Акуліна згорбілася і пайшла.
— Ну, вось, — сказаў настаўнік. — Вось вам і тое, чаго так хацелася вашым бацькам. Тутай сон белоруске элемэнтажэ «Зорка». Хто з вас умее ўжо чытаць па іх?
Данік азірнуўся. Ды і азірацца не трэба, — і так чуваць, як загаманіў, узняў рукі ўвесь клас:
— Я! Я! I я!..
— Праве ўшысцы, — загугніў пан Цаба. — Ну, што ж, пшынаймней, не тшэба мне будзе лішне заўрацаць сабе галаву.
Ён памаўчаў.
— А хто ж вас навучыў? — спытаўся.
Аказалася — каго бацька, каго нават маці, каго — старэйшы брат, а трох — Яна Бусліка, Уладзімежа Чарадоўлу і Шымона Мамоньчыка, як называў іх настаўнік, — навучыў Данель Малец.
— Ты? — спытаўся пан Цаба. — Ану, устань!
Данік устаў і павярнуўся да класа.
— А хто цябе навучыў? Ну, чаго ты ўнурыўся?
Сівы маўчаў, толькі глядзеў на пана спадылба.
— Не повеш? — зноў па-польску спытаўся пан Цаба. — Не повеш? Мысліш, я сам не вем? Ідзь зноў да свэго конта!…
Данік павярнуўся і, па прывычцы, стаў на калені.
Ён не сказаў, не назваў свайго сапраўднага настаўніка. I не скажа. Не пану аб гэтым казаць!..
Чатыры месяцы прайшло з таго дня, калі ў іхняй Галынцы, як і ва ўсіх навакольных вёсках, быў сход, на якім сяляне дамагаліся ад паноў школы на роднай беларускай мове.
У тую нядзелю ў школе было паўнютка людзей. За сталом сядзеў пан Цаба, яшчэ два нейкія паны з мястэчка і пан паліцыянт. Не хто-небудзь іншы, а ён, Данікаў друг Мікола Кужалевіч, паказваў панам вялікі, складзены ўдвая ліст паперы. На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — ПРАТЭСТ.
— Мы, сяляне вёскі Галынка, — чытаў Мікола, — заяўляем пратэст супраць таго, каб нашы дзеці вучыліся не на роднай мове, і патрабуем адкрыць у нас беларускую школу…
Данік ведаў — не хто-небудзь іншы, а ён, Мікола, пісаў гэты пратэст. А падпісала яго ўся вёска — з канца ў канец. Нават і солтыс, Марка Палуян, падпісаў. Маўчаў, чакаў, а ўсё ж такі падпісаўся. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Недзе там, каля самага пачатку, стаяць і маміны крывыя тры крыжы. Пад імі — рукою Міколы — напісана: За непісьменную, па яе просьбе, падпісаўся, а яшчэ ніжэй — рукою Даніка — Д. Малец.
На сход, у школу, малых не пусцілі. Нават ад вокнаў Цаба адганяў. Вокны былі адчынены, і ўсё чуваць было здалёк. Зрэшты, Данік схаваўся за бярозай перад акном і самае важнае бачыў.
— Не трэба нам панская школа. Яна не маці для нашых дзяцей, а мачыха. Ды і мачыхі бываюць куды лепшыя! Не трэба нам і настаўнік, што за аб’едкі з панскага стала запрадаўся панам з душою! Не хочам мы і парадкаў такіх, калі на нашага брата глядзяць, як на быдла, калі кожны цябе папіхае нагою, нібы свіную ражку!.. Мы заяўляем пратэст!..
Так гаварыў тады Мікола. Так гаварылі і другія хлопцы і мужчыны.