Юры Станкевіч - Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў стр 8.

Шрифт
Фон

У ламбардзе яго ветліва сустрэў малады чалавек з прылізаным праборам на яйкападобнай галаве.

Зміцер Дашкевіч зняў з рукі гадзіннік і паклаў на стойку.

— Можна дамовіцца без афармлення, — сказаў ён. — Я наўрад ці сюды вярнуся.

Малады чалавек пачаў старанна вывучаць гадзіннік, паклікаў яшчэ аднаго — пэўна, больш уплывовага дзялка.

— У вас нешта дрэннае з тварам, — заўважыў той. — Урэшце, гэта ваша праблема, хоць мы можам прапанаваць вам асвяжыцца. Вы з кімсьці пасварыліся?

— Я спяшаюся, — сказаў Дашкевіч. — Давайце па сутнасці. Я прапаную вам «ролекс» за палавіну кошту.

— «Штуку» гатоўкай.

— Паўтары. Вы ведаеце лепш за мяне, што гадзіннік каштуе ў дзесяць раз больш. Інакш я паеду ў іншае месца.

Яны пераглянуліся.

— Згода. Няхай па-вашаму.

Зміцер Дашкевіч забраў грошы і выйшаў. Таксіст чакаў яго, як і абяцаў.

— А зараз, — сказаў Зміцер Дашкевіч, — паедзем у бліжэйшую краму, дзе гандлююць зброяй. Дзеці, бач ты, цікавяцца пнеўматыкай.

Крама знайшлася хутка. У гэты час там было адносна пуста. Прадавец, малады мужчына бандыцкага выгляду, не выказаў аніякага здзіўлення, пабачыўшы нецярплівага наведвальніка са свежым крывападцёкам на твары.

— Чым цікавіцеся? — спытаў. — У нас, дарэчы, шырокі выбар. Усё, так бы мовіць, для самаабароны: пнеўматычныя і газавыя вінтоўкі, карабіны, пісталеты, рэвальверы. Ёсць проста пугачы, камуфляж. Ад сапраўднай зброі не адрозніш.

— Мне натура трэба, — сказаў Зміцер Дашкевіч. — Я заплачу, як належыць.

— Ну, не кісла, — усміхнуўся прадавец, але быццам і не здзівіўся. — Вы, гэта, не заходзьце з поўначы. Вы хто? Мент?

— А што — падобны?

— Ды не вельмі. Бачу, што не мясцовы. Акцэнт. Але зараз нікому нельга давяраць. Жыццё такое.

— Рызыка аплачваецца ўдвая.

Запанавала кароткая паўза.

— Што трэба? — раптам, панізіўшы голас, спытаў прадавец. — Коратка. У выглядзе намёку. А я, можа, зразумею, а можа, і не.

— Калісьці з «макарам» сябрукаваў, — сказаў Зміцер Дашкевіч.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке