Ён з самага ранку настроіўся не спяшацца, як не спяшаецца звычайна ніколі сапраўдны вясковы мужык. У лесе кінуў на сцежцы санкі, доўга хадзіў, выбіраў раўнейшую, даўжэйшую хвойку. Усё былі роўныя і доўгія, і раслі пры самай дарозе. Прайшоў далей у лес — яшчэ лепшыя. Успомніў, што збіраўся насекчы лучыны, вярнуўся назад да дарогі — вось, тоўстая, камлюкаватая насечаная хвоя, насечку нядаўна нехта паліў і ўвесь камель аж да галін чорны.
Антон пасядзеў на санках, пакурыў. Усё пад бокам, думаў ён, — хочаш, хвойкі на жэрдкі, лучына, а летам тут жа, дзесяць мінут ходу, грыб, ягада, а вясною хочаш, прыходзь стаў сок — вунь тры таўсценныя бярозы на пагорку... Папляваўшы для большай спаважнасці на далоні, насек лучыны — смачна хэкаючы, адчуваючы, як слухаюцца рукі, глыбокія і ладныя робяцца падсечкі і злупліваецца зверху вялікі, з аднаго боку гарэлы, з другога — жоўта-смалісты пахучы пласт... А некалі брат рубаў, а ён стаяў воддаль, каб не агрэла трэскаю, пазіраў з зайздрасцю... Склаў пласты каля санак, зноў трохі пахадзіў па лесе, нагледзеў урэшце дзве хвойкі, адна каля адной, абтупаў снег каля камлёў, каб ссячы пры самай зямлі; пагаварыў з імі ў думках, папрасіў прабачэння, што сабраўся іх забіваць — як рабіў у дзяцінстве, калі ўсё вакол здавалася жывым, разумным, і ён гаварыў і з катом, і з рэчкай, у якой купаўся, і з морквай, якую грыз, — так і цяпер: пагаварыў: «Вядома, вам тут лепш... І гэтыя бярозы будуць па вас сумаваць, і гэты дубок, які, нябось, ужо заглядаўся на вас, гадаў, каторую ўзяць у жонкі... Але што зробіш? Будзеце вісець у плоце прыбітымі да шулаў, вуліцу паглядзіце, людзей, машыны, кот па вас будзе бегаць. Тут, у лесе, магла б бура зваліць, ці самі па сабе састарэлі б, згнілі б — і ўсё; а ў плоце паслужыце, спарахнееце, парэжуць вас на дровы, спаляць, і паляціце дымам над гэтым лесам, над Беларуссю, свету пабачыце...»
— Селянін за гэты час высек бы і абчасаў даўно! — схамянуўшыся, сказаў сабе Васкевіч.
Але настрой гэты — «здзяцінелы», узнёслы — не пакідаў яго, пакуль высякаў, цягаў па адной хвойцы, прывязваючы камель да санак, а доўгі хвост валачыўся па снезе і спружыніў на буграх і ямах, пакуль абчэсваў, здымаў кару... Раскідаў старое прасла — амаль усе дошкі пагнілі там, дзе былі прыбітыя цвікамі, парасколваў гэтыя дошкі напал, і ўсё пайшло ў дзела. Хутка новенькае прасла жаўцела сваімі новымі жэрдкамі, адыходзіць не хацелася... Насек са смалістых пластоў поўны вялікі кош лучыны, а рукі ўсё не ўнімаліся, яшчэ прасілі работы. Падмёў хату, вытрас палавікі, гадзіны ў чатыры, калі ўжо змяркалася, запаліў у грубцы. На гэты раз не паспелі яшчэ як след разгарэцца дровы, як на двары пачуўся тупат, і зайшла маці з братам Сцяпанам. Маці, відаць, адпрасілася раней, заехала ў горадзе да Сцяпана, і вось, прыбылі, вырашаць Антонаў далейшы лёс. Маці была зусім іншая, чым учора, — ці проста выгаварылася дарогай Сцяпану, ці паспела ўжо ўбачыць і новыя жэрдкі, і кош лучыны, і што ў хаце чыста.
— Ну, як ты тут, сынок? — спытала і хутчэй кінулася збіраць на стол. На гэты раз знайшлася і пляшка.
Сама за стол не села, прыткнулася на ўслончыку каля печы.
— Вот, Сцёпа, вот куды яму дзецца? — спытала маці, калі браты выпілі і Сцяпан цягнуў з міскі поўную лыжку тугіх, слізкіх у алеі грыбкоў; па яе інтанацыі можна было здагадацца, што за сённяшні дзень яна задае гэтае пытанне не ў першы раз.
— Ён жа не малое дзіця, — асцярожна адказаў Сцяпан, жуючы грыбкі, пазіраючы на брата спагадлівымі вачыма з-пад чорных густых броваў.
— З Менска я выпісаны поўнасцю, і што рабіць, пакуль не знаю, — шчыра сказаў Антон. — Можа, у горадзе можна будзе як прыляпіцца?
— І не думай! — ускрыкнула матка. Відаць, і пра гэта яны са Сцяпанам ужо гаварылі.
— Горад... — Сцяпан фыркнуў насмешліва. — Добра, калі б быў горад!.. Гэта табе не Мінск, ці, як ты кажаш, Менск. Ды гэта большае балота, большая глуш за нашую вёску, за любы хутар! Абшчагі, заводы, бруд, аўтобусы ходзяць абы-як, у выхадныя да цэнтра няможна дабрацца, а калі і дабярэшся, дык што? Што ў нас за цэнтр? Два кінатэатры? Поўна нейкіх зэкаў, хімікаў, страшна па вуліцы прайсці... Зацемна еду на работу, зацемна вяртаюся, замыкаемся і глядзім тэлевізар — вось мне і ўвесь горад... Але хоць дзякую Богу, што вырваўся з той абшчагі рабочай, хоць гэтую маласямейку далі, а то ж страшна ўспомніць... П'янкі, бойкі, дзверы трашчаць, вады вечна няма, на кухнях нагаджана, пліты паламаныя, у душ пасля работы не сходзіш, калі і вада ёсць, бо баішся схапіць якой каросты ці грыбок!.. Наш горад!..
Антон лічыў старэйшага на шэсць гадоў брата лепшым сваім сябрам, самым блізкім па духу чалавекам. Яны перапісваліся ўжо гадоў з дзесяць — з тых часоў, калі Сцяпан пайшоў у армію, астаўся там «макароннікам» — звыштэрмінова, — ажаніўся, потым вярнуўся, але ўжо Антону настаў час служыць... Бачыліся яны мала і рэдка, таму толькі ў пісьмах і маглі спавядацца, раскрываць адзін аднаму душу.
Яны былі не падобныя. Сцяпан — вышэйшы ростам, плячысты, па-паляшуцку марудлівы ў рухах і словах, з грубымі, моцнымі рукамі — адразу было відаць, што чалавек працуе фізічна, многа і нялёгка працуе. У адрозненне ад бялявага Антона, які пайшоў трохі ў бацьку-нябожчыка, трохі ў светла-русага дзеда Антона, Сцяпан быў увесь у матку: зусім чорны, скуласты, з паляшуцкімі глыбокімі чорнымі вочкамі. Перад тым, як Антону ісці ў армію, яны сфатаграфаваліся — чорны Сцяпан і белы, з доўгімі патламі, у белай куртцы Антон — і ў Сцяпана потым пыталі, ці не сястра гэта яго? Сапраўды, Антон перад войскам упершыню згаліў пушок са шчок і пад носам і быў падобны на дзяўчыну.
Раней, у дзяцінстве, у школьныя гады Сцяпан, як і належыць старэйшаму, быў ва ўсім галоўны, завадатар. Антон слухаўся яго і пабойваўся, бо брат, калі што не па ім, цырымоніцца не любіў, часцяком пападала Антону і па вушах, і асабліва па тым месцы, з якога ногі растуць. Потым, калі Сцяпан, ужо жанаты, жыў у горадзе, а Антон, адслужыўшы, вучыўся ў Мінску, неяк ролі памяняліся, неяк патроху-патроху ўжо ён, Антон, пачаў выходзіць у «камандзіры», а брат слухаў яго і верыў... Сцяпан не здзівіўся, калі аднойчы атрымаў ад брата ліст, напісаны па-беларуску, ліст блытаны, з клічнікамі, з намаляваным унізе бел-чырвона-белым сцяжком, з выразкамі з нейкіх газетак... Антон пісаў, што цяпер у Мінску многа такіх, як ён, што ён раней быў сляпы, а цяпер нібы наноў нарадзіўся на свет. «Успомні, — пісаў Антон, — як у нас заўсёды, з малых гадоў жыло адчуванне, што мы — беларусы, чорт вазьмі! І самі павінны гаспадарыць на нашай зямлі! Успомні, як мы чыталі «Векапомныя дні» Лынькова, Паслядовіча — мы ж чыталі наадварот, між радкоў вышуквалі, што за «нацыяналісты»? Дзе яны цяпер? Чаго яны хацелі? Чаму іх з такой нянавісцю, пагардай, сатыраю апісваюць Лынькоў, Паслядовіч і іншыя?»
Гэта была праўда. Сцяпан адразу ж адпісаў таксама па-беларуску, паведамляў, што ён ужо аднёс на працу і раздаў рабочым выразкі з газетак, паказаў там, які сапраўдны беларускі сцяг (забягаючы наперад, скажам, што яму гэта бокам вылезла).
— Ты збіраешся... калі-небудзь вярнуцца зноў у Мінск? — спытаў Сцяпан. Ён рабіў з хлебнага мякіша шарыкі і еў іх.
— Як табе сказаць... — Антон задумаўся. — Вядома, збіраюся. Тут да смерці сядзець не буду.
— Едзь, а цябе зноў выжануць! — уставіла маці.
— Мы, пакуль ішлі, гаварылі з маткаю... Антон, ты ж не адзін такі быў? Я ніколі не паверу, што ты быў нейкі галоўны там... А выгналі цябе. Няважна, за п'янку ці за што — проста ты падлез пад гарачую руку... Шэнціць перастала. Пайшла нейкая чорная паласа, бываюць такія палосы... Трэба перажыць яе, пераседзець, і ўсё наладзіцца.
— Гэта я і сам ведаю. Але дзе пераседзець?
— Тут. У маткі. Я табе параю: ідзі заўтра ж у сельсавет, прапісвайся і жыві.
— Ды я і сам так хацеў бы! — Антона ад гарэлкі, а яшчэ больш ад гэтай спакойнай мужчынскай гаворкі пацягнула на шчырасць, якой ён з маці не мог дапусціць. — Сёння вось у лес схадзіў, жэрдак прывёз... — ён хацеў расказаць, як адчуваў сябе селянінам і як гэта добра было, але пры матцы не стаў: — Але кожны ж дзень не будзеш ездзіць па жэрдкі! А чым заняцца? А жыць за што? Цыгарэт купіць, кашулю якую новую, шкарпэткі... А на матчынай шыі я сядзець не хачу.