Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 10.

Шрифт
Фон

Ды ўрэшце, гэта як хто хадзіць умее. Вы папсавалі сабе хром, а Савоста ў патапцах — такіх лапцях з сукачоў — перайшоў, як чэрці яго перанеслі: ані ног не папрамочваў. Бо ён дарогу ведае, ведае, дзе ступіць, каб на кладку, што зверху мохам зарасла, трапіць. Ані не знаць кладак на заручычах нам з вамі, а Савоста ведае, дзе каторая ляжыць.

Толькі выйшаў з западзі на ўзгорак Савоста, ажно там пад Заблоцкіх бярозаю стаіць Язукоў Клемка з лемантаром. Прыйшло на Клемку безгалоўе — ненавідная восень. Выганяе бацька з хаты. Нешта ж надумаўся Язук Філончык. З сына чалавека зрабіць захацеў. Ды дзе там з Клемкі чалавек будзе, калі ён, малым быўшы, зашыў сабе розум. Бывала, абы вырваўся гузік, не меў ён моды даць мацеры ўшыць, а сам возьме нітку, сам завалачэ ў іголку і на сабе, нічога ў зубы не ўзяўшы, верне гузік на яго даўнейшае месца. Ушые ды яшчэ і памацуе: ці моцна сядзіць.

Абы прыйшлі пакровы.

— Пайшоў у школу, — чуе Клемка назаўтра ранічкаю.

Далася добра Філончыку школа ў знакі. Кажан год чакаў яго там злосны баркаўскі настаўнік Зубрыцкі, трымаў напагатове лінейку ў руцэ. Не было над яго лепшага майстра лапы даваць.

Штогоду зношвалася ў Зубрыцкага на гэтай рабоце моцная дубовая лінейка. Штовосені перад пакровамі рабіў яму сталяр новае гэта начынне.

Толькі адчыніць, бывала, Клемка Філончык у клас дзверы.

— Ну што, бальшун? — пытае Зубрыцкі, не дасць ён і разгледзецца яму. — Ізноў у першазімцы?

Баяўся Клемка надта ў рукі холаду. Пакуль па пакровах назаўтра пяройдзе ў школу, паробяцца яны ў яго, як карчы. Добра, што Зубрыцкі не толькі настаўнік, але і доктар крыху быў. Умеў ён даць раду мярзлявым рукам. Яшчэ не змоліцца Клемка адказаць, куды ён: у першазімцы ці ў першае гэты год сесці думае, а ўжо настаўнік вітацца ў яго просіць:

— Дай сюды правую!

Толькі неяк не па-людску вітаецца Зубрыцкі. Бярэ Клемкаву руку за самыя пальцы, моцна — каб не вырваў — трымае. Пераверне далонню ўверх, як мага больш выпучыць яе. Тады возьме лінейку з стала. Памаленьку, не спяшаючыся, урэжа Філончыку пару лапаў. Зачырванеецца, гарыць рука, а Зубрыцкаму гэтага мала.

— Левую дай!

І ў тую ўкіне гэтулькі сама лап, каб ў крыўдзе не асталася.

Такую ўжо быў моду паняў баркаўскі настаўнік: перш зрабіць рукі як пампушкі, а тады дасць лемантар у іх патрымаць.

— Ну, чытай! Ма… А як далей?

— Мы-а, ма… — добра пачне Клемка, але да канца гэтай мудрасці ўсё роўна не чытаецца: не знясе гэтага яго зашыты розум.

— Мама мыла раму, — падкажа Зубрыцкі, як збрыдае яму ад Клемкі гэтага хітрага адказу чакаючы. — А што, надаўбень?! Я такі не памыліўся, наперад даўшы гасцінца. От ты цяпер і зарабіў яго.

Паглядзіць настаўнік на Клемкавы рукі: як вараныя ракі яны ў яго.

— У першазімцы.

Кажан год быў Філончыкаў першы дзень у школе падобен на леташні такі самы дзень: тая гаворка, тое чытанне, тыя самыя чатыры лапы. І кажны год садзіўся Клемка на тую самую лаўку — на самую апошнюю, што стаяла ў самым кутку пры сцяне. Яна самая высшая была ў школе. І было на ёй ад Зубрыцкага многа зацішней.

Гэтага ж году меўся быць цуд. Ужо, калі шыў што Клемка на сабе, дык браў істужку ці палатна кусок у зубы. Трымаў яго так аж датуль, пакуль не ўся ў яго работа была. Сцярогся, каб хаця як незнарок ізноў розуму не зашыць. Пасталеў, паразумнеў Клемка, восем год у школу пахадзіўшы, і наважыў ён гэту восень з першазімцаў у першае перайсці.

Ды і пара была, тым часам: ці дасцё веры?! Васемнаццаты год ад першай прачыстай пайшоў хлопцу. Цяпер з гэтага дзіва.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги