Юры Станкевіч - Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў стр 3.

Шрифт
Фон

— У заможных людзей. Я даглядаю іх дзяцей.

— Наколькі я здагадваюся, ніякіх прапаноў з «Масфільма» табе не паступіла і ты не выйшла замуж за вядомага музыку ці спевака. Нават за звычайнага багатага адваката, які б павёз цябе ў гэты спякотны час у Еўпаторыю.

— У мяне яшчэ наперадзе жыццё, і я не думаю, што там, на радзіме, мне будзе лепш.

— Жыццё кароткае, а людзі часта хутка апускаюцца, нават не заўважаючы гэтага.

Аня нервова запаліла цыгарэту. Было бачна, што гутарка нядобра ўзрушыла яе, і яна ледзь стрымліваецца.

— Ну і няхай, — з выклікам адказала. — Гарбаціць, як ты, і чакаць нішчымнай пенсіі?

— Можна заўсёды знайсці якое захапленне, калі ты чагосьці варты, — заўважыў ён больш ціхамірна.

— Ну а ты чагосьці варты? Чаго? — укалола стрыечніца ўжо даволі злосна і чыста па-жаночы.

— Я прыехаў сюды не за тым, каб высвятляць гэта ці спрачацца з табой, а каб вярнуць цябе дадому. Дома лепш, чым на чужыне. Мне гэта добра вядома.

Аня зацята маўчала.

— Я хачу пагаварыць з людзьмі, у якіх ты пражываеш і працуеш, выхоўваючы іх дзяцей, — сказаў Зміцер. — Хто яны?

— Ды якая табе розніца?

— Ты мне не чужая, і вось зараз, прыкладам, я адказны за цябе. Хочаш ты гэтага ці не.

— Як я, на тваю думку, вярнуся дадому? З мяне пачнуць кпіць, скажуць, што я ні на што не вартая. Што я няздара.

— Тым не менш ты павінна вярнуцца назад, выйсці замуж і нарадзіць дзяцей. Азірніся вакол сябе хоць бы ў гэтым кафэ. Што тут добрага? Хіба не агідныя табе людзі, якія віруюць за столікамі? А насмактаўшыся, як камары, пачнуць рабіць адно аднаму гадасці?

— Ну не ўсе ж кафэ такія. Не ўсе людзі агідныя.

Маўчалі, пакуль іх бакалы з віном апусцелі, а ежа знікла.

— Урэшце, я не хачу з табой сварыцца, — падводзячы вынік, сказаў Зміцер Дашкевіч і паклікаў афіцыянтку, каб расплаціцца.

Яны выйшлі з кафэ і апынуліся на ходніках, ад якіх зыходзіла задушлівая гарачыня. Над горадам, над даляглядам яшчэ вісела сонца. Было спякотна.

— Раю падумаць пра наш ад’езд да заўтрашняга дня, — прапанаваў Зміцер Дашкевіч стрыечніцы. — А пакуль я цябе праводжу да твайго жытла і, калі ты не супраць, пазнаёмлюся з тваімі, так бы мовіць, працадаўцамі. Да вечара яшчэ шмат часу.

Адразу адчуў, як наструнілася Аня.

— Я дайду сама, — рашуча адхіліла яна братаву прапанову. — І… абяцаю табе падумаць, а заўтра дам адказ. Дарэчы, ты не забыўся, у якім баку твая гасцініца?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги