Праз нейкi час у хол увайшлi два высокiя, смуглявыя, маладыя хлопцы. Вочы ў жанчыны засвяцiлiся ад радасцi. А сыны падышлi да мацi, абнялi яе i моцна пацалавалi.
— Яны не гавораць па-ангельску, сэр, але крышачку разумеюць. Ну i, вядома, валодаюць турэцкай мовай, як мясцовыя, а таксама — грэчаскай i iталiйскай.
Я пацiснуў iм рукi, потым сiньёра Нiкалiнi нешта сказала, i яны пайшлi.
— У вас прыгожыя хлопцы, сiньёра, — сказаў я. — Вы, пэўна, ганарыцеся iмi.
— А як жа, сэр. Слаўныя хлопцы, абодва. З самага нараджэння не мела я з iмi клопату, а галоўнае, яны надта падобныя на сiньёра Нiкалiнi.
— Ведаеце, нiколi не здагадаешся, што мацi ў iх ангелька.
— А я не зусiм iх мацi, сэр. Я толькi што пасылала iх праведаць яе.
Шчыра кажучы, я быў трохi збiты з толку.
— Гэта дзецi сiньёра Нiкалiнi i грачанкi, што працавала ў нашым атэлi. У мяне не было сваiх дзяцей, i я iх усынавiла.
Я не ведаў, што сказаць, таму маўчаў.
— Я спадзяюся, што вы не падумалi нiчога кепскага пра сiньёра Нiкалiнi, сказала яна, блiжэй падсоўваючыся да мяне, — мне хацелася б, каб вы так не думалi, сэр.
I яна зноў скрыжавала на грудзях рукi i з гонарам i задаволена дадала:
— Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi тэмпераментны мужчына.
Перакладнiк (на Ўсходзе).
Лонданскае прастамоўе, ужываецца ва ўсходняй частцы горада.