Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 16.

Шрифт
Фон

Ніякага гарадскога ён табе болей не ўспамяне. Абмінаць будзе, калі дзе ўбачыць. Ты таго не думай! Усякі чорт толькі глядзіць, каб пацягнуць з нашага чалавека, — так прабірала свайго мужыка багатырка Заблоцкая.

І на Савосту насварылася яна, як той начэрпаў у конаўку вады, як падсунуў бліжэй да лавы свіное вядро, каб памыцца над ім.

— Не слухай, Савоста! От пільнуйся гаспадаркі — будзе лепш. Я на благое цябе не вучу.

І не дала яна яму памыцца ў хаце.

— Гэта ж і на дварэ цёпла. Пайшоў бы да студні ў карыта, што коні паіць. A то будзе тут мне ў хаце на чыстую падлогу наліваць.

Ад таго разу не пайшоў болей Зубрыцкі да Заблоцкіх. Але і не спраўдзілася Прузыніна слова. Не абыходзіў настаўнік Юстапа. Разоў з два за ўсё лета стрэліся былі яны. І абодва разы пра Савосту ўспамінаў Зубрыцкі.

— Ну, як жа ваш малы?

Усякі раз не забываўся сказаць:

— Вам яго, канечне, трэба аддаць у навуку. Проста грэх будзе, калі вы яго пры сабе будзеце трымаць.

Хлюпскае гарадское лепш, як Несвіжскую семінарыю, раіў ён. Казаў:

— Скончыўшы гарадское, многа прастарнейшы яму будзе свет.

Усё лета было ціха ў Заблоцкіх, а як прыйшла восень, дык і сварка знайшлася ў іх хаце. Толькі як ні бралася Прузына, а Юстапа яна не пераставіла. Як наважыў, свайго такі дамогся ён. Калі прыйшоў верасень, аддаў Юстап Заблоцкі свайго Савосту ў гарадское да Хлюпска. Хоць і не любіла Прузына слухаць яго мовы пра Савоставу навуку, але была ў Юстапа прывычка хваліцца ёй, што ён калі надумаўся рабіць, і чаму сама лепш зрабіць так, як ён хоча. От што казаў гэтага разу багатыр Заблоцкі.

— Яно, можа, і праўду казаў настаўнік, што прастарнейшы яму ў гарадскім будзе свет. Ды тут і нам спрытней. Праўда, старая? Усё бліжэй, як у Несвіжы на настаўніка вучыць. Тут і яду, і адзежу зручней падаць, а там — у Несвіжы — усё з капейкі жыць трэба.

Ды не так з ядою, як з адзежаю цяжкавата было баркаўскому багатыру. Даўней значылі вучняў, як тых авец: баяліся — каб хаця дзе яны не адбіліся ды да другога, няшкольнага, статку не прысталі, каб, калі гэта і здарыцца, спрытней было іх вылучыць адтуль. Авечкам вушы рэжуць, знакі чапляюць, а вучняў значылі адменнаю шапкаю, аднастайным палітонам. І ўсё гэта бацьку за свае грошы справіць трэ было. Прыйшлося небалазе Юстапавай багатырскай кішэні.

Доўгі падаўся Прузыне першы тыдзень без Савосты. Як дзень міне, то — год, адлічвала яна. І на пятым годзе, што па-даўнейшаму так і зваўся — пятніца, пачала яна ганяць Юстапа.

— З’ездзі ты, прывязі яго. Хаця я пагляджу, які ён цяпер.

Але без пары не паехаў Юстап. Пачакаў ён заўтрашняга дня. А заўтра як раз была субота. От тады, як ужо з паўдня звярнула сонца, запрог каня Заблоцкі. З’ездзіў ён да Хлюпску, прывёз на нядзелю Савосту дадому.

Згледзеў Зубрыцкі з школы праз вакно Савосту дадому едучы, ды зараз прыйшоў і ён да Заблоцкіх. Цікава было настаўніку, у малога распытаўшыся, успамянуць свае семінарскія, дураўныя гады.

— Ну што? Як табе паводзіцца?

— А што мне?! Прыйдзе настаўнік — кніжку расхінеш або сшытак наверх дастанеш. А званок зазвоніць — выйдзеш у калідор. Крычаць, бегаць там у нас няможна.

Куды больш пачуў Зубрыцкі, як Савоста сказаў. І пачуў, і ўбачыў сваю семінарыю ён. Там было гэтаксама: і расхінёная кніжка, і сшытак, і настаўнік, і званок, і калідор. Не аднакая кніжка, не адзін сшытак, шмат усякіх настаўнікаў было. Не аднакі званок з лекцыі і на лекцыю званіў. Святлеў, прастарнеў, намружысты, вузкі калідор у суботу па апошняй лекцыі.

— Ну, а як жа табе? Не цяжка?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги