блакітнавата-стальны знізу; яна лёгка здымалася цэлымі шматкамі пад нашымі пальцамі.
Ад усяго шуму прачнуўся, нарэшце, і Бенгт, і мы падсунулі яму пад нос ліхтар і доўгую рыбіну. Ён спрасонку прыўзняўся ў сваім спальным мяшку і ўрачыста прамовіў:
— Не, такой рыбы не бывае.
I, сказаўшы так, спакойна павярнуўся і зноў заснуў.
Бенгт не вельмі памыляўся, гаворачы так. Пазней высветлілася, што мы ўшасцёх, седзячы вакол ліхтара ў бамбукавай каюце, былі першымі людзьмі, якія ўбачылі гэтую рыбіну жывою. На ўзбярэжжы Паўднёвай Амерыкі і астравоў Галапагос некалькі разоў знаходзілі толькі шкілеты такой рыбіны; іхтыёлагі назвалі яе Gempylus, або змяінай макрэллю, і думалі, што яна жыве на дне акіяна на вялікай глыбіні, бо ніхто не бачыў яе жывою. Але калі яна і трымалася на вялікай глыбіні, то ва ўсякім разе толькі ўдзень, калі сонца сляпіла яе вялікія вочы. Таму што цёмнымі начамі змяіная макрэль разгульвала па хвалях; знаходзячыся на плыце, мы мелі магчымасць у гэтым пераканацца.
Праз тыдзень пасля таго, як гэтая рэдкая рыбіна трапіла ў спальны мяшок Тарстэйна, да нас з’явіўся другі наведвальнік. Зноў было чатыры гадзіны раніцы, і маладзік ужо зайшоў, так што навокал панавала цемра, але зоркі зіхацелі. Плыт лёгка слухаўся руля, і калі мая вахта скончылася, я вырашыў прайсціся ўздоўж борта да носа, каб, перадаўшы змену, паглядзець, ці ўсё ў парадку. Як заўсёды ў вахтавых, у мяне вакол пояса была абвязана вяроўка; з парафінавым ліхтаром у руцэ я асцярожна ішоў уздоўж крайняга бервяна, каб абмінуць мачту. Бервяно было мокрае і слізкае, і я страшэнна раззлаваўся, калі хтосьці зусім нечакана схапіўся ззаду за маю вяроўку і пачаў так тузаць, што я ледзь не страціў раўнавагі. Я раз’юшана азірнуўся і пасвяціў ліхтаром, але нікога не ўбачыў. Потым зноў тузанулі за вяроўку, і я заўважыў, што на палубе нешта блішчыць і звіваецца. Гэта была яшчэ адна змяіная макрэль; на гэты раз яна так глыбока ўпілася сваімі зубамі ў вяроўку, што некалькі зубоў зламалася, перш чым мне ўдалося вызваліць яе. Відаць, святло ліхтара падала на белую вяроўку, якая звівалася за мною, і наша госця з глыбіні акіяна схапіла яе, спадзеючыся пажывіцца вельмі доўгім і, напэўна, надзвычай смачным кавалачкам. Яна закончыла свае дні ў слоіку з фармалінам.
Акіян падносіць шмат сюрпрызаў таму, хто жыве ў кватэры, размешчанай на адным узроўні з яго паверхняй, і рухаецца па ім павольна і бясшумна.
Бывае часам, што паляўнічы, які прадзіраўся праз гушчар лесу, вяртаецца і кажа, што не бачыў ніякай дзічыны. А другі паляўнічы сядзіць на пні і чакае, і часта вакол яго пачынаюць чуцца шолахі і трэск, і цікаўныя вочы выглядваюць з зарасніку. Тое самае можна сказаць і пра акіян.
Звычайна мы плаваем па ім, грукаючы машынамі і стукаючы поршнямі, успеньваючы ваду вакол носа карабля. Потым мы вяртаемся і гаворым, што нават сярод акіяна няма на што глядзець.
Калі мы плылі па акіяне, седзячы ля самай вады, не было дня, каб нас не наведвалі цікаўныя госці, якія шнырылі наўкол; некаторыя, як, напрыклад, залатыя макрэлі і лоцманы, так прывыклі да нас, што суправаджалі плыт па акіяну, дзень і ноч круцячыся каля яго.
Калі надыходзіла ноч і зоркі мігцелі ў цёмным трапічным небе, вада вакол нас пачынала фасфарэсцыраваць, спаборнічаючы сваім зіхаценнем з зоркамі. Кожны зіхатлівы планктонны арганізм так нагадваў круглы распалены вугольчык, што мы міжвольна падкурчвалі свае босыя ногі, калі зіхатлівыя шарыкі выкідвала хвалямі на карму плыта. Беручы іх у рукі, мы маглі распазнаць, што гэта былі ярка святлівыя гарнелі. У такія ночы мы часам палохаліся, убачыўшы два круглыя святлівыя вокі, што раптоўна з’яўляліся з вады зусім побач з плытом і пазіралі на нас, не маргаючы, жудасным позіркам, які міжвольна гіпнатызаваў чалавека, — можа, гэта выплыў сам дух мора. Часта гэта былі вялікія кальмары, што з’яўляліся з глыбіні і плавалі на паверхні, ззяючы ў цемры д’ябальскі зялёнымі вачыма, якія нагадвалі сваім бляскам фосфар. А іншы раз гэта былі святлівыя вочы глыбакаводных рыб, якія падымаліся на паверхню толькі ўночы і нерухома ляжалі, утаропіўшыся на нас, зачараваныя цьмяным святлом ліхтара. Некалькі разоў, калі акіян быў спакойны, у чорнай вадзе вакол плыта раптам з’яўляліся круглыя, па 60—90 сантыметраў у дыяметры, галовы, якія, не варушачыся, глядзелі на нас вялікімі бліскучымі вачыма. Іншы раз мы бачылі ноччу ў вадзе святлівыя шары дыяметрам амаль з метр; яны загараліся праз няправільныя прамежкі часу і нагадвалі электрычныя лямпачкі, што ўспыхваюць на адно імгненне.
З цягам часу мы прывыклі да гэтых падземных, ці, правільней кажучы, падводных, істот, што жылі пад намі, і ўсё-такі кожны раз здзіўляліся, калі з’яўлялася новая разнавіднасць. Аднойчы а другой гадзіне ночы, калі неба было зацягнута хмарамі і рулявы ледзь мог адрозніць чорную ваду ад чорнага неба, ён заўважыў слабае святло пад вадой, якое паступова набыло форму вялізнай жывёлы. Нельга было вызначыць, свяціўся гэта планктон на яе целе, ці фасфарэсцыравала сама жывёла, але гэтае мігценне ў чорнай вадзе надавала прывіднай істоце невыразныя зменлівыя абрысы. Яна здавалася то круглай, то авальнай або трохкутнай, а потым раптам падзялілася на дзве часткі, кожная з якіх пачала самастойна плаваць узад і ўперад пад плытом. Урэшце гэтых святлівых зданяў стала тры, і яны апісвалі пад намі павольныя кругі. Гэта былі сапраўдныя страшыдлы, бо толькі бачная частка іх цела мела ў даўжыню 6—8 метраў. Мы ўсе хутчэй выбеглі на палубу і пачалі сачыць за прывідным танцам. Страшыдлы плылі за плытом, і гэтае відовішча працягвалася некалькі гадзін. Таямнічыя і бясшумныя, нашы святлівыя спадарожнікі трымаліся даволі глыбока пад вадой, часцей за ўсё з боку правага борта, дзе гарэў ліхтар, але іншы раз яны праплывалі проста пад плытом або з’яўляліся з левага боку. Мяркуючы па мігценню святла на іх спінах, можна было думаць, што жывёлы гэтыя па памерах большыя за сланоў, але гэта былі не кігы, бо яны ні разу не падняліся на паверхню, каб падыхаць паветрам. Магчыма, мы сустрэліся з гіганцкімі скатамі, якія змяняюць сваю форму, калі паварочваюцца набок? Яны не звярталі ніякай увагі, калі мы падносілі ліхтар да самай паверхні вады, стараючыся выбавіць наверх, каб можна было як след іх разгледзець.
I, як усе сапраўдныя дамавікі і здані, яны зніклі ў глыбіні, як толькі пачало брацца на досвітак.