Янка Брыль - Сірочы хлеб стр 2.

Шрифт
Фон

Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах.

Маме нехта наказаў, і вось яна прыбегла. Ужо іграў гармонік, і моладзь гуляла польку, з тупатам уздымаючы пыл. Данік ужо не плакаў, а яна ўзяла яго, як малога, на рукі і, хоць ніхто не чуў яе, спачатку люта кляла Палуянаў, а потым да хлопца:

— Ціха ты, ціха, сынок. Не чапай ты іх, я ж гаварыла, няхай іх свая кашуля не чапае. Ціха…

I ён заплакаў зноў, — усё ж такі дзіця.

Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы ўжо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся.

Свайго поля было ў іх няшмат: для такой жняі, як Данікава мама, няма дзе і разгарнуцца. Зося хадзіла ў зажон. Жала чужое, думала пра сваё… А пад восень зрабіла тое, пра што думала, — купіла свайму хлопцу боцікі. Першыя ад роду.

Прынесла іх увечары з мястэчка — чорненькія, бліскучыя, з чырвонымі падэшвамі. I абцасы, і ранты блішчаць, бо насмолены!.. Выйшла, праўда, няладна: бот да бота былі прычэплены дратвай, і са спеху Данік не дратву парваў, а прарваў у адной халяве дзірачку. Мамінага «чымборыка» на гэты раз Сівы нават і не пачуў.

Усю ноч не далі яму заснуць гэтыя новыя боты. Яны віселі, як спакуса, на жэрдцы над палком, на якім хлопец спаў, і, каб не дзірачка ў халяве, гэтак добра было б думаць, што ён ужо вырас вялікі, што ўжо вельмі хутка, праз тры толькі дні, ён пойдзе ў першы клас!

Школа стаяла наводшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Сама старая і ў акружэнні старых бяроз, што засланялі яе ад зімовых вятроў. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Не раз вясною ён глядзеў, як дзеці, што ўжо вучыліся, праскрабалі гэтыя дарожкі ў мураве, пасыпалі іх жвірам і абсаджвалі касачамі. А ўсярэдзіну школы, дзе вучацца, так дагэтуль яму і не ўдалося прабрацца.

Настаўнік, яго ў вёсцы называлі пан Цаба, Даніку не вельмі падабаўся.

Неяк улетку яны, пастушкі, спаткалі яго на пашы. Ішоў ён з-пад рэчкі з трыма вудамі, са збанком і з нейкай торбай за плячыма. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Спыталіся нават, ці хутка ўжо ў школу.

— Яшчэ будзе тры нядзелькі ды тады ў чвартэк, — сказаў настаўнік.

Потым пан Цаба паглядзеў на Даніка і спытаўся па-беларуску:

— А чый гэта такі Іванка, га?

— Ён не Іванка, ён Данік, — адказалі старэйшыя хлопцы. — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата.

— Дык, значыцца, ты — пан Даніла Малец, — засмяяўся настаўнік. — Ты таксама прыйдзеш вучыцца. Ходзь ту, не буй сен. — Ён узяў хлопца за плячук і падцягнуў бліжэй да сябе. — А які ж ты, пане Малец, сівы, мурзаты, нястрыжаны!..

Пастушкі засмяяліся.

— Ну, дык хочаш вучыцца?

Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў:

— Ыгы.

— Не ыгы, а хачу. А рыбу вудзіш?

— Хачу.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке