— Яна сказала, што будзе танцаваць са мной, калi я прынясу ёй чырвоную ружу! — усклiкнуў малады Студэнт. — Але ў маiм садзе няма нiводнай чырвонай ружы.
Са свайго гнязда на дубе гэта пачуў Салавей. Ён выглянуў з лiстоты i прыслухаўся.
— Нiводнай чырвонай ружы ва ўсiм маiм садзе! — зноў усклiкнуў Студэнт, i яго прыгожыя вочы напоўнiлiся слязьмi. — Ах, ад якой дробязi залежыць шчасце! Я прачытаў усё, што напiсана мудрымi людзьмi, я ведаю ўсе сакрэты фiласофii, але таму толькi, што ў мяне няма чырвонай ружы, маё жыццё будзе разбiта.
«Вось дзе нарэшце сапраўдны закаханы! — сказаў сам сабе Салавей. — Ноч у ноч спяваў я пра яго, хоць i не ведаў яшчэ, ноч у ноч я расказваў аб iм зоркам, i вось цяпер бачу яго самога. Валасы ў яго цёмныя, што гiяцынт, вусны чырвоныя, што ружа, якую ён шукае; але каханне зрабiла яго твар бледным, як слановая косць, а пакуты надалi яму мужнасцi».
— Заўтра ўвечары ў Прынца баль, — шаптаў юнак, — i мая каханая будзе сярод гасцей. Калi я прынясу ёй чырвоную ружу, дык абдыму яе. Яна схiлiць галоўку мне на плячо, i мы будзем моцна трымацца за рукi. Але ў маiм садзе няма чырвонай ружы, i я, самотны, буду стаяць у кутку, а яна пройдзе мiма. Яна не заўважыць мяне, i маё сэрца гэтага не вытрымае.
— Вось сапраўдны закаханы, — сказаў Салавей. — Тое, пра што я толькi пяю, для яго боль. О так, каханне — гэта цуд. Яно даражэйшае за смарагд, даражэйшае за цудоўны апал. Яго не купiш нi за гранат, нi за жэмчуг, яно не прадаецца на кiрмашы. Яго не прыдбаеш у краме, не выменяеш на золата.
— На хорах будуць сядзець музыканты, — працягваў малады Студэнт, — i граць на арфах i скрыпках, а мая любая стане танцаваць з такой лёгкасцю, што яе ножкi будуць ледзьве дакранацца паркету. Вакол яе стоўпяцца прыдворныя ў блiскучым адзеннi. Але са мной яна танцаваць не будзе, бо ў мяне няма для яе чырвонай ружы.
I ён упаў нiцма на траву, затулiў твар рукамi i зарыдаў.
— Чаго ён плача? — спытала маленькая зялёная Яшчарка, якая прапаўзала мiма Студэнта, варушачы хвосцiкам.
— Сапраўды чаго? — падхапiў Матылёк, што пырхаў паблiзу ў сонечных промнях.
— Чаго ён? — пяшчотным шэптам пацiкавiлася Стакротка ў свайго суседа.
— Ён плача праз чырвоную ружу, — адказаў Салавей.
— Праз чырвоную ружу? — здзiвiлiся ўсе. — Ах, як смешна!
А крыху цынiчная маленькая Яшчарка проста засмяялася яму ў вочы.
Адзiн толькi Салавей разумеў Студэнтава гора. Ён моўчкi сядзеў на дубе i думаў пра таямнiцы Кахання.
Раптам ён распасцёр свае шэрыя крылцы i ўзвiўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над гаем i, як цень, пранёсся над садам.
Пасярод паплаўца рос прыгожы Куст ружы. Салавей убачыў яго, падляцеў i апусцiўся на галiнку.
— Дай мне чырвоную ружу, — папрасiў ён, — а я табе спяю сваю найлепшую песню.
Але Куст зарыпеў галiнамi.
— Мае ружы белыя, — адказаў ён, — яны белыя, як марская пена, яны нават бялейшыя за снег на горных вяршынях. Ляцi да майго брата, што расце каля старога пясочнага гадзiннiка. Можа, ён цябе выручыць.
I паляцеў Салавей да Куста, што рос каля старога пясочнага гадзiннiка.
— Дай мне чырвоную ружу, а я табе спяю сваю найлепшую песню.