Всего за 9.95 руб. Купить полную версию
Узялі два сухія кавалкі і пачалі церці адзін аб адзін. Церлі доўга, цярпліва, некалькі разоў мяняліся. Але агню не было. Праўда, кавалкі так нагрэліся, што дакрануцца да іх нельга было. Але да агню было яшчэ далёка.
– Пачакай! – крыкнуў Віктар. – Трэба ж падрыхтаваць сухой губы і іншай трухі. Само дрэва полымем не загарыцца.
– Ведаю я гэта, – адказаў Мірон, – але пакуль што няма ад чаго губу запальваць. Гэтыя трэскі толькі награюцца – і ўсё. Як жа яны запальваюцца? Няўжо не памятаеш? Ты, мусіць, не раз чытаў.
– А ты не чытаў? Чаму ж ты не ведаеш?
– Ды неяк не звяртаў увагі на падрабязнасці. Пішуць, што труць і круцяць, а як – не цікавіўся.
– Каб ведаць, што яно спатрэбіцца… – уздыхнуў Віктар.
– Не ўмеем мы ўважліва чытаць кнігі, – з роздумам сказаў Мірон, – столькі разоў чытаў, а як – не заўважыў.
– Лепш тады выбіць агонь крэменем, – прапанаваў Віктар.
– Вядома, лепш, каб яго знайсці, – згадзіўся Мірон.
Але дзе там было знайсці крэмень сярод балота!
Думка аб тым, што агню здабыць не ўдасца, зусім збянтэжыла хлопцаў. На момант яны адчулі, што ім нічога не хочацца рабіць, што іх нішто не цікавіць і што сонца ўжо не грэе. Але праз хвіліну Віктар крыкнуў:
– Падрыхтуй ты чаго-небудзь сухога на распал, а я буду церці хоць цэлы дзень. Галоўнае – не спыняцца.
Сцяўшы зубы, ён зноў пачаў церці – моцна, упарта, доўга. Кроплі поту падалі на дрэва і бадай што сіпелі ад гарачыні, а дыму не было. Нарэшце абодва кавалкі пакрышыліся ў руках. Віктар злосна кінуў іх і пачаў выціраць лоб.
– А можа, і загарэлася б, каб дрэва было цвярдзейшае, – нерашуча прамовіў Мірон.
Віктар толькі рукой махнуў:
– Дзе там! Каб туды ішло, то была б хоць якая-небудзь іскра ці дымок. А тут толькі гарачыня – і больш нічога.
– Але ў кнігах пішуць…
– Хай бы той сам паспрабаваў, хто піша, – сказаў Віктар, цяжка дыхаючы.
Ён стаяў, апусціўшы рукі, нібы толькі што вылез з вады. Мірон ніколі не бачыў у свайго прыяцеля такога выразу твару, як цяпер: гэта быў не жыццярадасны юнак, а сталы мужчына з суровым тварам і складкамі на лбе. Віктар нешта абдумваў. Затым цвёрдымі крокамі падышоў да зайца, падняў яго і пачаў разглядаць, адхіляючы пальцамі ў некаторых месцах поўсць.
– Што ты хочаш рабіць? – з жахам спытаў Мірон, здагадваючыся, у чым справа.
– Тое, што зрабіў бы на нашым месцы кожны разумны чалавек, – спакойна адказаў Віктар і, набраўшыся духу, нібы збіраўся кінуцца галавой у палонку, запусціў зубы ў спіну зайца…
Трэба адзначыць, што ў адным выпадку «геройства» Віктара было не ў тым, што ён з голаду адважыўся пакаштаваць сырога мяса, а ў тым, што ён аднымі толькі зубамі, праз поўсць і скуру, дабраўся да гэтага мяса. Гэта была вельмі цяжкая, складаная і непрыемная аперацыя…
– Ну, як? – затаіўшы дыханне, запытаўся Мірон, калі Віктар нарэшце адкусіў і праглынуў кавалак.
– Пакаштуй, – адказаў Віктар і працягнуў яму зайца.
Мірон нерашуча ўзяў, пакруціў яго, нацэліўся быў укусіць, але адклаў.
– Не, – прашаптаў ён, – не магу. Пакуль яшчэ не паміраю – пачакаю.
Віктар усміхнуўся.
– Не скажу і я, каб смачна было. І кусаць другі раз таксама пачакаю. Думаю, пакуль што і гэты кавалак што-небудзь дасць для арганізма. Але ўсё ж такі лічу за лепшае з'есці сырога мяса, чымся паміраць. Ну, смялей!
– Пачакай крыху, паспею, – прамовіў Мірон і зноў палажыў зайца на зямлю.
– Не надта паспееш, – сур'ёзна сказаў Віктар. – Калі доўга будзеш чакаць, то мяса і сапсавацца можа.
– Хоць трошкі пачакаем, – адмаўляўся Мірон, – а пакуль паспрабуем яшчэ іншым спосабам. Я там бачыў добрую палку.
Ён прынёс сухую гладкую альховую палку і падаў Віктару.
– Пастарайся завастрыць яе, а я пайду пашукаю яшчэ што-небудзь.
Віктар, не доўга думаючы, пусціў у ход свае зубы.