Пашукаў у кучы й навокал і знайшоў даволі шмат цэлых стрэлаў – значна даўжэйшых за тыя, якімі звычайна карыстаюцца оркі. Зірнуў на іх уважліва. А Арагорн тым часам аглядаў забітых.
– Тут шмат хто ня з Мордару, – вымавіў нарэшце. – Калі я нешта разумею ў орках, дык некаторыя – з поўначы, з Туманных гор. А гэтыя ўвогуле незнаёмыя. I зброя іхняя зусім ня орцкая!
Сярод забітых ляжалі чатыры оркі, нашмат буйнейшыя за астатніх: смуглявыя, касавокія, таўстаногія й дужарукія. Узброеныя кароткімі шыракалёзымі мечамі, а не звычайнымі крывымі шаблямі, а таксама цісавымі лукамі, падобнымі да людзкіх даўжынёю й выгінам. На іхніх тарчах быў дзіўны знак, маленькая белая рука пасярод чорнага поля, а на перадках жалезных шаломаў – выбітая руна "С", вырабленая зь нейкага белага мэталу.
– Ня бачыў я раней гэткіх пазнакаў, – падзівіўся Арагорн. – Што ж яны гавораць?
– "С" – Саўрон, – сказаў Гімлі. – Здагадацца ня цяжка.
– Не, – запярэчыў Ляголас, – Саўрон эльфскімі рунамі звычайна не карыстаецца.
– Як і сапраўдным імем, – дадаў Арагорн, – і не дазваляе яго ані пісаць, ані вымаўляць. I белая фарба – не ягоная. Оркі Барад-дуру носяць Чырвонае Вока.
Арагорн змоўк на хвіліну, раздумваючы.
– Падаецца мне, "С" – гэта "Саруман", – вымавіў нарэшце. – Ліха вырасла ў Ізенградку, і Захад у вялікай небясьпецы. Як і баяўся Гэндальф, здраднік Саруман неяк вызнаў пра нашую вандроўку. Хутчэй за ўсё, выведаў ён і пра Гэндальфаў лёс. Оркі з Морыі маглі прасачыцца за лорыйнскія дазоры ці ўвогуле абысьці гэтую краіну й сягнуць Ізенградку іншымі шляхамі. Оркі вандруюць хутка. А Саруман мае й іншыя крыніцы навінаў. Памятаеце птушак?
– Ну, цяпер няма часу ламаць галаву над загадкамі, – буркнуў Гімлі. – Трэба несьці Бараміра прэч адсюль!
– Але потым усё адно давядзецца разгадваць загадкі, калі мы жадаем правільна абраць наш шлях.
– Мо правільна абраць і немагчыма? – адказаў Гімлі.
Гном сякераю сьсек некалькі сукоў. Іх зьвязалі лучнымі струнамі й пасьцялілі на каркас плашчоў. На гэтых грубых насілках прынесьлі цела паплечніка да берагу, разам з тымі трафеямі ягонай бойкі, якія абралі для апошняга плаваньня разам зь ім. Бераг ляжаў недалёка, але несьці было нялёгка – Барамір быў высокі й надта крэпкі.
Арагорн трымаў варту ля нябожчыка, пакуль Ляголас з Гімлі сьпяшаліся да Парт Галену пехатою. Датуль было зь вярсту ці крыху болей, прайшло колькі часу, пакуль яны вярнуліся, выграбаючы ўздоўж берагу.
– Дзівосныя рэчы, – распавёў Ляголас. – На беразе толькі два чоўны. I аніякіх прыкметаў трэцяга.
– Оркі? – перапытаў Арагорн.
– Не, ані сьледу іх, – адказаў Гімлі. – Ды яны забралі б чоўны ці панішчылі б, дый пакладу таксама.
– Трэба будзе праверыць глебу там, калі вернемся, – вырашыў Арагорн.
Бараміра апусьцілі на дно чоўна, прызначанага для ягонага апошняга падарожжа. Шэры эльфскі плашч скаталі й падклалі ваяру пад галаву. Прычасалі доўгія цёмныя валасы й расправілі па плячох. Паправілі залаты лорыйнскі пас, паклалі побач зь нябожчыкам шалом, а на калені – расьсечаны надвая рог ды кавалкі паламанага меча. У нагах склалі мечы пабітых ворагаў. Пасьля прывязалі нос чоўна да кармы другога й сьпіхнулі ў ваду. Выграблі ўздоўж берагу за зялёную прастору Парт Галену. На стромых берагах Тол Брандыру зьзяла сонца, бо дзень хіліўся да надвячорку. А далей на поўдзень смуга Рэрасу ўздымалася й зьзяла зіхоткім золатам. Роў і грукат вадаспадаў трос паветра.
Сумна й тужліва адчапілі вандроўнікі пахавальны човен. Барамір ляжаў спакойны й нерухомы, родная яму рака хутка мкнула міма. I вось плынь падхапіла яго й панесла прэч, пакуль жывыя сябры падграбалі, каб прыпыніць свой човен. Барамір мінуў іх, і неўзабаве пахавальны човен аддаліўся, зрабіўся цёмнаю кропкаю ў залатым зьзяньні. I зьнянацку зьнік. А Рэрас роў па-ранейшаму, быццам анічога не адбылося. Рака забрала Бараміра, сына Дэнэтара, і аніколі болей ня ўбачылі яго ў Мінас Тырыце, не прыкмецілі ягонай постаці наверсе Белай вежы, як звычайна раніцою. Хоць шмат гадоў пасьля распавядалі, што эльфскі човен мінуў вадаспады й пенныя віры за імі й пранёс Бараміра да Азгіліяту, а за ім – праз адну з шматлікіх сутокаў Андуйну вынес у Вялікае мора, у спрадвечную пад зорамі ноч.
Пэўны час тры паплечнікі маўчалі, праводзячы Бараміра позіркамі.
– Яго будуць выглядаць зь Белай вежы, – вымавіў нарэшце Арагорн, – але ён ня вернецца ані з гор, ані ад мора.