Вячаслаў Адамчык - Урок арыфметыкі стр 2.

Шрифт
Фон

Кабеты з пустымі кашамі, што трымалі на руках, з бітонамі, што віселі ўжо без накрывак за плячыма, падыходзілі да абветранае жанчыны і клалі ў адстаўлены кішэнь фуфайкі памяты рубель.

Жанчына з абветраным тварам даставала з-пад фуфайкі марскую свінку і тыцкала яе вусатаю пыскаю ў белыя канверцікі. Свінка доўга прынюхвалася, доўга шукала чалавечы «лёс» і нарэшце цягнула яго. Кабета брала канверцік, адыходзілася, разгортвала і, шавелячы губамі, чытала. Да яе падбягалі другія і заглядвалі ў паперку.

Мне таксама хацелася ведаць пра свой лёс. Назаўтра я папрасіў у мамы рубель — на сшыткі — і пасля ўрокаў пайшоў на таўкучку.

Абветраная кабета трымала на каленах фанерную скрыначку, але ў ёй, здаецца, яшчэ болей ляжала чалавечых «лёсаў». «Які тут мой?» — падумаў я і кінуў жанчыне ў пусты кішэнь свой мокры ад поту, — бо нёс, заціснуўшы ў руцэ, аж да школы, — рубель.

Свінка не прынюхваючыся выцягнула самую першую і блізкую ад яе паперку. Нікуды не адыходзячыся, я разгарнуў паперку, і перад маімі вачыма нейкай незразумелай радасцю замільгалі дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё…»

I з памяці выплыў прыгожы твар Чаславы Карлаўны — я аж заплюшчыў вочы; твар хіснуўся, як у люстры вады, і згінуў. Нехта трымаў мяне за плячо. Я адкрыў вочы: перада мною стаяла Часлава Карлаўна; нехта ў вайсковай форме, немалады, хмуры, чырвоны ў твары, трымаў яе пад руку. У яго каля грудзей калыхаліся завушніцы Чаславы Карлаўны.

— Што ты тут робіш? Аддай мне гэтую паперку! — Часлава Карлаўна нахмурылася і прытупнула нагою. — І болей ніколі не хадзі сюды.

Я аддаў паперку, так і не дачытаўшы яе да канца.

Часлава Карлаўна згарнула паперку, зажмурылася і разарвала. Я пайшоў, думаючы, што там напісана болей. Услед за мною вецер нёс маленькія кавалачкі — яны круціліся і падалі людзям пад ногі. Я ўспомніў дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё…» — і перад вачыма зноў стаяў прыгожы твар Чаславы Карлаўны, яе цяжкія завушніцы і хмуры муж.

Я ішоў у культмаг слухаць сіні патэфон, як ён спяваў пра цёмную ноч, пра свіст куль у гэтай ночы. Я любіў стаяць каля прылаўка і салодка сумаваць, уяўляючы недзе аднаго сябе ў гэтай страшэнна цёмнай ночы, а потым глядзець на доўгую чаргу, што хісталася, густа збіўшыся каля орсаўскага магазіна, — за хлебам. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей: пачыналіся таўканіна і крык каля дзвярэй. Я ішоў на чыгуначную станцыю: там спыняліся таварнякі, на платформах стаялі ўкрытыя брызентам «кацюшы», у доўгіх саставах везлі палонных немцаў, прыходзіў пасажырскі цягнік: у вокны глядзелі незнаёмыя людзі, да тамбураў беглі местачковыя кабеты, несучы ў талерках вараную бульбу. На перон выходзілі пасажыры, чыталі на будынку вакзала назву станцыі і куплялі цёплую бульбу. Я глядзеў на цягнікі: яны ішлі ў далёкі свет, ля перона яшчэ доўга ўздрыгвалі і ляскалі рэпкі. Я вяртаўся дадому, думаючы пра белыя гарады, куды некалі паеду і я. Над дарогаю калыхаўся, мроіўся ранні верасень. Лятала павуцінне, чаплялася на ўзмежках за сухі быльнік і востра блішчала. Нізка і шумна плылі цераз дарогу зрудзелыя пад восень шпакі. У мяккай сырасці млеў позні шэры дзень. Весялела маладое жыта па ўзгорках. Шчыльна цямнелі лясы за жытам. Пры лясах у лагчыне шарэла нашая вёска, жоўклі бярозы пад хатамі. I мне было дзіўна, што за сінімі лясамі не канчаецца свет, што недзе там стаяць другія вёскі, пад хатамі жоўкнуць бярозы, падае лісце на стрэхі і што недзе там, як і тут пры дарозе, жанчыны ў доўгіх спадніцах капаюць бульбу і гэтаксама стаяць, абапёршыся на капачы, каб адышла спіна. I гэтак цяжка скрыпяць нагружаныя белымі мяхамі вазы, натужваюцца коні, і на іх цмокаюць мужчыны і падштурхоўваюць плячом воз.

Недзе ў мяне за спіною на вечар хілілася сонца і дагарала ў вокнах крайніх хат нашай вёскі, а на грудку за вёскаю, там, дзе было нашае поле, дзе мая мама капала бульбу, мігцела шкельца. Да мяне цягнуліся і рваліся, ніклі і зноў, успыхнуўшы, туга трымцелі тонка-бліскучыя праменні.

Папалуднаваўшы дома, я ішоў на тыя грудкі памагаць маме падносіць кошыкі з бульбай і ссыпаць. Сонца ўжо не было — толькі там, за мястэчкам, дзе яно схавалася, светла чырванела неба. Выразна цямнела над мястэчкам высокая вадакачка. А пасля неба рабілася карычнева-фіялетавае. Мы з мамай сядзелі на мяшках і чакалі падводу.

— Будзе калгас, то ўсім будзе аднолькава… казала мама, і цёмныя патрэсканыя рукі яе ляжалі на прыполе. — А то за калодзеж — адрабляй, за каня — адрабляй…

У нашай вёсцы ўжо гаварылі пра калгасы, і кожнае суботы ціхім чэрствым вечарам, спатыкаючыся ўпоцемку на вуліцы, узбіваючыся на платы, па вёсцы хадзіў старшыня сельсавета і разам з ім, расслабіўшы цёплыя хусткі, настаўніцы з нашае школы.

Аднойчы ў нашую хату старшыня прыйшоў з дырэктарам школы і Чаславай Карлаўнай.

— А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Я сядзеў за сталом — якраз адрабляў урокі.

Я засаромеўся і схаваў пад лаўку босыя ногі. Мама засаромелася таксама — пачырванела і пачала спешна прыбіраць у хаце.

— Нічога, нічога, хадзяйка… — Старшыня агледзеў нашу хату, і вочы яго спыніліся недзе на сцяне, на мамінай яшчэ дзявочай павялічанай фатаграфіі. — Ну, дык як нашчот калгаса, хадзяйка?..

— Як усе добрыя людзі, так і я. — Мама змахнула фартухом з услона. — Во садзіцеся… А я вам скажу, якая з мяне калгасніца… Няхай во багацейшыя — у іх коні ёсцека.

Настаўніца і дырэктар школы таксама разглядалі маміну фатаграфію — мама там яшчэ была прыгожая.

Часлава Карлаўна падышла да стала — лёгкім ветрам дыхнуў на мяне светлы пах яе духоў, і ў мяне, здаецца, закружылася галава.

— Ты рашыў задачу? Помні — яна з двума невядомымі. — Вочы ў яе былі цёмныя і ціха мільгалі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора