— Дамова ў нас. Ды што ты парышся, братан? — перайшоў на «ты» Зміцер Дашкевіч. — Каго прэсуеш?
— Ну, згода, знялі тэму. Праходзь, — мацак, у якога якраз засігналіў мабільнік, вярнуўся ў крэсла.
Зміцер Дашкевіч адразу ўзняўся на другі паверх і апынуўся ў доўгім калідоры, па баках якога месціліся пакоі з нумарамі на дзвярах і раз-пораз узнікалі чыесьці нетаропкія постаці. Нейкая ўскудлачаная дзяўчына ў шортах на яго пытанне тыцнула пальцам у адны з дзвярэй:
— Тут.
Стрыечніца Аня сядзела ў крэсле за невялікім столікам, на якім стаяла напаўпустая бутэлька віна і пара пласцікавых аднаразовых талерак. Побач з ёй, але на канапе ўладкавалася фарбаваная пад ружовы колер дзяўчына з лялечным тварыкам. Абедзве палілі цыгарэты.
Пабачыўшы брата, стрыечніца быццам і не здзівілася.
— Усё-такі высачыў, — сказала яна, крыва ўсміхнуўшыся. — Ну, давай, гавары!
— Я пайду, — адразу падхапілася яе суразмоўца і, не марудзячы, выйшла.
— Збірайся, — сказаў Змітрок Дашкевіч сястры. — Я не хачу ведаць, чым ты тут займаешся, але мы адсюль ад’язджаем. І лепш нават зараз. Пойдзеш у гасцініцу, дзе я спыніўся, і пабудзеш там, пакуль я прывязу білеты на цягнік.
— Я не паеду.
— Гэта яшчэ чаму? — спытаў ён і прысеў на канапу, дзе дагэтуль сядзела ружовая дзяўчына.
— У асноўным — ты ведаеш.
— Я ўжо ведаю, што ты ў яме. Трэба выбірацца. Я выклікаю таксі.
— Пакінь мяне ў спакоі. Я сама адказваю за сябе.
— Твая маці захварэла. Што я ёй скажу?
Стрыечніца тыцнула цыгарэту ў сподак.
— Скажы, што ў мяне ўсё добра. Я прыеду. Пасля.
— Хто тут цябе, да слова, крышуе? Я хачу з ім пагаварыць. Я бачыў тут людзей, якіх не назваў бы славянамі, як бы ні хацеў. Ты разумееш, што такія людзі спачатку завабліваюць, а потым апускаюць з нечалавечай жорсткасцю? Хіба ты не чула, што беспрытульным дзецям яны выломваюць рукі і ногі, калечаць старых, адбіраюць у іх дакументы, а потым саджаюць на асфальт жабракамі?
— Змоўкні! — стрыечніца раптам затрэслася ў плачы.
— Дзе твае дакументы? Пашпарт пры табе?
— Не. Забралі.
— Ідыётка! Пра што ты думала, калі даверылася?