Киплинг Редьярд Джозеф - Казки (на белорусском языке) стр 20.

Шрифт
Фон

Тады ўскрыкнула Лятучая Мыш - маленькая Лятучая Мыш, якая вiсела дагары нагамi каля ўвахода ў Пячору:

- О Гаспадыня мая, Жонка майго Гаспадара, Мацi Гаспадарскага Сына! З Дзiкага Лесу прыйшло Дзiкае Стварэнне, i як слаўна яно гуляе з тваiм Дзiцём!

- Дзякуй Дзiкаму Стварэнню, - сказала Жанчына, разгiнаючы спiну. - У мяне так многа работы, а яно зрабiла мне вялiкую паслугу.

I вось, мiлы хлопчык, не паспела яна сказаць гэта, як у тую самую хвiлiну i ў тую самую секунду - бух, бух! - падае конская скура, якая вiсела хвастом унiз каля ўвахода ў Пячору (гэта яна ўспомнiла, што ў Жанчыны з Катом была ўмова), i не паспела Жанчына падняць яе, а Кот вунь ужо сядзiць у Пячоры, усеўся зручней i сядзiць.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паглядзi: я тут. Ты пахвалiла мяне - i вось я тут i буду сядзець у Пячоры векi вечныя. Але ўсё ж запомнi: я, Кот, хаджу куды ўздумаю, гуляю сам сабою.

Жанчына вельмi раззлавалася, але прыкусiла язык i села за праснiцу прасцi.

Але Дзiцянё заплакала зноў, бо Кот пайшоў ад яго; i Жанчына не магла яго суняць: яно бiлася, тузала ножкамi i ўсё пасiнела ад крыку.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паслухай, што я скажу табе: вазьмi адарвi кавалачак нiткi ад той, якую ты прадзеш, прывяжы да яе сваё верацяно, i я так начарую табе, што Дзiця ў тую ж хвiлiну засмяецца i будзе смяяцца мацней, чым плача цяпер.

- Добра, - сказала Жанчына, - я ўжо зусiм страцiла галаву. Але помнi: дзякаваць табе я не буду.

Яна прывязала да нiткi глiнянае верацяно i пацягнула яго па падлозе, i Кот пабег за iм, i хапаў яго, i куляўся, i кiдаў яго сабе на спiну, i лавiў яго заднiмi лапамi, i знарок адпускаў яго, а потым кiдаўся наўздагон, - i вось Дзiцянё засмяялася яшчэ мацней, чым плакала; яно поўзала за Катом па ўсёй Пячоры, i забаўлялася, i рагатала, пакуль не стамiлася i не задрамала разам з Катом, абняўшы яго ручкай.

- А цяпер, - сказаў Кот, - я спяю яму песню, залюляю яго на гадзiнку.

I як пачаў ён мурлыкаць то гучней, то цiшэй, то цiшэй, то гучней, Дзiцянё i заснула моцным сном.

Жанчына паглядзела на iх на абодвух i з усмешкай сказала:

- Вось гэта добра! Што б там нi было, а ўсё ж ты, Кот, разумнiк.

Не паспела яна дагаварыць - пффф! - дым ад Агню хмарамi пачаў клубiцца ў Пячоры: гэта ён успомнiў, што ў Жанчыны з Катом была ўмова. I калi дым разышоўся, - зiрк, Кот сядзiць каля агню, усеўся зручней i сядзiць.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паглядзi: я тут. Ты зноў пахвалiла мяне, i вось я тут, каля цёплага ачага, i адсюль я не пайду на векi вечныя. Але ўсё ж запомнi: я, Кот, хаджу куды ўздумаю i гуляю сам сабою.

Жанчына вельмi раззлавалася, распусцiла валасы, падкiнула дроў у агонь, узяла барановую костку i пачала зноў чараваць, каб як-небудзь незнарок трэцi раз не пахвалiць гэтага Ката.

Але цяпер, мой мiлы хлопчык, у Жанчыны не было песень, яна чаравала пацiху, - i вось у Пячоры зрабiлася так цiха, што нейкая Крошка Мышка выскачыла з кутка i цiхенька пачала бегаць па падлозе.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - гэта ты начаравала так, каб Мышка выбегла з нары?

- Ай, ай, ай! Не! - закрычала Жанчына, выпусцiла костку i ўскочыла на лавачку, што стаяла каля агню, i хутчэй падабрала свае валасы, каб Мышка не ўзбегла па iх.

- Ну, калi ты не зачаравала яе, - сказаў Кот, - мне не пашкодзiць яе з'есцi.

- Вядома, вядома, - сказала Жанчына, заплятаючы касу. - З'еш яе хутчэй, i я век буду ўдзячна табе.

Адным скачком злавiў Кот Мышку, i Жанчына ўскрыкнула шчыра:

- Дзякуй табе тысячу разоў! Сам Першы Друг ловiць Мышэй не так хутка, як ты. Ты, мабыць, вялiкi разумнiк.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги