— Ніхто мяне не выганяў. Я заваліў экзамены і ўзяў... на год ці на паўгода акадэмічны водпуск.
— Не брашы, сынок, ты два гады вучыўся на круглыя пяць.
— Скажы лепш, — схамянуўся ён, — чаму ты раструбіла па ўсёй вёсцы, што мяне выгналі за п'янку?
— Я раструбіла?! Я маўчала, як тая рыба ў пельцы! Гэта ж тая, на пошце, прачытала тваё пісьмо! (Маці мела зуб на Надзю-паштальёнку, некалі сама хацела прыстроіцца насіць газеты, але ўзялі Надзю як больш «граматную».)
— Як прачытала? Чужы ліст?
— Так, разадрала канверт і прачытала! Яна што хочаш можа! І пісьмы чужыя чытае, і што хочаш... Пабач на сам, — маці дастала з шуфлядкі тумбачкі пісьмо, падала.
Праўда, добра было відаць, як няўмела, грубавата падклейваўся ў другі раз верх канверта. Васкевіч пакруціў канверт у руках — «А раптам гэта не Надзя?» — падумаў ён і знаёмы з Мінска халадок варухнуўся ў грудзях, каля сэрца.
— А я ўжо як пабачыла, — казала далей маці, — што яе рук гэта не мінула, тады ўжо і я ў магазіне — як то сказаць, прабалтала, што, можа, Антон мой хутка прыедзе. Што, можа, ён там у Мінску трохі выпівае. А так — я ж маўчала, як рыба!
Антон абгарнуў ручніком чыгунчык, сцадзіў у вядро, паклаў у талерку некалькі гарачых бульбін, падсунуў да маткі. Але тая не стала есці, усхапілася, выцягнула з печы вялізны чыгун са «свінячай» ежаю, у вядро з адцэджанай вадою сыпнула мукі, укінула паўкулідкі хлеба, пачала мяшаць рукою...
— І што ты думаеш рабіць цяпер? Адзін, як гаворыцца, на ўсе дзярэўні?
— Нічога... жыць.
— Ну жыві. Ідзі ў які калхоз, калі шчэ возьмуць, ды сядзі тут з маткаю... Будзеце піць з Пульсам, бо той тожэ адзін сядзіць, дык той дурны, а ты ж разумны...
Панесла вядро на двор, а Васкевіч зноў прысеў перад грубкаю, у якой даўно ўжо ўсё патухла, і паўтараў сам сабе, бы зацыклены: «Не Надзя, гэта не Надзя...»
Вяртаючыся, маці заскочыла ў поргаб, прынесла ў хату кош, выставіла з яго слоік гуркоў, слоік памідораў, слоік белых марынаваных грыбкоў, міску квашанай капусты, пабегла ў калідор, падсмажыла хутка на газе мяса з яечняю — застаўлены аказаўся ўвесь стол. Паелі моўчкі. Раней, калі Антон прыязджаў з Мінска, заўсёды пытала, ці не вьп'е, і калі згаджаўся, ставіла пляшку куплёнай гарэлкі — цяпер нават не папыталася. Хутка Антон падзякаваў, выбраўся з-за стала, накінуў на плечы кухвайку, выйшаў на двор пакурыць. Марозу амаль не было, ледзь-ледзь мігцелі над галавой слабыя зоры. Усё навокал цёмнае, чорнае — нават плот і дрывотня здаюцца нечым чужым, фантастычным... Моцна пахла начным адліжным снегам, і проста рука не паднялася закурыць, перабіваць гэты пах. «Нічога, цяпер усё ясна. Чысты перад Богам і людзьмі».
Спаць ляглі рана. Ціха ішоў тэлевізар. Антон пачаў быў ужо засынаць, як зусім бяссонным голасам азвалася маці:
— Нашто ты піў?
— Мама, я не піў. Гэта доўга расказваць. Мяне выгналі за тое, што я гаварыў так, як вы. Як у вёсцы гавораць. Па-беларуску.
— Не брашы. За гэтае нікога не выганяюць!
— Мяне ж выгналі.
— А яшчэ каго? — з надзеяй спытала маці.
— Нікога больш.
— Хіба ты адзін так гаварыў?