Выцягнулі апошні човен і прынесьлі да дрэваў. Склалі пад ім рэчы, непатрэбныя ці надта цяжкія. I пакінулі Парт Гален. Сутонела, калі вярнуліся да месца гібелі Бараміра. Там знайшлі оркаў сьлед. Тое сталася няцяжкім.
– Аніякае іншае племя гэтак ня топча, – абурыўся Ляголас, – ім у радасьць папаламаць, папасекчы ўсё жывое, што толькі трапляецца, хоць бы й не на самім шляху, а побач.
– Але пры тым яны рушаць зь вялікай хуткасьцю, – заўважыў Арагорн, – і не стамляюцца. Пазьней, калі патрапім на камяністае ўзгор'е, шукаць шлях будзе цяжэй.
– Ну, дык за імі! – выгукнуў Гімлі. – Гномы таксама здольныя рушыць хутка й не стамляцца, лепш за оркаў. Але пагоня будзе доўгая – оркі далёка наперадзе.
– Так, – пагадзіўся Арагорн, – усім нам спатрэбіцца цягавітасьць гномаў. У пагоню! З надзеяю ці безь яе мусім гнацца за ворагамі! I гора ім, калі дагонім! Тады пра нашую пагоню складуць паданьні. Тры вольныя народы: эльфы, гномы й людзі! Наперад, тры паляўнічыя!
Ён ускочыў, нібы алень, пабег між дрэваў. Упэўнена рушыў, нястомны й спрытны, бо цяпер ён вырашыўся й сумневы засталіся за сьпінай. Неўзабаве застаўся за сьпінай і прыазёрны лес. Хутка пагоня рушыла па доўгіх схілах, цёмных, акрэсьленых барвовым вогнішчам захаду. Спусьцілася цемра. Перасьледнікі беглі празь яе шэрымі ценямі сярод камянёў.
Пашчыльнеў змрок. Паміж дрэваў папоўз туман, завіўся над бледнымі ўскрайнамі Андуйну, але нябёсы заставаліся чыстымі. Высыпалі зоры. Васковы месяц узьняўся на захадзе, і ад камянёў пацягнуліся чорныя цені. Падарожнікі сягнулі ўзножжа грады камяністых пагоркаў, і хада іхняя запаволілася, бо цяжэй стала адшукваць сьлед. Тут пагор'е Эмін Мюйлу цягнулася з поўначы на поўдзень двума доўгімі няроўнымі грабянямі. Заходні бок кожнага быў стромы й недаступны, усходні – болей спадзісты, расколаты мноствам вузкіх лагчынаў і цясьнінаў. Усю ноч тры перасьледнікі караскаліся па скалах і схілах, забіраючыся на першы, найвышэйшы, хрыбет ды спускаючыся ў доўгую, зьвілістую, глыбокую й цьмяную даліну, якая аддзяляла яго ад другога хрыбта.
Там у прахалодны сьвітальны час крыху адпачылі. Маладзік схаваўся за горамі, але зоры блішчэлі над галавою, бо першыя сонечныя промні яшчэ не адолелі цьмянага хрыбта. Пакуль што й Арагорн ня мог адшукаць орцкага сьледу: той спускаўся ў даліну й губляўся там.
– Куды ж яны павярнулі? – спытаў Ляголас. – На поўнач – просты шлях да Ізенградку ці Фангарну. Мяркуеш, тое была іхняя мэта? Ці яны рушылі на поўдзень, каб сягнуць Энтуі?
– Куды б яны ні кіраваліся, да ракі ім ходу няма, – адказаў Арагорн. – І калі ня ўсё яшчэ зруйнавалася ў Рохане й моц Сарумана не нашмат большая, чым я мяркую, оркі пабягуць праз роханскі стэп найкарацейшай дарогаю, якую толькі знойдуць. Пашукайма на поўначы!
Даліна цягнулася, быццам каменная канава паміж вызубранымі хрыбтамі, а на дне яе, між валуноў, высочваўся кволы струменьчык. Праваруч навісала скала, а леваруч уздымаліся схілы, цьмяныя й аднолькава шэрыя ў начным змроку. Па даліне прайшлі вярсту ці дзьве на поўнач. Арагорн, нахіліўшыся да зямлі, вышукваў сьляды па лагчынах і цясьнінах заходніх схілаў. Ляголас рушыў наперадзе. Зьнянацку ён зьдзіўлена выгукнуў, і сябры кінуліся да яго.
– Каго-нікаго з тых, за кім гналіся, мы ўжо напаткалі, – сказаў эльф. – Зірніце!
Паказаў рукой, і астатнія раптам зразумелі, што цёмныя кучы пад схілам, якія спачатку падарожнікі прынялі за валуны, – гэта целы: пяць оркаў, пасечаных мноствам жорсткіх удараў, два – абезгалоўленыя. Зямля навокал намокла ад іхняй чорнай крыві.
– Вось і яшчэ загадка! – заўважыў Гімлі. – А каб адказаць, патрэбнае дзённае сьвятло, ды якраз яго мы чакаць ня можам.
– Якую адгадку тут ні прыдумаеш, усё нам на карысьць, – прамовіў Ляголас. – Ворагі оркаў – напэўна ж, нашыя сябры. Ці жывуць якія людзі на гэтым пагор'і?
– Не, – адказаў Арагорн. – Рахірымы зрэдку заяжджаюць сюды, а Мінас Тырыт надта далёка. Можа быць, нейкая суполка людзей палявала тут зь невядомай нагоды. Але ж, найхутчэй, гэта не паляўнічыя.
– А хто? – пацікавіўся Гімлі.
– Оркі. Яны самі сабе ворагі, – патлумачыў Арагорн. – Забітыя – толькі оркі з поўначы, сярод іх аніводнага вялікага орка зь дзіўнымі пазнакамі. Напэўна, пасварыліся й пабіліся – звычайная рэч сярод гэтага нячыстага племені. Мо паспрачаліся, які шлях абраць.
– Або што рабіць з палоннымі, – дадаў Гімлі. – Будзем спадзявацца, што яны перажылі гэтую свару.
Арагорн абшукаў мясцовасьць навокал, але аніякіх іншых прыкметаў бойкі не знайшоў. Тады крочылі далей. Ужо нябёсы на ўсходзе пабляклі й паціху разьлівалася шэрае сьвятло. Крыху далей на поўнач напаткалі расколіну, па якой маленечкая крынічка, саскокваючы з камянёў і віючыся, прабіла шлях па камяністым дне. Ля яе там-сям рос вербалоз ды купінкі травы на схілах.
– Нарэшце! – уздыхнуў з палёгкай Арагорн. – Вось і сьляды, якія мы шукалі. Уверх, уздоўж крыніцы – туды оркі рушылі пасьля спрэчкі.
Спрытна пагоня скіравалася па сьлядох. Нібы пасьля добрага начнога адпачынку, жвава скакалі сябры з каменя на камень. Сягнулі вяршыні, самага краю шэрага хрыбта, і нечаканы вецер узварушыў валасы, зашкуматаў плашчы – халодны подых раніцы.