Юры Станкевіч - Эрыніі стр 4.

Шрифт
Фон

«Самі даведаецеся, — паціснуў плячыма Шэрыф. — Урэшце, калі ў двух словах… Ён неяк сцвярджаў, што наш Сусвет — Сімуляцыя, створаны штучна і не што іншае, як інфармацыя. За гэта трызненне яго, пэўна, калісьці і скіравалі на нары».

«I гэта ўсё?»

«Яшчэ ён гаварыў, што чалавецтва з часам ператворыцца ў малпаў».

«Ён гэта вам паведаміў ці яшчэ каму?» — спытаў Слядак.

«Не толькі мне, вядома, а шмат каму. Першым мне пра гэта далажыў Штучнік».

«Штучнік — гэта ваш інфарматар?» — прафесійна здагадаўся Слядак.

«Ну, які ён інфарматар, — пакрывіўся Шэрыф. — Так, ад выпадку да выпадку. Дурагон. Адным словам — штучнік. Я яму і псеўда адпаведнае прыстасаваў».

Шэрыф паляпаў далонню па кішэні, выцягнуў плоскі кітайскі партсігар, вылавіў з яго губамі цыгарэту і пстрыкнуў запальнічкай, што была ўманціравана ў яго ж. Дым ад таннага тытуню паплыў, раствараючыся ў паветры. Слядак паморшчыўся, бо не паліў.

«Раней, да Катастрофы, за такія думкі адразу зачышчалі, — дадаў участковы. — Цяпер усім на ўсё пляваць».

Шэрыф выцер твар і шыю ад поту насоўкай і, падыміўшы хвіліну, далікатна затаптаў недапалак.

«Я паслаў запыт праз Сеціва…» — пачаў ён тлумачыць, але нечакана змоўк.

Абодва азірнуліся, бо за іх спінамі пачуўся характэрны шоргат ад чыіхсьці крокаў.

«А вось і гаспадар», — сказаў Шэрыф.

Крэз быў даволі высокі, з квадратным тварам і голым, без ніводнага валаска чэрапам. Глыбока запалыя яго вочы незразумелага колеру сустрэліся з позіркам Следака. Той міжвольна адзначыў для сябе, што ў вачах старога не было бачна і нават не адчувалася ніводнай прыкметы шаленства, а наадварот, быў (Слядак у думках пашукаў і хутка вызначыў слова) стаічны спакой.

Ён павітаўся, але Крэз не адказаў. Шэрыф, разбураючы між тым напружаную паўзу, пасунуўся да старога ўсутыч і паклаў таму руку на плячо.

«А мы да вас, дзядуля», — усміхнуўся ён, паказаўшы рэдкія, жоўтыя ад нікаціну зубы.

«Мне цяпер збірацца? — адразу спытаў Крэз. — Ці спачатку будзеце па хаце шманаць?»

Ён рашуча скінуў з пляча руку ўчастковага, але той не пакрыўдзіўся, а наадварот, засмяяўся ўжо па-сапраўднаму — гучна і хрыпата.

«Не ў тэму вы каціце, Крэз, — урэшце сказаў ён, абарваўшы разам смех. — Мы не збіраемся вас арыштоўваць, а потым упакоўваць на нары. Я прывёў вам на пастой чалавека з Мегаполіса. На пару-тройку дзён. У яго тут, дарэчы, справы».

«Я заплачу вам колькі скажаце», — дадаў і Слядак, звяртаючыся да старога ветліва, хоць і не паддобрываючыся.

Зноў запанавала паўза. Было бачна, што Крэз вагаўся, але яго падганяла спёка: клятчастая зношаная і брудная яго кашуля ўзмакрэла, і дыхаў ён цяжка.

«Заходзьце, — урэшце азваўся ён. — Згода. Але не больш як на тры дні. Плату гатоўкай і наперад».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги