— Чалавек дзесяць.
— А цябе аднаго выгналі? Чаму?
«Хацеў бы я гэта і сам ведаць...» Антону раптам падалося, што маці разумее нашмат больш, чым яму здаецца — можа, ва ўсялякім разе, зразумець — і зноў пяшчота і шкадаванне да яе заварушыліся ў ім, але зноў ясна было, што калі пачаць гаварыць з ёю інакш, чым ён цяпер, больш лагодна, пачаць суцяшаць — яна толькі спалохаецца, адчуўшы нешта няладнае. «Ах, дурань! — запозна падумаў ён. — Трэба было не апраўдвацца, казаць, што выгналі за п'янку, тады б і ёй, і ўсім усё было б зразумела!»
— Валера ж вунь не выганяюць... — нібы сама сабе расказвала маці, — вучыцца хлопчык цішком-нішком, з такой жа беднай, як гаворыцца, сям'і (Валер, сын Надзі-паштальёнкі, Антонаў аднакласнік, таксама вучыўся цяпер у Мінску, у радыётэхнічным), жаніцца, тая хвалілася ў магазіне, скора будзе... Адзін ты!..
— Нашто ты так гаварыў? — спытала зноў у Антона. — Хіба ты не ўмеў, як трэба? Ты ж разумны, у варміі служыў...
— Мама, я хацеў гаварыць так, як ты мяне з малых гадоў вучыла, як мяне ў школе вучылі, як у нас усе гавораць! Вы такія ж людзі, як і тыя, што жывуць у горадзе, у вас такія ж галовы і такая ж культурная мова... ну, язык, як і ва ўсіх...
— Г...о ў нас, а не язык! У адной дзярэўні так скажуць, у нашай — яшчэ інакш, а выходзіць ні па-польску, ні па-конску...
Памаўчалі.
— Вунь паслухай, у целявізары гавораць па-беларускаму... Антон! Чаму іх не выганяюць?
«А чорт іх знае!» — хацеў адказаць Антон, але сказаў другое:
— Гэта ж дыктары, гэта работа іхняя, а на вуліцы яны па-руску чёкаюць, як Надзін прымак.
— І ты б на вуліцы гаварыў па-рускі... А пісацелі? Пісацелі ж пішуць, і гавораць, і ў радзьве — хіба іх хто чапае?
— Не ведаю.
Зноў пачаў засынаць Антон, і зноў адазвалася матка:
— Яшчэ ў якую цюрму забяруць. «Да — вось, здавалася б, самае дзікае глупства, бязглуздзіца: за тое, што гаварыў па-беларуску ў Беларусі, адлічваюць з інстытута, родная матка, вяскоўцы замест таго, каб ганарыцца, што хоць адзін знайшоўся, які любіць іх, іхнюю мову, звычкі — замест гэтага дапускаюць, што кара яшчэ замалая, што не будзе вялікага дзіва, калі яго яшчэ ўпякуць у турму! Як усё ж умее думаць вясковы практычны мозг!.. Самае цікавае, што мала памыляюцца...»
Але ў самога Васкевіча мозг болей думаць не хацеў, дужа мякка і цёпла было ляжаць. Матка яшчэ нешта пыталася, гаварыла, але ён больш не слухаў, не адказваў — перастаў змагацца са сном, і салодкія хвалі закружылі яго, загайдалі, у вушах пачуўся перастук вагонных колаў, запішчаў снег пад Пульсавымі саначкамі... Так моцна і соладка, як у гэтую ноч, Васкевіч даўно ўжо не спаў.
За акном трошкі развіднела. У хаце было ціха. Маці зноў пайшла на працу, яна падмяняла гэты месяц сваю хворую зменшчыцу.
Васкевіч ляжаў, круціўся пад цёплай коўдраю, не жадаючы расставацца з лёгкай, ціхай прыемнасцю ад здаровага сну, ад родных сцен, ад таго, што ён адзін у хаце. Ён палюбіў быць адзін раніцамі яшчэ з дзяцінства, калі неяк, таксама зімою, моцна захварэў на вятранку і два тыдні сядзеў дома. Брат сыходзіў у школу, маці — у саўгас, а ён уключаў святло, бо за акном стаялі такія ж, як цяпер, прыцемкі, браў у ложак міску сухіх гарбузовых зярнят, кніжку — Мележа ці Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» — і за некалькі гадзін перажываў некалькі чужых жыццяў, такіх яркіх, цікавых, і разам з тым такіх блізкіх і падобных на сваё будучае жыццё... У Мележа Васіль абдымаў Ганну, а ён, чытаючы, думаў пра сваю новую маладую настаўніцу батанікі і ўяўляў, як ён вырасце і таксама будзе абдымаць дзяўчыну, падобную да гэтай настаўніцы. У кніжцы смалілі вепрука, а ён думаў, што і яны скора будуць біць кабана, а ён, Антон, залезе на печ, будзе пазіраць, як дзядзька Мікола-ляснік пакладзе на лаўку свой штык-нож, скіне шапку, перахрысціцца на пусты кут (абраз Міколы ў большай хаце), потым сядуць з братам за стол, вып'юць, матка будзе круціцца каля стала і прытворна дзякаваць, увесь час крадком пазіраючы на пляшку, ці не многа выпілі... А ён, глытаючы слінкі, адчуваючы страшны, да моташнасці голад, будзе пазіраць з печы, і вось урэшце матка падасць яму місачку свежаніны з лустай хлеба, шкваркі — каторая перасмажаная, аж чорная, каторая ледзь пажаўцелая, з белым салам, але ўсе да таго смачныя, што нават шкада глытаць іх, хочацца даўжэй патрымаць у роце, ды не слухаюцца і, неразжованыя, неяк самі пракоўтваюцца...
Тэлевізара тады не было. Антон вылазіў з-пад коўдры, бег па халоднай падлозе, уключаў радыё, стрымгалоў ляцеў назад і, лежачы, слухаў, як галасы з зусім іншага свету напаўняюць хату нейкай урачыстасцю, адчуваннем свята, быццам усё гэта для аднаго яго, хворага Антона...
Нешта падобнае ён адчуваў і цяпер. Лёгка, прыемна, радасна было ляжаць пад коўдрай аднаму ў хаце, глядзець у акно на ранішні прыцемак, але і ўставаць было радасна, бо чакала праца, якую Васкевіч умеў і любіў рабіць. Галоўнае, сам сабе гаспадар, ніхто не будзе камандаваць: як зробіш, так і добра.
Маці, падняўшыся ў чатыры гадзіны, паспела выпаліць у печы. На прыпечку стаяла патэльня смажанага мяса, падагрэтая ўчарашняя бульба. Васкевіч добра пад'еў — у Мінску забыў, калі ўвогуле апошні раз еў раніцай, — выйшаў на двор. Мароз яшчэ больш адлёг, усё было ў тумане. Дыхалася лёгка і здорава, як у дзяцінстве, ды ўсё вакол і было дзяцінствам: і гэтая сцяна хаты, і плот, і хлеў, і ледзь бачныя ў тумане абрысы блізкага лесу... А як добра само па сабе, смачна пад'еўшы! І гэтыя штаны байкавыя, валёнкі, кухвайка — цёпла, зручна...
Ён залез на гарышча, скінуў вялікія санкі, пацягаў іх трохі па снезе, каб адцерці з палазоў, у дрывотні знайшоў кавалак новай аборкі, падперазаўся і засунуў пад аборку сякеру. «Паглядзелі б цяпер на мяне хто з Мінску... — падумаў ён, ідучы агародамі па рыхлым снезе да пахмурнага лесу. — А можа, сапраўды, гэтая кухвайка і сякера за поясам якраз і ёсць маё, і не варта было рыпацца, шукаць нечага іншага...»