Всего за 9.95 руб. Купить полную версию
Нарэшце яны наблізіліся да берага на такую адлегласць, што рукі пачалі даставаць зямлю. Але стаць усё роўна было немагчыма – зараз жа ногі правальваліся ў багну.
– Што ж цяпер рабіць? – разважаў Віктар, калі прыпыніўся апошні раз на кусце. – Ні плысці, ні ісці нельга.
– Значыцца, трэба паўзці на руках, – сказаў Мірон, выпрастаўся нерухома на вадзе і лёгка паплыў, перабіраючы рукамі па зямлі.
За ім пусціўся Віктар.
– Ну як? Цяпер Архімед дапамагае? – спытаў Мірон.
Каб выправіць сваю папярэднюю памылку і паказаць, што ён не горш за Мірона разумее гэтае пытанне, Віктар паспяшаўся даць тлумачэнне:
– Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.
Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі – ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце. Хоць ты назад вяртайся!
Яны чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Паступова яны набралі ў рукі па цэлай вязанцы сухога чаротніку і галля, а затым Віктар выступіў з канкрэтнай прапановай:
– Калі мы не можам паўзці, абапіраючыся на рукі, то паспрабуем паўзці, абапіраючыся на вязанкі, вось так…
Моцна трымаючы дзвюма рукамі вязанку, ён закінуў яе наперад, а потым падцягнуўся да яе ўсім целам. Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.
Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.
– А тут было б зусім нядрэнна, калі б… – пачаў Віктар млявым голасам.
– Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, – згадзіўся Мірон. – Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, – мы зробімся муміямі.
– Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, – засмяяўся Віктар.
– Ды і табе не лепш будзе, – адказаў Мірон. – Трэба змыць гэтую гразь.
Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:
– Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.
– Трэба, – пацвердзіў Віктар.
І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:
– Нічога не зробіш, трэба ўставаць.
– Трэба, – пацвердзіў Мірон.
І зноў абодва засталіся ляжаць.
Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:
– Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!
– Два! – падхапіў Віктар.
А «тры» не сказаў ні той, ні другі – так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.
Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.
Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.
Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.
– Эх, шкада дабра! – уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. – Дзе яго цяпер возьмеш?
– І добра! – сказаў Мірон. – Прынамсі, курыць адвыкнеш.
– Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.